І самога сябе будуеш

Яна ўзводзіцца ў шостым мікрараёне Бабруйска, на самай рачной кручы. Але не гэтым прыцягвае ўвагу, а тым, што будматэрыял выбраны “несучасны” – зруб, прычым не новы. І тут адразу задаешся пытаннем: адкуль ён узяўся?
Аказваецца, з вёскi Куляшоўка Клімавіцкага раёна. Там царква стаяла з 1893 года. Але затым прыхаджан паменшылася, потым і зусім не стала. У той жа час службы ў бабруйскім прыходзе праходзілі ў звычайным чыгуначным вагоне, які прыстасавалі для гэтых мэт. Канешне, гэта не магло задаволіць прыхаджан, шматлікую паству. Аднак жа і збудаваць сучасную царкву не мелі сродкаў. Што рабiць? Вось і вырашылі пайсці на такі варыянт. У Магілёўскай епархіі яго падтрымалі, і мясцовыя ўлады далі сваю згоду. Перавозілі царкву аж на дзевяці грузавых аўтамашынах. Дах, столь, падлогу, тое, што састарэла, не бралі, а толькі сцены. Зруб аказаўся на дзіва моцным, толькі першы вянец давялося замяніць ды бярвенні пад вокнамі і ля дзвярэй. Царкву ставяць на высокім мураваным фундаменце. А калі яшчэ збудуюць званіцу, тры купалы, якія прадугледжаны праектам, то і зусім яна глядзецца будзе! Завозяць дошку-шалёўку, іншыя будматэрыялы. Работы вядуцца даволі актыўна, хаця і паскорыць не пашкодзіла б. Бо не заўважыш, як і восень, а там – і зіма... Халадэчай цяжка будзе з усім гэтым спраўляцца. Таму, як падкрэсліваў у гутарцы з намі галоўны “прараб”, бацюшка Андрэй, быў бы рады, каб да будаўніцтва падключыўся нехта яшчэ. Здавён святыні ўзводзіліся агульнымі намаганнямі. Разумелі: гэта і маральныя асновы, і чысціня душы чалавечай, і многае іншае. Днямі зноў пабываў ля царквы. Стук сякер, перазвон рыдлёвак, іншага падручнага інструменту — усё гэта злілося ў адзіны рабочы рытм. Будаўнікі, па ўсiм адчувалася, захоплены працай. І сапраўды, яна ўдзячная. Некалі ж ім вялікае дзякуй скажуць. Дарэчы, яго ўжо сёння кажуць кіраўнікам прыватных прадпрыемстваў Васілю Баранчуку і Наталлі Цімашэнка і іншым. Яны цудоўна разумеюць: узводзіш святыню — узводзіш самога сябе!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter