“Ваенная” тэматыка зноў сярод прыярытэтаў. Шырокiя даследаваннi па ваенна-тэхнiчнай тэматыцы i тэхналогiях двайнога прызначэння ў блiжэйшыя гады будуць аднымi з прыярытэтных кiрункаў работы Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi.

“Першыя крокi Прэзiдыумам НАН зроблены — праведзены сумесныя пасяджэннi з калегамi з Мiнабароны i Дзяржваенпрама... Намечаны асаблiвыя кiрункi, чакаецца вялiкая работа”, — гаворыць старшыня Прэзiдыума НАН Мiхаiл Мяснiковiч.
У 90-х гадах навуковыя работы ў гэтай сферы, па яго словах, былi “неапраўдана згорнуты”. Мiж тым у Беларусi ў свой час былi сфармiраваны грунтоўныя навуковыя школы. Вяртанне iнтарэсу звязана з тым, што “гэтая тэматыка актуальна, запатрабавана i мае добрыя перспектывы”.
Апошнiя вучэннi пацвердзiлi, што беларуская армiя мае высокую баяздольнасць. Аднак узбраенне i ваенная тэхнiка патрабуюць бесперапыннай мадэрнiзацыi. “Акрамя гэтага, — адзначыў Мiхаiл Мяснiковiч, — ваенна-тэхнiчная дзейнасць — гэта рэальны рахунак экспарту”. Зыходзячы з гэтага, “плануемыя праграмы будуць у прыярытэтным парадку выдзяляцца i фiнансавацца”.
Курыраваць гэту тэматыку старшыня Прэзiдыума НАН даручыў гендырэктару Аб’яднанага iнстытута праблем iнфарматыкi Сяргею Абламейку. Гэта навуковая ўстанова ў апошнi час была звязана з рэалiзацыяй большасцi гучных нацыянальных праграм. У iнстытуце сумесна з расiянамi стваралi суперкамп’ютэр “СКIФ”, а цяпер кiруюць работай суперкамп’ютэрнага цэнтра. Акрамя гэтага, спецыялiсты ўдзельнiчаюць у рэалiзацыi саюзнай праграмы “Космос—СГ”, скiраванай на выкарыстанне фотаiнфармацыi касмiчных спадарожнiкаў для вырашэння народнагаспадарчых задач. Робяць пэўны ўклад вучоныя iнстытута i ў фармiраванне Беларускай сiстэмы касмiчнага зандзiравання Зямлi, для стварэння якой будзе запушчаны першы беларускi касмiчны спадарожнiк.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter