Актывісты Цэнтра беларускай культуры “Голас Радзімы” з Мікалаева наведалі гарадскі прытулак для людзей пажылога ўзросту ды інвалідаў

І там сустрэлі землякоў...

Актывісты Цэнтра беларускай культуры “Голас Радзімы” з Мікалаева наведалі гарадскі прытулак для людзей пажылога ўзросту ды інвалідаў


Актывісты беларускай суполкі гасцююць у прытулку

Калі мы падводзілі вынікі ўдзелу беларусаў у гарадскім фестывалі славянскіх народаў, то акардэаніст і спявак Эдуард Куцэнка ўнёс прапанову: наведаць прытулак.  Ідэю прынялі аднагалосна. Нехта згадаў мудрыя словы: у якія б умовы ты ні трапіў, якія б перашкоды ні ставіў перад табою лёс, а жыць трэба так як належыць: самому быць Чалавекам ды людзям дапамагаць. І нашая ж суполка створана дзеля таго, каб рабіць дабро, пашыраць беларускую культуру на Мікалаеўшчыне. Па нас мяркуюць пра ўсіх беларусаў…

Думалі ў дадатак да нумароў самадзейнасці купіць пячэння, цукерак, а Таццяна Бусько прапанавала: прыгатуем нешта з беларускай кухні. Дырэктар прытулку Уладзімір Уласаў такі сюрпрыз ухваліў. І вось — суботняя раніца. Едзем з добрым настроем у госці: Эдуард Куцэнка, Таццяна Бусько, Валянціна Джупіна, Галіна Голуб, Галіна Міняйла ды аўтарка гэтых радкоў. Яшчэ рэдактар аддзела інфармацыі Дзяніс Іваноў і аператар Антон Небісь з Мікалаеўскай абласной дзяржтэлерадыёкампаніі: як пачулі пра нашу акцыю, то таксама сабраліся ў дарогу.

Мікалаеўскі прытулак утвораны 5 верасня 2002 года — на тое было рашэнне сесіі гарсавета. Там, на беразе рэчкі Інгул, жыве каля 40 чалавек. Прыгожая мясціна: вада, высокае неба, чыстае паветра. Ёсць усе ўмовы для паўнацэннага жыцця і рэабілітацыі хворых. У прытулку праходзяць сустрэчы з творчымі калектывамі, грамадскімі суполкамі, прадстаўнікамі нацменшасцяў. Прыязджаюць  студэнты, школьнікі: таксама з канцэртнымі праграмамі. Тыя сустрэчы, казаў дырэктар прытулку, найлепшыя лекі.

І мы самі ў тым змаглі пераканацца. Калі спявалі беларускую песню “Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы”, то і гледачы падпявалі. У прытулку сустрэлі двух землякоў з Гродзеншчыны: пагаварылі як родныя людзі. Было прыемна глядзець на бабулю, якой за 90, а яны — жыва рэагуе на песні ды жарты, усміхаецца. І таксама падпявала! Яшчэ спявалі мы песні “Бульбачка”, “Палюбіць Беларусь вельмі проста”, “Цячэ вада ў ярок”, “Касіў Ясь канюшыну”… Інсцэнавалі байку Кандрата Крапівы “Дзед і баба”, чыталі вершы Рыгора Барадуліна, Максіма Багдановіча, Веры Вярбы, Анатоля Балуцэнкі.

Таццяна Дзяменнікава, кіраўніца суполкі “Голас Радзімы”, г. Мікалаеў

Голас Радзімы № 36 (3444), чацвер, 24 верасня, 2015 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter