Фальклорны калектыў пад незвычайнай назвай вядомы не толькі на Беласточчыне

“Цаглінкі” з глыбінкі

Фальклорны калектыў пад незвычайнай назвай вядомы не толькі на Беласточчыне

Нехта можа здзівіцца: адкуль у польскага мастацкага калектыву, які мае ў рэпертуары шмат народных беларускіх песень, такая “прамысловая” назва? Артысты-самадзейнікі пад час нядаўніх выступленняў у Мінску адкрылі сакрэт. Аказваецца, раней у Старым Ляўкове, цяпер гэта Падляскае ваяводства Польшчы, рабілі будаўнічую кераміку. А калі рабочыя і адміністрацыйныя працаўнікі таго прадпрыемства, а таксама мясцовыя настаўнікі і лекары, падлеткі і пенсіянеры ў 1976-м стварылі спеўны гурт, вырашылі назваць яго: “Цаглінкі”. Арыгінальна! У рэпертуары былі старадаўнія песні. І паколькі Старое Ляўкова — на этнічна-культурным памежжы, то ўслед за беларускімі ды польскімі спевамі пачалі выконваць украінскія, рускія. Калектыў мяняўся, рэпертуар папаўняўся новымі, вернутымі з забыцця творамі.

Гурт “Цаглінкі” са Старога Ляўкова

Цяпер у фальклорным ансамблі, расказвалі госці, 24 аматары народнай песні. Спяваюць “прыгожымі, натуральнымі галасамі”. Кіруе самадзейнымі артыстамі Мікола Мяжэнны, вядомы на Падляшшы і за яго межамі музыка-акардэаніст, знаўца фальклору. Амаль за 40 гадоў існавання “Цаглінкі” далі больш за 800 канцэртаў: майстар-класы і фэсты, конкурсы, святы, абрадавыя дзеі…

За майстэрства, згадвалі госці Мінска, яны маюць мноства ўзнагарод — гэта дыпломы, у тым ліку і ад Міністра культуры Польшчы, кубкі, ганаровыя граматы. У 2010-м “Цаглінкі” занялі першае месца на Агульнапольскім фестывалі ў Быдгашчы, у 2011-м — ушанаваны калектыўным знакам “За заслугі перад польскай культурай”, у 2012-м — атрымалі Гран-пры ХV Агульнапольскага мастацкага агляду творчасці самадзейнікаў старэйшага пакалення. А потым і на XVI аглядзе занялі другое месца, таксама ганаровае. Багаты рэпертуар, віртуознасць і адухоўленасць, нават харызматычнасць, з якой выконваюць артысты са Старога Ляўкова народныя песні, зачароўваюць многіх слухачоў.

Калектыў часта выступае не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі, Літве, Украіне. І не пералічыць беларускія гарады і мястэчкі, у якіх пабывалі гэтыя стараляўкоўцы. Выступалі на Х Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне, у пансіянаце-курорце “Рудня” і пансіянаце “Юнацтва” на Міншчыне, на свяце “Крыніца — грыбоў сталіца” ў Шарашове Пружанскага раёна, на ІІІ абласным экафестывалі “Гамоняць пушчы беларускія…” у Свіслачы, у дамах для састарэлых... Разам з беларускім гуртом “Вербніца” далі канцэрт і ў Мінску — для сяброў таварыства “Радзіма”. Такое творчае супрацоўніцтва, безумоўна, будзе спрыяць умацаванню сувязяў беларусаў Польшчы з супляменнікамі на Бацькаўшчыне, прадоўжыць даўнія традыцыі беларуска-польскага сяброўства.

Ірына Лемцюгова, супрацоўніца Інстытута культуры Беларусі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter