“Страсная (Хрыстова) свечка — што Божае яечка: калі долі не маеш, то хутка прыдбаеш”.

Асаблівай пашанай сярод славян карысталася свечка, з якой веруючыя людзі абыходзілі хрэсным ходам вакол храма. У культуры ўсходніх славян свечка сімвалізавала, з аднаго боку, вечнае святло, жывы агонь, а з другога — мімалётнасць, зыбкасць і непрадказальнасць чалавечага жыцця, якое можна патушыць гэтак жа лёгка, як і полымя свечкі. Нездарма пра чалавека маглі сказаць: “Жыве, як свечка на ветры трымціць”. З прыходам хрысціянства свечка стала ўвасабленнем Боскага святла. Для вернікаў запаленая свечка  стала сімвалам асабістай веры.
Велікодную свечку на працягу года, да наступнага Вялікадня, захоўвалі за бажніцай, разам з грамнічнай. Калі грамнічную свечку выкарыстоўвалі даволі часта як у абрадавых, так і па-заабрадавых сітуацыях, то велікодную — толькі ў выключных, часам безнадзейных. Яе запальвалі пры цяжкіх родах, пры лячэнні цяжкай хваробы, напрыклад пры псіхічных захворваннях. Менавіта велікодную свечку запальвалі пры пабудове новай хаты, а таксама калі закладвалі печ.
Лічылася, што запаленая велікодная свечка з’яўляецца надзейным абярэгам  хаты ад маланкі і пажару. Асаблівай пашанай карысталася такая свечка ў пастухоў. Каб не згубіць свой статак, пастух закатваў крыху воску са свечкі ў пугу ці ражок. Падтрымкі Нябёсаў чакалі ў гэты дзень і пчаляры. Яны верылі ў тое, што калі паціху ўзяць крыху воску са свечкі на панікадзіле і пакласці ў адзін са сваіх вулляў, то ўлетку будзе багата мёду, а ўвосень — воску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter