І тут зазваніў тэлефон

Не паспелі абітурыенты выдыхнуць пасля іспытаў па матэматыцы, як ужо ў панядзелак згодна з раскладам прайшло чарговае выпрабаванне — па гісторыі Беларусі
Не паспелі абітурыенты выдыхнуць пасля іспытаў па матэматыцы, як ужо ў панядзелак згодна з раскладам прайшло чарговае выпрабаванне — па гісторыі Беларусі, якую здавалі каля 17 тысяч чалавек. Сёння на чарзе хімія. За 120 хвілін хлопцы і дзяўчаты дадуць адказы на 50 тэставых заданняў. Далей — фізіка, замежныя мовы, сусветная гісторыя найноўшага часу і геаграфія. Завершыцца тэсцiраванне ўжо на гэтым тыдні, 27 чэрвеня.

Аналізуючы большую частку экзаменаў, якія ўжо прайшлі, дырэктар РІКВ Мікалай Фяськоў запэўнiвае, што тэсцiра-ванне ідзе ў штатным рэжыме. Лік тых, хто не з’явіўся ў аўдыторыі, як і ў мінулым годзе, вагаецца ў межах 3—5 працэнтаў. Прычым, як і раней, па  пропусках лідзіруюць дакладныя прадметы, такія, напрыклад, як матэматыка.

А вось па ліку парушальнікаў, якіх пакуль 7 чалавек, цяперашняя ўступная кампанія будзе выглядаць значна лепш ранейшых. Калі ўспомніць ЦТ-2014, па выніках шасці экзаменаў аўдыторыі пакінулі 18, а годам раней — больш за 30 чалавек. Затое прычына, па якой абітурыенты пазбаўляюць сябе магчымасці ўдзельнічаць ва ўступнай кампаніі, застаецца ранейшай — гэта шпаргалкі і мабільныя тэлефоны.

Такіх, распавёў намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў, толькі ў Белдзяржуніверсітэце было два выпадкі. І абодва на экзамене па рускай мове. У аднаго маладога чалавека ў разгар экзамену проста зазваніў тэлефон. «Нават калі ён ім і не скарыстаўся, гэта ўжо парушэнне, — нагадвае Вячаслаў Малафееў. — Дарэчы, ва ўсіх пунктах правядзення ЦТ ёсць спецыяльныя месцы для захоўвання рэчаў, у тым ліку сродкаў мабільнай сувязі». А вось другі хлопец, паводле яго слоў, напэўна, зрабіў «званок сябру» ў час, калі выходзіў у туалет. Зрэшты, пакаранне для абодвух парушальнікаў было аднолькавым — іх вынікі анулявалі, і блі-жэйшая ўступная кампанія, у якой яны змогуць зноў паўдзельнічаць, адбудзецца толькі ў наступным годзе.

Дарэчы, экзамен па рускай мове пакуль застаецца лідарам па ліку выдаленых абітурыентаў — іх было пяцёра. А вось у час здачы іспытаў па матэматыцы, аднаго з самых складаных экзаменаў ЦТ, аўдыторыі пакінулі ўсяго два чалавекі. Астатнія экзамены, як і іспыты па гісторыі Беларусі, былі проста ўзорнымі.

Нагадаем, што ў гэтым годзе рэзервовым днём вызначана 2 ліпеня. Тыя, хто меў сур’ёзную прычыну, каб не ўдзельнічаць у нейкім з экзаменаў ЦТ, павінны зарэгістравацца на яго з 26 па 29 чэрвеня ў Белдзярж-універсітэце, Беларуска-Расій-скім універсітэце, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, ГрДУ імя Янкі Купалы, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце ці Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога.
     
veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter