“Свята” з “Лявоніхай”. Прыпеўка — маці народнай песні

Чвэрць стагоддзя таму з’явіўся гэты ансамбль на сцэне. І тады “Свята” было адзіным калектывам, які спяваў старадаўнія народныя песні ў арыгінале, без прыстасоўвання іх пад кан’юнктуру часу. Цяпер гурт больш сучасны: прапануе публіцы кампазіцыі са сваёй творчай кухні, з ахвотай карыстаецца рыфмамі майстроў з народа. І, бадай, у “Свяце” больш, чым у якім іншым ансамблі, шануюць прыпеўкі. Чым увогуле фальклор цікавы сучаснаму спеваку і слухачу? Пра гэта мы пагутарылі з Вячаславам СТАТКЕВІЧАМ, салістам “Свята”.

— У час узнікнення нашага ансамбля ўжо былі розныя фальклорныя калектывы: хор Цітовіча, эстрадныя “Сябры”, “Песняры”, “Харошкі”, якія спецыялізаваліся на харэаграфіі. “Свята” заняло пустую нішу. Пра гэта сведчаць і словы Генадзя Цітовіча, якія ён сказаў у наш адрас: “Многа страў я пасмакаваў, а такой яшчэ ніколі не каштаваў”. Спачатку свой рэпертуар мы чэрпалі амаль выключна з усходняга Палесся, як, дарэчы, і “Песняры”. “Святаўцы”, бывала, нават ездзілі ў адны і тыя ж экспедыцыі з Кашапаравым, Мулявіным. Розніца была толькі ў тым, што Мулявін пераапрацоўваў песні, а мы выконвалі іх у тым гучанні, якое чулі ў арыгінале: пераймалі манеры выканання ад бабуль, дзядоў, паўтаралі дыялектныя асаблівасці ў мове. “Свята” стала першым у краіне прафесійным ансамблем народнай музыкі.
— У чым сутнасць прафесійнасці?
— Гэта значыць, што сабраліся людзі з музычнай адукацыяй, якія могуць раскласці песні на галасы і інструменты. Аматарскіх калектываў заўсёды было досыць, а прафесійна “гатаваць” народную музыку для выканання са сцэны не так і проста — патрэбна адпаведная падрыхтоўка спевакоў, неабходны пэўны набор інструментаў: ад дудачкі да дуды, ад скрыпкі да ліры.
— Чаму гавораць пра непаўторнасць беларускіх песень?
— Кожная песня можа быць сапраўдным адкрыццём. Быў выпадак, калі “святаўцы” прыехалі ў вёску, знайшлі бабульку, якая згадзілася праспяваць. Яна пачала песню, а нашы хлопцы пайшлі ў краму, каб узяць чагосьці да стала. Магнітафон пакінулі ўключаным. Вяртаюцца, а бабка спявае мо ўжо саракавы куплет!
— Адкуль у людзей бралася натхненне на стварэнне песень?
— Раней не было тэлебачання, радыё, газет. Інфармацыя перадавалася з вуснаў у вусны. Паколькі жыццё вяскоўца залежала ад зямлі, то значная частка песень грунтуецца на земляробчым календары. У песнях, па вялікім рахунку, закладзена інфармацыя і пра абрады, якія продкі выконвалі ў гонар тых або іншых свят, таксама збольшага звязаных з пасяўной, уборкай ураджаю. Песня суправаджала ўсе рэаліі жыцця. А былі таксама дні, калі ўвогуле нельга было спяваць.
— Пра што яшчэ нашы песні?
— Большасць з іх працяжнага, мінорнага складу, задуменныя. Пра долю, няшчаснае каханне.
— Чаму менавіта пра няшчаснае?
— Бо дзяўчына, якую аддавалі замуж за нялюбага, мела патрэбу выказацца, падзяліцца сваім горам — як крык адчаю і нараджалася песня. Калі хлопец быў прымаком, ён таксама спяваў пра няўдалы лёс. Або маці люляла дзіця — нараджалася калыханка. Зрэшты, многа ж і радасных песень. Бо ў чалавека былі не толькі праблемы. Нараджэнне дзіцяці таксама агучвалася песняй, вядома, вясёлай. Бо нараджэнне — гэта свята! А заліхвацкія полькі? Колькі іх у нас — не злічыць. Дарэчы, многія народныя песні нарадзіліся з прыпевак: напрыклад, усім вядомая “Лявоніха”. Прыпеўкі — адзін з самых любімых жанраў у народзе. Гэта самы просты і даступны від народнай творчасці. Праз прыпеўкі, якія звязаны з сатырай, можна падбадзёрыцца, высмеяць тыя з’явы жыцця, пра якія не заўсёды скажаш адкрыта ў звычайнай размове. Вось як тут, калі ласка:
У калгасе добра жыць,
Адзін робіць — сем ляжыць.
— Апроч як з усходняга Палесся ў рэпертуары “Свята” ёсць песні з іншых куткоў краіны?
— Цяпер так. Раней жа як было? Прыехаў збіральнік фальклору на Гомельшчыну, у нейкай вёсцы запісаў твор, там яму падказалі, што ў суседнім сяле таксама ёсць цікавыя песні. Даследчык едзе туды — як па нітачцы. Але і на маёй Лідчыне, напрыклад, песні запісваў яшчэ стагоддзе таму фалькларыст Фядэцкі, а пасля нітка абарвалася, за Фядэцкім следам ніхто не прыйшоў.
— Чаму ў адных рэгіёнах народная песня лепш захавалася, у — горш?
— На Палессі сапраўды ацалела многа архаікі, гэта праўда. Справа ў тым, што дзякуючы багне, лясам Палессе было менш звязана з гарадамі, цывілізацыяй, і таму старажытныя песні і ўвогуле звычаі там паддаліся меншай дэфармацыі ў параўнанні з больш урбанізаванымі, шчыльна заселенымі рэгіёнамі, такімі, напрыклад, як Гродзеншчына.
— Дарэчы, на Гродзеншчыне многа палякаў. У вашых мясцінах, мабыць, таксама. А на якой мове яны спяваюць народныя песні?
— Па-беларуску! Сам памятаю, як у маёй вёсцы Рэпнікі мясцовы паляк гнаў пасвіць каровы ды спяваў “Туман ярам, туман даліною”. Увогуле, у нашай вёсцы ўсе палякі, якія сябе такімі лічаць, размаўляюць па-беларуску.
— Як патлумачыць сам тэрмін “народная песня”? Ці не значыць гэта, што ў яе абавязкова калектыўны аўтар?
— У кожнай песні ёсць індывідуальны аўтар, які, скажам так, згубіўся. Яго імя страцілася. Але быў, натуральна, той, хто першы напісаў той або іншы тэкст. Далей гэты тэкст перадаваўся ад чалавека да чалавека, змяняўся. Напрыклад, мне вядома 28 варыянтаў балады “Ой, жураўка”. Гэта адзін твор, але ў розных мясцінах ён выконваецца з пэўнымі адрозненнямі ў тэксце, музыцы. Некаму ж не падабаліся словы — і той чалавек іх перайначваў, замяняў сваімі.
— Што цяпер іграе і спявае “Свята”?
— Аддаём перавагу аўтарскім творам, супрацоўнічаем з паэтамі, але таксама працягваем ездзіць у экспедыцыі, збіраць фальклор. Дарэчы, многія аўтарскія песні ўжо сталі народнымі. Напрыклад, Ігар Лучанок напісаў музыку вядомай “Полькі беларускай”, якую выконваюць “Сябры”. А хто калі-небудзь задумваўся, што гэта чыясьці аўтарская кампазіцыя?
— Як вы мяркуеце, ці можа лічыцца культурнай спадчынай сучасная народная творчасць — пра трактары, пра палёты ў космас?
— Вядома! Час ідзе, а разам з ім знікаюць адны і ўзнікаюць іншыя сюжэты фальклору. Урэшце, мы ў свой час перайшлі ад лучыны да электрычнай лямпачкі, і ніхто не стане адмаўляць, што гэта была станоўчая змена. Дык чаму ж народу пра гэта не спець?

Вячаслаў Статкевіч згадзіўся далучыцца да праекта “НГ” “Чаму б нам не спець!”. Саліст паабяцаў, што лепшыя прыпеўкі, якія выйдуць у фінал конкурсу народнай творчасці, абавязкова ўвойдуць у рэпертуар “Свята”. Хочаце, каб вашы творы сталі народнымі і вядомымі ўсёй краіне? Пішыце прыпеўкі і дасылайце ў “Народную газету”. Чакаем! Прачытаем! Апублікуем!

В.КАСЦЯНЕВІЧ (Жодзіна)

Вось уродзіць бульба, жыта

У гародзе, на градзе
Насенне цешча пакладзе,
Каб па восені ды зяцю
Торбы поўныя набраці.

Як пасею агуркі
На Міколу ў маі,
Засалю іх у цабэркі,
Каб зяцёк не лаяў.

Вось уродзіць бульба, жыта,
А мы іх запарым,
А затым з суседкай Рытай
“Зелейка” наварым.

Чаму б нам не пець,
Чаму б не жартаваць!
Умеем добра працаваць
Дый гасцей пачаставаць!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter