…І роспіс золатам па шкле

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Каштоўныя ўзоры” з Гістарычнага музея РасііНа адкрыцці выставы прысутнічалі супрацоўнікі абодвух музеяў, а таксама прадстаўнікі міжнароднай кампаніі Japan Tobacco International, пры падтрымцы якой стала магчымай такая падзея. Дырэктар кампаніі Генадзь Бруснікаў адзначыў, што гэтая выстава — яшчэ адзін крок, які прадстаўляе і папулярызуе агульную гісторыка-культурную спадчыну, дае новы імпульс супрацоўніцтву не толькі музеям, але і грамадскасці абедзвюх краін.
На выставе “Каштоўныя ўзоры”У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Каштоўныя ўзоры” з Гістарычнага музея Расіі
На адкрыцці выставы прысутнічалі супрацоўнікі абодвух музеяў, а таксама прадстаўнікі міжнароднай кампаніі Japan Tobacco International, пры падтрымцы якой стала магчымай такая падзея. Дырэктар кампаніі Генадзь Бруснікаў адзначыў, што гэтая выстава — яшчэ адзін крок, які прадстаўляе і папулярызуе агульную гісторыка-культурную спадчыну, дае новы імпульс супрацоўніцтву не толькі музеям, але і грамадскасці абедзвюх краін.
І гэта не першы праект гістарычных музеяў Беларусі і Расіі. Некалькі гадоў таму названыя ўстановы праводзілі сумесную выставу слуцкіх паясоў. Цяпер жа, як паведаміла Марыя Чысцякова, намеснік дырэктара Гістарычнага музея па навукова-фондавай рабоце, усе экспанаты — выключна з маскоўскіх фондаў, якія налічваюць каля пяці мільёнаў унікальных гістарычных каштоўнасцяў. Каб адлюстраваць усё багацце калекцыі, для выставы былі падабраныя экспанаты XIХ-XX стагоддзяў з фондаў усіх пяці аддзелаў Гістарычнага музея Расіі (каштоўныя металы, рукапісы і старадрукаваныя кнігі, шкло і кераміка, тканіны і касцюмы), створаныя не толькі ў Расіі, але і па ўсёй тэрыторыі Еўропы і Азіі.
Таццяна Сізова, загадчыца аддзела каштоўных металаў, і Эмілія Шульгіна, загадчыца аддзела рукапісаў і старадрукаваных кніг Гістарычнага музея Расіі, правялі экскурсію. Яны прэзентавалі 137 выдатных помнікаў гісторыі з бронзы, серабра, шкла, керамікі, скуры і тэкстылю, якія ў Мінску знаходзяцца ў спецыяльных вітрынах пад трыма ступенямі абароны, а экспазіцыйныя плошчы, дзе выставілі гістарычныя каштоўнасці, — пад дадатковай сігналізацыяй. Ва ўпрыгожванні іх майстры выкарыстоўвалі золата, што з антычных часоў успрымалася людзьмі як застылыя сонечныя прамяні. Золата ў выглядзе пазалоты, інкрустацыі, дэкарыравання ўсіх відаў залачэння, вядомых у XVI-XX стст. ужывалася таксама з такімі экзатычнымі матэрыяламі, як панцыр чарапахі або акулавая скура (галюша), выкарыстоўвалася і ў арнаментальных застаўках рукапісаў, рукатворнай або друкаванай мініяцюры, у афармленні каштоўных вокладак кніг. Адзін з самых дзівосных спосабаў прымянення золата — гэта пісьмёны. Рукапісы, упрыгожаныя залатым узорам, — гэта тонкая і шматдзённая праца. Над кожным лістом паперы і пісец, і мастак шмат працавалі, перш чым сшыць іх у кнігу і заключыць у дашчатую вокладку з нацягнутай на яе скурай.
Кожны з экспанатаў выставы — рарытэт. Найбольш старажытным з’яўляецца пергаментны ліст з італьянскай харавой кнігі XIV стагоддзя, а самыя новыя творы — пазалочаныя браціны і коўш, вырабленыя маскоўскім ювелірам Яўгенам Сарыкіным у 1980-х гадах.
Сярод каштоўных рэчаў — роспісы золатам па шкле, створаныя ў Санкт-Пецярбургу на Імператарскім шкляным заводзе ў канцы XVIII — пачатку XX стагоддзя. Гэтыя шэдэўры, вырабленыя з далікатнага матэрыялу, на шчасце, добра захаваліся. Шкло было раней вельмі дарагім. І спачатку завод абслугоўваў выключна імператарскі двор, але з часам мода на вазы, разнастайныя чаркі, графіны і шклянкі стала распаўсюджвацца і сярод вышэйшых слаёў Пецярбурга. А вось яйка з каштоўным узорам і зашпількай, упрыгожанай дыяментам, стала правобразам знакамітых вырабаў Фабержэ.
Кожны з прадметаў некалі належаў нейкаму чалавеку, быў часткай яго жыцця: магчыма, вышываную залатой ніткай хустку насіла па святах прыгожая вясковая дзяўчына, золатам шыты бант у касу прышпільвала дачка заможнага купца, адным з сярэбраных каўшоў карыстаўся князь Галіцын, фаварыт царэўны Соф’і, а гаспадыняй футарала з акулярамі была імператрыца Кацярына II. Аднак сёння менш істотна, знакамітае ці невядомае было імя ва ўладальніка той ці іншай рэчы. Кожная з іх — сведка часу і асаблівага майстэрства продкаў.

Людміла Малей
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter