“Трэба помніць чалавеку ісціну дзядоў спрадвеку”. А ўся праўда — у прыпеўках

Паколькі “Народная газета” — сацыяльнае выданне, то і чытачоў нашых турбуюць найперш праблемы соцыуму: сям’і, быту, ну і, чаго тут крывіць душой, грошай. Таму чарговы букет рыфмаваных гісторый з жыцця, які атрымала рэдакцыя, — на самыя актуальныя тэмы: як жыць і выжываць у свеце, дзе пануюць не толькі дабро і дабрыня, але і не надта прыемныя рысы чалавечых характараў.

Мікалай Коўшык з вёскі Дварэц Лунінецкага раёна — трускалачнай сталіцы краіны — расказаў такую гісторыю:
Быў сусед вельмі харошы,
Я яму пазычыў грошы.
Зараз стаў ён як не той,
Мяне абходзіць стараной.
Гісторыя не новая. Але ж менавіта “старына” гэтага “падання” сведчыць пра тое, што не вучыцца чалавек на чужых памылках, хоць ты яму кол на галаве чашы! Хаця навука простая:
Трэба помніць чалавеку
Ісціну дзядоў спрадвеку:
Хочаш ворага нажыць —
Грошыкі свае пазыч!
Спадар Коўшык, як мне здаецца, чалавек вельмі глыбокі, удумлівы. Пра гэта сведчыць цыкл яго прыпевак пра слабасці, калі не сказаць, заганы людскія, якія можна чэрпаць з наваколля не чым іншым, як каўшом:
Рыбу сеткаю лавілі,
Але юшку не зварылі.
Рыбінспекцыя застала —
Рыба “залатая” стала.
Мабыць, пра кагосьці з тых гора-рыбакоў склаліся яшчэ чатыры радкі:
Ён багаты. Ён “культурны”.
Ёсць катэдж, ёсць “Мерсэдэс”,
На якім з двара заўсёды
Ён вывозіць смецце ў лес.
Да ўсіх іншых вартасцей нашага “дварцовага” аўтара трэба дадаць яго тонкае адчуванне мовы. Гэта відаць і з твораў, і з тых разваг, якімі народны майстар слова падзяліўся з газетай: “Ох и режет ухо это “как бы”, когда в разговоре, особенно молодые люди, его ставят где надо и  где не надо. “Я как бы пошла...” “Я как бы танцевала...” И т.п. Так и хочется переспросить: “Так ты пошла или нет?”
Как бы в школу я ходила,
Как бы русский я учила.
Как бы пару слов сказать?
Без “как бы” не могу связать!”
Што праўда, то праўда, у нас многае ў жыцці “как бы”, “нібыта” ёсць, а на самай справе “нібыта” няма. Тут шаноўны дасціпны аўтар мае рацыю. Напрыклад, у ЖЭСе кажуць, што ваду гарачую нібыта далі, а з крана нібыта капае толькі халодная...
Дарэчы, наконт кропель. Будзьце асцярожныя, грамадзяне, раіць Жанна Суворава з вёскі Лойкі Гродзенскага раёна. Бо:
Мой зяць мілы, мой зяць любы,
Давядзе дачку да згубы:
Дзень і ноч гарэлку п’е
І ў дадатак жонку б’е.
Не прывядзі Гасподзь, што творыцца! Але, як тая ж спадарыня Суворава слушна падмячае:
Што вы, дзеўкі, стаіце,
У куту шапочаце?
Што б вы, дзеўкі, ні казалі,
Усе вы замуж хочаце!
Але ж, дзяўчаты, увага: тут патрэбна пільнасць. Во што яшчэ бывае, калі верыць Пятру Валінскаму са Стаек Івацэвіцкага раёна:
Ногі рвуцца мае ў клуб,
Там дзяўчатам быў я люб.
Жонка ў вочы заглядае:
“Дык яшчэ ж я... маладая!”
І нарэшце: прыпеўкі — жанр сур’ёзны. Таму калі вы думаеце, што гэта ўсё жартачкі ды кепікі, паверце — гэта соль жыцця. Без яе і жыцця няма. Чакаем яе менавіта ад вас! Пішыце! Да сустрэчы ў наступным годзе!

В.С.КАСЦЯНЕВІЧ (Жодзіна)

Каб торбы поўныя набраці

У гародзе, на градзе
Насенне цешча пакладзе,
Каб па восені ды зяцю
Торбы поўныя набраці.

Як пасею агуркі
На Міколу ў маі —
Засалю іх у цабэркі,
Каб зяцёк не лаяў.

Вось уродзіць бульба, жыта,
А мы іх запарым.
А затым з суседкай Рытай
Зелейка наварым.

Чаму б нам не пець,
Чаму б не жартаваць!
Умеем добра працаваць
Дый гасцей пачаставаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter