“Раненый” паранены, ці Правапіс суфіксаў у розных часцінах мовы.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Працягнем размову аб правапісе суфіксаў у розных часцінах мовы. Часам грувасткае правіла можа прывесці да казусных сітуацый, пра што крыху ніжэй. Таму правапісныя фармулёўкі вымагаюць дакладнасці і канкрэтнасці.
Асаблівай увагі ў любой мове патрабуюць напісанні суфіксаў на стыку марфем. У адных выпадках спрацоўвае фанетычны прынцып, у другіх патрабуецца захоўваць марфемы. Напрыклад, здаецца, раўназначныя па сваім гучанні словы салдацкі і гарадскі пішуцца па-рознаму. У “Беларускай граматыцы для школ” (1929) Браніслава Тарашкевіча прапаноўвалася пісаць людзкі, швэдзкі, грамадзкі... Аднак такое выключэнне не магло існаваць доўга, бо спрацоўвала фанетычнае правіла: звонкі зычны [з] перад глухім [к] павінен быў аглушыцца да свайго парнага па звонкасці/глухасці [з], што і адбылося. Але далейшы працэс перадачы на пісьме прыпадабнення гукаў быў спынены. Таму мы сёння і пішам: людскі, шведскі, грамадскі.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” вызначаецца напісанне прыметнікаў і прыслоўяў з ласкальным значэннем:
пасля мяккіх зычных незалежна ад месца націску пішацца суфікс -еньк-: круц?енькі, мал?енькі, ц?іхенька, паўн?юсенька, ут?ульненькі, н?ізенькі, б?еленькі, б?орздзенька, х?уценька;
пасля цвёрдых зычных пад націскам пішацца суфікс -?эньк-, а не пад націскам — -аньк-: дараж?энькі, стар?энькі, хар?ошанькі, св?ежанькі, д?обранькі, гар?ачанькі. Як бачым, правіла падлягае асноўнаму патрабаванню: э пішацца пад націскам, а — не пад націскам.
Што датычыць першай нормы, то мушу заўважыць: цяжка ўявіць суфікс -еньк- у пераднаціскной пазіцыі (калі б такое назіралася, то е павінна было б перайсці ў я), звычайна ён знаходзіцца пасля націску ці пад ім: в?уз-еньк-і, н?ов-еньк-і, лёг-еньк-і, вясёл-еньк-і, цвёрдз-еньк-і, м?як-еньк-і, р?одн-еньк-і, б?ел-еньк-і, чарн?яв-еньк-і, гніл-?еньк-і, слаб-?еньк-і, залац-?еньк-і, дурн-?еньк-і, слаб-?еньк-і і інш. У фальклоры можам сустрэць: палюбіла беляньк?ога, што з’яўляецца адхіленнем ад літаратурнай мовы.
Напісанне падвоенага нн закраналася пры абмеркаванні ўжывання запазычаных слоў тыпу калона, тона, фін, тэніс. Падкрэслівалася, што ў запазычаных словах падвоенае напісанне зычных амаль не сустракаецца (выключэнне: бонна, донна, манна, панна, ванна, мадонна, саванна; Ганна, Жанна, Сюзанна і інш.).
У “Правілах” (1959) гаворка пра суфікс -енн-(-энн-) вялася ў параграфе “Падоўжаныя зычныя”. У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” гэтае пытанне натуральным чынам перанесена ў главу “Правапіс некаторых марфем”: падвоенае нн пішацца ў суфіксальнай марфеме -энн- (-енн-) у прыметніках з павелічальным значэннем (высачэнны, здаравенны, таўсценны, худзенны), у прыметніках з якасна-адносным значэннем (дратвенны, брытвенны, дарэформенны, абедзенны, свяшчэнны, вогненны). Не зусім зразумелае для сучасніка дратвенны паходзіць ад дратва — моцная кручаная льняная нітка, прамочаная шавецкай смалой (варам) або воскам.
Неспакушанаму носьбіту мовы бывае цяжка адрозніць суфіксы -энн- (-енн-), -ен- і -н-. Трэба мець на ўвазе, што дзее-прыметнікі могуць утварацца пры дапамозе суфіксаў -ен- і -н- (здзіўл-ен-ы, купл-ен-ы, прынес-ен-ы, падрыхтава-н-ы), а прыметнікі — -энн- (-енн-) і-н- (страш-энн-ы, страш-н-ы, інтым-н-ы, лет-н-і). У беларускіх дзее-прыметніках падвоенага нн не бывае, тады калі напісанне н у рускіх дзеепрыметніках выклікае даволі вялікія цяжкасці.
Нездарма адзін з нашых губернатараў, гаворачы пра складанасці рускага правапісу, абураўся: “Но какая разница, куда он раненный?”. На самай справе “раненый солдат” пішацца з адным н, таму што “раненый” — гэта аддзеяслоўны прыметнік. “Раненный в плечо солдат” пішацца з двума нн, таму што ў дзеепрыметніка “раненный” з’яўляецца залежнае слова “в плечо”. Такую правапісную эквілібрыстыку распрацоўшчыкі новага зводу “Правіл рускай арфаграфіі і пунктуацыі” слушна прапануюць ліквідаваць. Сам жа звод і па сёння застаецца толькі праектам.
У беларускай мове падвоенае нн пішацца на стыку ўтваральнай асновы і суфікса паміж галоснымі: калі ўтваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з гэтай жа літары: дзённік, імяніннік, сяннік, маліннік, выгнаннік, дзянніца, абранніца, падаконнік, коннік, конны, сасоннік, карцінны, дывізіённы, гартанны, глыбінны, вінны, летуценны, паддонны, ваенны, вясенні, няспынны, бяссонны, айчынны, бязвінны, незаменны, прасцінны, дрэнны, дабрачынны, параённы.
Калі аснова слова заканчваецца на нн (ванна, манна), а суфікс пачынаецца зычным н, то захоўваецца напісанне дзвюх літар н: ванны (набор), манныя (крупы);
Падвоенае нн пішацца ў прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -мя, і ў словах, вытворных ад гэтых прыметнікаў: іменны — займеннік, імянны, пайменны, племянны — пляменнік, страмянны, цемянны, але:  палымяны.
“Правіламі” (2008) рэгламентуецца напісанне суфіксаў на стыку марфем наступным чынам. Суфіксы -ск- і -ств- пішуцца:
калі ўтваральная аснова заканчваецца на с, то на пісьме спалучэнне сс перадаецца адной літарай: матроскі, рускі, беларускі, хакаскі, папуаскі, тунгускі, лаоскі, гандураскі, уэльскі, адэскі, арзамаскі, вільнюскі, чавускі, палескі, залескі, прускі, тбіліскі, кутаіскі, туніскі, эскімоскі, індускі, пелапанескі;
калі ўтваральная аснова заканчваецца на д, з, то спалучэнне іх з суфіксальным с падаецца як дс, зс: горад — гарадскі, люд — людскі, грамада — грамадства, сусед — суседскі, параход — параходства, бяда — бедства, Бесядзь — бесядскі;  француз — французскі, Каўказ — каўказскі, Сілезія — сілезскі;
у словах, вытворных ад асноў славянскага паходжання на к, спалучэнне к з суфіксальным с на пісьме перадаецца як ц: лясніцтва, мастацтва, сваяцтва, спаборніцтва, гарняцкі, казацкі, крыжацкі, сакавіцкі, асветніцкі, наглядальніцкі, славацкі, гарадоцкі, беластоцкі, уладзівастоцкі, чашніцкі. Сюды ж можам аднесці: гарняцкі (гарняк), марацкі (марак), рыбацкі (рыбак), славацкі (славак), гайдамацкі (гайдамак), чумацкі (чумак), батрацкі (батрак) і інш.;
у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, на пісьме захоўваецца спалучэнне кс: арынокскі, нью-ёркскі, бангкокскі, бузулукскі, цюркскі, каракскі, каракалпакскі, квебекскі, таджыкскі, узбекскі;
у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў на -ка, -кі, зычны к (калі перад ім ёсць іншы зычны) у канцы слова перад суфіксам -ск- знікае: крупскі (Крупкі), дудзінскі (Дудзінка), церахоўскі (Церахоўка), ямайскі (Ямайка), вяцкі (Вятка); але: касабланкскі.
Пра напісанне слоў тыпу пфальцкі пагаворым у наступную суботу...

Зваротная сувязь

Добры дзень! Як усё ж правільна: Воленька ці Волечка? Дзякуй.
 Вольга Барташэвіч, г. Рагачоў

— У ласкальных формах уласных імён замест суфікса -еньк- у роднай мове развіўся суфікс -ечк-. Правільна: Волечка, Кацечка, Віцечка, Пецечка.

Добрага часу сутак! Як правільна па-беларуску пісаць свіны грып ці свінячы?
Artemiy

— На папярэднім уроку ўжо распавядалася пра прыметнік свіны. Аднак вы закранаеце гэтае пытанне ў іншым аспекце — стылістычным. Лексема свінячы (свінячае рыла, свінячая ежа, свінячы выгляд) фіксуецца сучаснымі слоўнікамі амаль у тым жа значэнні, што і свіны, але з паметай ‘прастамоўнае’. Хаця трэба пагадзіцца з некаторымі вучонымі-лінгвістамі, якія сцвярджаюць, што гэтая памета для беларускай лексікі неактуальная, бо наша літаратурная мова ў развіцці грунтавалася не на кніжна-пісьмовай традыцыі, а на літаратурна-размоўнай. Напрыклад, ва ўкраінскай мове лічыцца нейтральным ужыванне формы свінячы: “Свинячий грип у світі і Україні: без паніки” (“Украінская праўда”).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter