І творыцца цуд

Сярод аўтарскіх лялек на выставе можна пабачыць элегантных спадарынь і добрага казачніка
Сярод аўтарскіх лялек на выставе можна пабачыць элегантных спадарынь і добрага казачніка

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва на тры тыдні пасяліліся аўтарскія лялькі. Там ёсць модніцы-дзяўчынкі, элегантныя спадарыні, нават добрага казачніка сустрэнеш. Шмат фантазіі, нават чараўніцтва, ужо не кажучы пра арыгінальныя рашэнні. Дарослыя з “Майстэрні аўтарскай лялькі”, не гуляюць са сваімі творамі — яны імі… самасцвярджаюцца і змагаюцца за перамогу. Бо праект “Цудоўная лялька” — гэта адначасова і конкурс майстэрства. Тытулы ж пераможцам будуць надавацца такія: “Самая чароўная лялька”, “Дэбютная лялька”, “Самы чароўны ўбор”. Экспанаты, якія спадабаліся наведвальнікам, могуць перасяліцца і да іх у калекцыю, прычым без чараўніцтва: за грошы.
Кіруе ж “Майстэрняй аўтарскай лялькі” рэстаўратар і педагог-мастак па адукацыі Ірына Ражко. Яна неаднаразова ўдзельнічала ў лялечных выставах і салонах, у тым ліку міжнародных. З 2005 года Ірына Мікалаеўна выкладае ў школе лялечнага дызайну. Дарэчы, пад яе кіраўніцтвам цяпер асвойваюць тэхналогію вырабу лялек школьнікі, студэнты, пенсіянеры – усе, хто толькі пажадае навучыцца рабіць такія цуды. А сама спадарыня Ірына лялькі творыць больш за 10 гадоў, і яе арыгінальныя работы ёсць у Музеі лялек у Санкт-Пецярбурзе, у прыватных калекцыях Расіі, Беларусі, ЗША, Ізраіля, Германіі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter