І ў семдзесят — ягадка. Ганцавічы гэтымі днямі дужа прыгожыя.

Калі напярэдадні 70-годдзя стварэння Ганцавіцкага раёна я прыехаў у горад-імяніннік начным цягніком, ён ціха спаў, але, відаць, сніў цудоўныя сны. Ілюмінацыя, што ззяла разам з іскрыстым ад марозу снегам на вуліцах, настройвала на казачны лад.

Калі напярэдадні 70-годдзя стварэння Ганцавіцкага раёна я прыехаў у горад-імяніннік начным цягніком, ён ціха спаў, але, відаць, сніў цудоўныя сны. Ілюмінацыя, што ззяла разам з іскрыстым ад марозу снегам на вуліцах, настройвала на казачны лад.

А семдзесят гадоў таму Ганцаўшчына была, бадай, адным балотам. Цяпер жа на балотах навучыліся вырошчваць і збіраць фантастычныя ўраджаі журавін — 50 відаў! Пра новыя тэхналогіі ў ягаднай справе рупяцца на эксперыментальнай базе “Журавінка”. Тут жа вырошчваюць 30 гатункаў буякоў ды 15 — брусніц.
Удзень я абышоў райцэнтр і пераканаўся, што тут ёсць база для росту да ўзроўню сур’ёзнага эканамічнага і культурнага асяродка. Зрэшты, ужо сёння Ганцавічы — саліднае паселішча на карце Брэстчыны.
Завод “Модуль” у бліжэйшыя дні пачне выпускаць — адзіны ў Беларусі! — папярэдне ізаляваныя трубы, якія добра трымаюць цяпло, не ржавеюць і незаменныя ў сантэхнічнай справе ў кожным доме. Абсталяванне паставілі аўстрыйцы. А прадукцыя будзе наша.
У вёсцы Любашава, што зусім злілася з Ганцавічамі, я пакаштаваў дзесяткі відаў тутэйшай мінеральнай вады. Пад маркай “Царыца” разліваюць, лічыце, цудадзейную ваду: толькі гэта мінералка мае ў сваім складзе прыродны фтор, які папярэджвае захворванні поласці рота і зубоў. Дзіва, але і пляшкі тут робяць уручную, і разліваюць гэтак жа. А вада бярэцца са свідравін за пяць метраў ад прадпрыемства. Маленькая мануфактура між тым атрымала летась прызнанне на нацыянальным узроўні — яе прадукцыя прызнана лепшай у 2009 годзе.
Праваслаўны сабор Ганцавіч у гонар Свяціцеля Ціхана, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, паказаў яго настаяцель, айцец Пётр Піліпчук. Ён расказаў, як асвячаць храм прыязджаў сам Мітрапаліт Філарэт, што за семдзесят гадоў існавання раёна гэта першая новая царква, збудаваная ў старажытным візантыйска-рускім стылі. А вось мясцовы касцёл нагадвае талінскія і рыжскія кірхі. Паўночнапрыбалтыйскі стыль будыніны надае палескаму мястэчку незвычайны каларыт.
Яшчэ больш вартыя ўвагі Ганцавічы дзякуючы традыцыям ткацтва, якія захоўваюць і бабулькі на вёсцы, і маладыя гарадскія знаўцы народнага мастацтва. Самыя старажытныя беларускія ўзоры, якія забыты ў многіх кутках краіны, тут на ручніках і посцілках — жывыя. І кожная жанчына раскажа, што значыць той або іншы сімвал, вышыты чырвонай ніткай на бялюткім палатне.
А сто гадоў таму недалёка ад Ганцавіч вучыў дзятву Канстанцін Міцкевіч. Пра сваё настаўнічанне ён пазней выдаў пад псеўданімам Якуб Колас вядомы цяпер кожнаму з нас эпас “На ростанях”. У вёсцы Люсіна, зашыфраванай у рамане пад назвай Цельшына, гэтымі днямі таксама свята. Палеская глыбінка цяпер не “забіты” ды “забыты” край, як у коласаўскія часы, а цывілізаваны і багаты рэгіён.
Пабачыць дзівосы мастацкай і гастранамічнай культуры ды прамысловых дасягненняў краіны журавін, Ганцаўшчыны, можна ў Доме культуры раённага цэнтра. А ў мінулую пятніцу тут адбылася ўрачыстасць у гонар 70-годдзя раёна. І, несумненна, гэта не апошняе свята на вуліцы палескага гарадка.

Аўтарытэтна

Уладзімір СТОЛЯР, старшыня Ганцавіцкага райвыканкама:

“Пэўна, столькі буслоў сустрэнеш толькі на нашай зямлі”

— Край славіцца сваёй прыродай: лясы займаюць палову тэрыторыі раёна, захавалася многа балот. Створаны гідралагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння “Падвялікі Мох”, “Выганашчанскае”. Пэўна, і белых буслоў сустрэнеш у незвычайна вялікай колькасці толькі на нашай зямлі. Між тым надзвычай важнай падзеяй для рэгіёна стала меліярацыя, пачатая ў 1966 годзе. На асушаных землях з’явіліся палі і сенажаці, якія кормяць народ да гэтага часу. У 2006 годзе ў раён прыйшоў газ. У эканоміку і сацыяльную сферу Ганцаўшчыны за апошнія чатыры гады інвеставана 235 мільярдаў рублёў. А ў апошнія гады дзякуючы стварэнню аграгарадкоў асфальтаваны, забудаваны новымі дамамі, забяспечаны ФАПамі, школамі вёскі Кукава, Хатынічы, Раздзялавічы, Малькавічы, Люсіна. Асабліва ж радасна, што дырэктар сярэдняй школы № 2 раённага цэнтра Юрый Андрэйчык заваяваў званне “Настаўнік 2009 года” і атрымаў гэткую важную для ўсёй Ганцаўшчыны ўзнагароду з рук Прэзідэнта Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter