Глава СПК «Прагрэс-Верцялішкі» Герой Беларуси Василий Ревяко – о аграрных стимулах и секретах рекордов урожая

Старшыня гродзенскага СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Герой Беларусі Васіль Равяка:«Мала пабудаваць ферму, куды больш важна падтрымаць і ўшанаваць працаўніка»

Амаль тры дзесяцігоддзі кіруе вядомай гродзенскай гаспадаркай «Прагрэс-Верцялішкі» Герой Беларусі кандыдат сельскагаспадарчых навук Васіль РАВЯКА. Працоўны шлях яго пасля заканчэння Рэчыцкага зааветтэхнікума пачынаўся ў акцябрскім калгасе «Заазер'е», потым была служба ў арміі.

Вышэйшую заатэхнічную адукацыю малады спецыяліст атрымаў у Гродзенскім сельгасінстытуце і назаўсёды звязаў лёс з Панямоннем. Скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, абараніў дысертацыю кандыдата сельгаснавук.

За гады старшынёўства ў Верцялішках падняў планку культуры земляробства на недасягальную для многіх вышыню. Па ўраджайнасці збожжавых гаспадарка стабільна трымаецца ў рэспубліканскіх лідарах. І сёлета кожны гектар хлебнай нівы дае амаль па сто цэнтнераў зерня. СВК «Прагрэс- Верцялішкі» — адно з вядучых сельгаспрадпрыемстваў краіны.

Пра выключныя заслугі Васіля Апанасавіча сведчаць Зорка Героя і званне «Заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі Беларусі», а таксама ордэн «Знак Пашаны», медаль «За працоўныя заслугі», юбілейныя медалі, ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў, Мінсельгасхарча.

Двойчы выбіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Дэпутат абласнога Савета дэпутатаў. Старшыня перадавой гаспадаркі прызнаны «Чалавекам года Гродзеншчыны» і ганаровым грамадзянінам Гродзенскага раёна. Партрэт яго ўпрыгожвае Дошку гонару выпускнікоў Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта.


У кожны прыезд у гродзенскія Верцялішкі не перастаю захапляцца прыгажосцю аграгарадка. Уздоўж заасфальтаваных вуліц акуратна забрукаваныя тратуары. Катэджы і шматкватэрныя дамы патанаюць у зеляніне дрэў, у кожным агародчыку буйства кветак. Маладыя маці з немаўлятамі ў калясках прагульваюцца па цяністай алеі, што вядзе да цэнтральнай плошчы. Упрыгожваюць яе Палац культуры, адміністрацыйны будынак гаспадаркі, магазіны. Побач узняўся крыжом да неба новы чырвонакаменны касцёл.

Парадак пануе і ў вытворчай зоне, да якой усё бліжэй падступаюць жылыя кварталы абласнога цэнтра.

— Наш аграгарадок забудоўваўся на працягу дзесяцігоддзяў, — пачаў размову Васіль Равяка, Герой Беларусі, кандыдат сельскагаспадарчых навук, старшыня СВК «Прагрэс-Верцялішкі». — Спачатку ўзводзілі жыллё рознага тыпу. Жыццё паказала, што адна- і двухпакаёвыя кватэры, як правіла, не задавальняюць патрэбы нашых жыхароў. У апошнія гады будуем толькі трохпакаёвыя. Узводзіліся дамы з цэнтральным ацяпленнем. І летнім часам трэба прасушыць адзенне і прылады працы. З гэтай мэтай кватэры сталі абсталёўваць індывідуальнымі цеплавымі катламі, каб гаспадары самастойна маглі вызначаць цеплавы і вільготны рэжым у любы час года.

Жыццё падказала і як найлепш уладкаваць прыдамавыя тэрыторыі. На цэнтральнай сядзібе, у аграгарадку Верцялішкі, пражывае 3200 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі сельскай інтэлігенцыі: урачы, настаўнікі, работнікі культуры. Агульная думка жыхароў прывяла да рашэння пабудаваць гаспадарчы блок асобна ад жылля, каб жадаючыя мелі магчымасць займацца хатняй гаспадаркай, але і не заміналі прыемнаму адпачынку суседзяў. Час пацвердзіў правільнасць такога рашэння. Ганарымся тым, што на цэнтральнай сядзібе ў 2014 годзе ўведзена ў эксплуатацыю паліклініка на 50 штодзённых наведванняў з дзённым стацыянарам. Дзейнічае цэнтр адпачынку людзей сталага ўзросту. Вырашылі, што ў іх павінна быць магчымасць самарэалізацыі, асабліва ў асенне-зімовы перыяд. Жыхары гэтай катэгорыі цяпер цудоўна бавяць вольны час.



Падтрымліваем культавыя ўстановы, якія размешчаны на тэрыторыі гаспадаркі. Выглядаюць яны прывабна.

Без перабольшання, наша сярэдняя школа, дзіцячы садзік — узоры эстэтыкі на вёсцы. Укладваем у іх значныя сродкі.

Запатрабаваныя ў жыхароў аграгарадка цэнтр культуры, фірменные магазіны.

— Васіль Апанасавіч, амаль за тры дзесяцігоддзі кіравання гаспадаркай ці ўсё задуманае здзейснена?

— Шмат планаў было з самага пачатку старшынёўства, і ўсе яны ажыццёўлены. Узнікаюць новыя ідэі, імкнёмся іх рэалізоўваць. Займаемся не толькі вытворчасцю прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, а і часткова перапрацоўваем прадукцыю ферм. Прыбытак дае садоўніцтва. Эфектыўна працуюць падсобныя промыслы.

— Ці ёсць сэнс займацца перапрацоўкай малака і мяса ў гаспадарцы, калі ў краіне дзейнічаюць спецыяльныя буйныя прадпрыемствы?

— Многія лічаць, што самастойна перапрацоўваць сваю прадукцыю эканамічна выгадна. Не зусім згодны. На буйных прамысловых перапрацоўчых прадпрыемствах вытрымліваюцца дзяржаўныя стандарты якасці прадукцыі, наладжана адпаведная вытворчая тэхналогія. Мы ў невялікіх аб'ёмах перапрацоўваем прадукцыю ферм. Лічу, што ад гэтага трэба адыходзіць. Асаблівага прыбытку няма. Наша асноўная задача — нарошчваць аб'ёмы выпуску прадукцыі палёў і ферм. Важна мець свайго на­дзейнага кампаньёна для рэалізацыі яе.

Без новых тэхналогій немагчыма развівацца, таму імкнёмся пастаянна ўкараняць усё перадавое ў сябе. Моцную сувязь падтрымліваем з Гродзенскім дзяржаграўніверсітэтам. На базе малочна-таварнага комплексу «Рыдзелі» адкрылі навукова-практычны цэнтр для заняткаў будучых спецыялістаў для жывёлагадоўчай галіны.



— Так, на абсталяваных па-сучаснаму жывёлагадоўчых комплексах гаспадаркі стажыруюцца студэнты Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта. Важна падтрымліваць прэстыж аграрных прафесій. Дарэчы, сёлета на бюджэт на некаторыя факультэты вышэйшых аграрных навучальных устаноў недабор студэнтаў. Як заахвоціць моладзь да працы на зямлі?

— Увесь свет закранула праблема аграрных кадраў. Звязана гэта ў першую чаргу з ненарміраванай працай. Які выхад? Складана даць адназначны адказ. У нашым калектыве трывалая сацыяльная база, тым не менш адчуваецца цяга вяскоўцаў у горад. Побач з аграгарадком возера, і летам па пятніцах пад вечар там шматлюдна. Усе купаюцца, адпачываюць. А нашы працаўнікі на трактарах шчыруюць на полі: трэба своечасова ўбраць ура-джай, а на чарзе асенняя сяўба.

Пасля завяршэння працоўнага дня папрасіў механізатара за дадатковую аплату затрымацца на нейкі час, каб ачысціць сянажную траншэю для закладкі зялёнай масы. У адказ пачуў, што для яго важней не грошы, а пабыць з сям'ёю, бо ён ідзе ў шэсць гадзін раніцы і вяртаецца позна вечарам. І мае рацыю! Вось завяршаем другі ўкос траў. Два тыдні механізатары працуюць без выхадных. Як і на жніве. А гэта летні час, калі хочацца да мора, пагрэцца пад паўднёвым сонцам. Праца на зямлі цяжкая. Адназначных рэцэптаў няма, каб вырашыць праблему кадраў.

Лічу, што трэба больш паваж­ліва адносіцца і да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Мудры кі­раўнік — штучны прафесіянал, ім трэба даражыць. У Год гістарычнай памяці ўзгадваецца ўсё лепшае, што было ў савецкія часы і варта для пераймання. Памятаю, як былы кіраўнік вобласці Леанід Герасімавіч Кляцкоў не шкадаваў добрых слоў хлебаробам. Гэта стымулявала, надавала настрою і жадання лепш працаваць.

— Калі размова зайшла пра гэта, то асабіста для вас што значыць Год гістарычнай памяці?

— У першую чаргу ўсплывае ў памяці пасляваеннае дзяцінства. У нашай хойніцкай вёсцы Рабец панавала беднасць. Пра жыццё палешукоў таго часу яскрава распавёў у рамане «Людзі на балоце» беларускі класік Іван Мележ.

А якія жахі давялося перажыць землякам у Вялікую Айчынную вайну!.. Родную вёску маці Алексічы фашысты спалілі, а многіх жыхароў знішчылі. Матулю і бабулю ўратавала тое, што ў той дзень былі ў полі. Палескія Алексічы значацца сярод спаленых вёсак у Хатыні. Балюча маці было ўзгадваць пра той страшэнны час акупацыі.

Бацька Афанасій Ісаакавіч прызваўся ў армію перад вайною і восенню 1941-га павінен быў вярнуцца дамоў. Служыў у прыбалтыйскім горадзе Ліепая. У першы дзень вайны на армейскай палутарцы вёз з Брэста ў Ліепаю калючы дрот. Нямецкія самалёты сталі бамбіць аўтамабільную дарогу, па якой крочылі бежанцы. Бацька паспеў дабрацца да вайсковай часці. Адступаючы з аднапалчанамі на ўсход, ён з некалькімі з іх трапіў у варожы палон. Але пашчасціла збегчы і дагнаць сваіх. У той час палонныя лічыліся здраднікамі. Байцоў, што пабывалі ў палоне, вывелі на паляну і загадалі капаць для сябе магілы. Калі сталі чытаць ім загад пра здраду, бацька рвануў у лес. Колькі не страчылі па ім з аўтаматаў, ні адна куля ў яго не трапіла.

Праз тыдзень загад адмянілі. Бацька вярнуўся ў сваю вайсковую часць і змагаўся з ворагам. Быў двойчы паранены. Перамогу сустрэў у чэшскім горадзе Брно. Пасля вярнуўся дамоў, займеў сям'ю. Жылі ў зямлянцы, а потым збудавалі невялікую драўляную хаціну. Працавалі бацькі ў калгасе, звычайна выконвалі штодзённа па паўтары нормы, выходзіла па 350 грамаў жыта. За год атрымлівалі два мяхі збожжа, амаль усё перапрацоўвалі ў брагу. Зімою не было чым карміць кароў. Здымалі салому з дахаў і пускалі на сечку, залівалі брагай і ратавалі жывёлу ад бяскорміцы. Вясною, як толькі з'яўлялася першая трава, падтрымліваючы на вяроўках, выводзілі кароў на пашу. У нашай сям'і было сямёра дзяцей, адзін аднаго гадавалі.



— А як з жонкай выхоўвалі малых?

— Дачку Жану і сына Аляксея ніколі ні да чаго не прымушалі, кожны самастойна выбіраў свой шлях. Дзеці раслі на вачах у вяскоўцаў і тады, калі я працаваў у Верцялішках, і калі мяне перавялі інструктарам Гродзенскага райкама партыі. Паперкі, справаздачы, нуда кабінетная. Прывык да рухомага жыцця. Па рэкамендацыі абкама прызначылі першым сакратаром Мастоўскага райкама партыі.

— Вы адчулі раён?

— За шэсць гадоў наведаў кожную ферму, поле, але гэта не мой занятак. Атрымліваю задавальненне ад канкрэтнай штодзённай працы. Няхай нават ніхто і не бачыць, але калі забіў хаця б адзін цвік, то дзень недарма прайшоў. Гэта па душы. Люблю людзей і ведаю ў гаспадарцы кожнага. Вывучыў характары. Мой сябра, кіраўнік, расказаў, што часам прыходзіць думка звольніць таго, хто не спраўляецца. Але дзеля гэтага раніцай трэба да працы бегчы, бо калі крочыць, то абавязкова перадумаеш.

— З гадамі прыходзіць мудрасць.

— Важны і вопыт. Калі каго трэба мяняць на пасадзе, то перахварэю ў сто разоў больш, чым той чалавек. Павінен разглядзець рашэнне ў розных ракурсах: як адаб'ецца на сям'і, дзецях. Мабыць, лепш дапамагчы яму і няхай далей працуе.

— Што пажадалі б пачынаючым кіраўнікам, маладым спецыялістам аграпрамысловага комплексу?

— Ні ў якім разе не адбіраць ініцыятыву ў спецыялістаў любога ўзроўню. Будзеш імкнуцца зрабіць усё сам, нічога не атрымаецца. Трэба кожнаму на яго ўчастку даць магчымасць самарэалізавацца. На самым пачатку старшынёўства адчуў старанне і кемлівасць маладога спецыяліста Івана Галавенкі. Даручылі яму кіраваць агранамічнай службай. У тым, што выйшлі на рэкордныя ў рэспубліцы паказчыкі па ўраджайнасці, несумненная заслуга Івана Аляксандравіча. Кожны чалавек індывідуум. Кіраўніку трэба прыглядацца да людзей, заўважаць і падтрымліваць іх здольнасці.

— Якой вам бачыцца перспектыва развіцця гаспадаркі?

— У эфектыўным выкарыстанні нашага асноўнага багацця — зямлі. Яна шчодра адорвае за клопат пра яе. Важна падтрымліваць дасягнуты ўзровень. Калі ўсю жыўнасць гаспадаркі перавесці на ўмоўныя галовы, то на кожны гектар прыходзіцца іх 140. Гэта даволі высокая шчыльнасць. Вялікую ўвагу надаём селекцыі і тэхналогіі. Два дзесяцігоддзі таму намалочвалі да 15 тысяч збожжа, а сёлета разам з зернем кукурузы атрымаем у два разы больш. На асобных участках азімай пшаніцы на круг было звыш ста цэнтнераў зерня. Ура­джайнасць насення рапсу вырасла да 54 цэнтнераў з гектара. Самастойна яго перапрацоўваем. Што­дзённа 1300 кілаграмаў рапсавай макухі выкарыстоўваецца на корм бройлераў.

— Гаспадарка, якой нязменна кіруеце 28 гадоў, разнапланавая. Клопатаў, безумоўна, хапае. Як плануеце працоўны дзень, каб нічога не ўпусціць?

— Пачынаю яго з сацыяльнай сферы. Можна пабудаваць ферму, іншыя вытворчыя карпусы, а што для чалавека? За гады старшынёўства заселена звыш 200 кватэр. Засмучае, што не магу столькі ўкладваць грошай у сацыяльную сферу, колькі хацелася б. Суседні з намі горад заманьвае людзей. Спрыяльнымі ўмовамі працы, высокімі заробкамі ўтрымліваем механізатараў, жывёлаводаў. Сярэднямесячная зарплата па гаспадарцы дасягнула паўтары тысячы рублёў.

— Працаўнікам і спецыялістам прысуджаюць дзяржаўныя ўзнагароды за надоі, цэнтнеры ўраджаю, а вы за што адзначаны Зоркай Героя Беларусі?

— Шчыра кажучы, ніколі не ставіў мэты быць героем. Заўжды імкнуся працаваць добрасумленна, укладваць душу. А Зорка Героя — узнагарода за поспех і жывёлаводаў, і механізатараў, і ўсяго калектыву.

— Роднае Палессе сніцца?

— Перыядычна ўзнікае жаданне наведаць мілыя сэрцу мясціны. Хаты ўжо няма, але ведаю, што стаяла каля шостага электрычнага слупа ў Рабцы. Навокал цяпер поле. Пастаю каля дзядзінца, пакланюся магілам продкаў — і лягчэй на душы.

— Васіль Апанасавіч, ваш слынны зямляк Іван Мележ праславіў палескі куток класічным раманам «Людзі на балоце», героі якога мараць пра зямлю. Падзеі твора амаль векавой даўніны. Пра што сёння марыцца вам, нашчадку самавітых палешукоў?

— За адзін век так усё навокал змянілася. А зямля тая ж, і мы на ёй гаспадары. Мая мара, каб яшчэ больш заможна жылося людзям, што некалі даверылі няпростую гас­падарку і пайшлі за мной. Дзеля гэтага працую і жыву.

— Вялікі дзякуй вам за шчырую размову. Новых поспехаў і здзяйснення запаветных мар!

 subbat50@mail.ru

Фото БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter