“Прыходзьце да мяне, як да жывой...” Святая Валянціна Мінская і пасля смерці даруе людзям духоўнае суцяшэнне і пазбаўляе ад хвароб душы і цела.

На магілцы Валянціны паблізу вёскі Крысава Дзяржынскага раёна нават зімой стаяць ружы. У любое надвор’е тут поўна паломнікаў. Людзі з розных куткоў Беларусі і нават замежжа прыходзяць сюды, каб аддаць паклон святой, памаліцца, папрасіць за сябе і за родных. І вяртаюцца зноў... каб аддзячыць за споўненыя надзеі.

На магілцы Валянціны паблізу вёскі Крысава Дзяржынскага раёна нават зімой стаяць ружы. У любое надвор’е тут поўна паломнікаў. Людзі з розных куткоў Беларусі і нават замежжа прыходзяць сюды, каб аддаць паклон святой, памаліцца, папрасіць за сябе і за родных. І вяртаюцца зноў... каб аддзячыць за споўненыя надзеі.

Яшчэ ў дзяцінстве на Валянціну, дачку святара, настаяцеля станькаўскага Свята-Мікалаеўскага храма Фёдара Чарняўскага, глядзелі не як на звычайнае дзіця. Калі Валянціне споўнілася пяць гадоў, яна прынесла з лесу маленькую ялінку і пасадзіла яе ў родных Косках (сёння Дзяржынскі раён). Дзяўчынка старанна палівала елачку і малілася Госпаду, каб дрэўца расло і мацнела. І ялінка вырасла крыжападобнай... З дзяцінства Валянціна любіла храм, богаслужэнні і царкоўныя спевы. Калі падрасла, вучылася ў Мінскім духоўным вучылішчы. І пазней, замяняючы свайго бацьку, вяла ўрокі закона Божага для маленькіх дзяцей. Незадоўга да Першай сусветнай вайны Валянціна выйшла замуж. Але хутка мужа рэпрэсіравалі. Валянціна засталася адна, удавелая, асірацелая, хворая. Запаленне нырак яе літаральна зваліла з ног...

Святая пры жыцці

Але прыкаваная да ложка, нямоглая, яна нават у часы ганення Царквы, калі, здавалася, усю духоўнасць задушылі і знішчылі, была невычэрпнай крыніцай веры і набожнасці.
Яшчэ пры жыцці аднавяскоўцы называлі Валянціну святой. Яна была чалавекам незвычайнай дабрыні і спагады, заўсёды ўмела знайсці слова падтрымкі, даць параду, адказаць на пытанні. Да Валянціны прыходзілі з усіх ваколіц, прыносілі хворых дзяцей, прасілі памаліцца... Людзі гадзінамі стаялі каля хаты блажэннай.

Як абяцала...

Матушкі Валянціны не стала 45 гадоў назад — 6 лютага 1966-га. Блажэнная завяшчала перад тым, як пакінуць гэты свет: “Прыходзьце да мяне на магілку, як да жывой. Усім добрым людзям дапамагу”.
І людзі ідуць. Ужо каторы год штонядзелю ў спякоту, дождж ці нават у моцны снегапад каля Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора людзі збіраюцца ў паломніцкі паход да матушкі Валянціны. Збіраюцца дзеці і дарослыя, праваслаўныя і каталікі.
Сустрэць людзей, якія асабіста ведалі Валянціну, мне, на жаль, не ўдалося. Іх становіцца ўсё менш. Затое ёсць тыя, каму святая дапамагае сёння. У Мінскім кафедральным саборы захоўваецца больш за сто запісак ад людзей, якім святая ўжо дапамагла. А колькі неапісаных цудаў!

Цудадзейная кропля

Таццяна Сяргееўна атрымала траўму вока ў 1957 годзе, калі ёй было ўсяго 28. З тых часоў Таццяна бачыла толькі адным вокам. Тры гады таму, ужо бабуляй, яна прыехала на магілку святой Валянціны. Таццяна Сяргееўна ўспамінае, што пасля малебна, які служылі на могілках, з крыжа пачала капаць вада. “Хто быў на магілцы, стараліся ўмыцца гэтай вадзіцай, — расказвае Таццяна Сяргееўна. —  Я таксама падышла да крыжа і падставіла галаву. Кропля трапіла ў хворае вока. І раптам... я пачала бачыць! Я крыкнула: “Слава Богу, маё вока ацалілася!” Цяпер Таццяна Сяргееўна добра бачыць і можа ўцягнуць нітку ў іголку без акуляраў.

Крылаты знак

Другая Таццяна дзякуе святой Валянціне за здаровае дзіця. У яе вельмі дрэнна працякала цяжарнасць, на чацвёртым месяцы жанчына перанесла цяжкую форму грыпу. Урачы паціскалі плячыма, не ў стане абнадзеіць Таццяну. “Прыязджала да святой з малітвай аб ацаленні мяне і дзіцяці, — успамінае Таццяна. — Перад родамі зноў прыехалі  з мужам да Валянціны. І нам было благаслаўленне:  з боку могілак якраз над нашай машынай праляцеў бусел. І так нізка-нізка, што, здавалася, можна дакрануцца да яго пёраў. Праз тыдзень я лягла ў бальніцу. На свет з’явілася наша Лідачка. Я буду дзякаваць Валянціне і прыязджаць да яе ўсё жыццё. Пра гэты цуд не забуду ніколі і дачцэ раскажу”.

Да маці Валянціны

Вячаслаў вельмі шмат страціў з-за цягі да алкаголю. Колькі разоў спрабаваў кінуць — не атрымлівалася. “Некалькі разоў ездзіў да матушкі Валянціны, маліўся, каб яна дапамагла мне перамагчы немач, — расказвае Вячаслаў. —  Каторы год я не п’ю. У мяне зусім прапала цяга да алкагольных напояў. Лічу, што ў гэтым мне дапамагла матушка Валянціна, за што ёй бясконца ўдзячны”.
Можна доўга расказваць пра дапамогу Валянціны Мінскай. Заўтра, як заўсёды, у дзевяць гадзін раніцы ля Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора людзі зноў збяруцца, каб прасіць святую і дзякаваць ёй за ацаленні. Чакаецца, паломнікаў будзе як ніколі шмат: заўтра веруючыя святкуюць пяць гадоў з дня кананізацыі святой блажэннай Валянціны — сваёй маці, дарадцы і апякункі. Трэба не забыць купіць кветкі...

У галасаванні на сайце www.ng.by святая Валянціна Мінская як цуд, бясспрэчна, лідзіруе ў Дзяржынскім раёне. І нядзіўна. Валянціна Мінская — адзіная святая ў Беларусі, праслаўленая ў чыне блажэннай. Святая,  якую яшчэ жывой памятаюць людзі. Дзіва не толькі сама Валянціна і яе беззаганнае жыццё, але і цудадзейныя яе малітвы, якія людзі па сённяшні дзень адчуваюць на сабе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter