І праўнучкай вярнулася Алеся

Творы Аркадзя Куляшова перакладаліся на многія мовы светуЯгонымі радкамі пра развітанне з дзяўчынай Алесяй — той верш лёгка знайсці ў інтэрнэце па першым слове “бывай” — немагчыма не захапляцца. Пазней ён гожа лёг на музыку Ігара Лучанка ды па-новаму загучаў у выкананні знакамітых мулявінскіх “Песняроў”. Згадаем радкі, якія Аркадзь Куляшоў напісаў у 14 гадоў: “Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая./ Чаму так горка, не магу я зразумець./ Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае/ На ўсходзе дня майго, якому ружавець…” Аж сэрца замірае ў прыпеве, калі ў шчымлівым развітанні з першым каханнем гучаць словы: “Стаю на ростанях былых, а з паднябесся/ Самотным жаўранкам звініць і плача май”.
Творы Аркадзя Куляшова перакладаліся на многія мовы свету

Ягонымі радкамі пра развітанне з дзяўчынай Алесяй — той верш лёгка знайсці ў інтэрнэце па першым слове “бывай” — немагчыма не захапляцца. Пазней ён гожа лёг на музыку Ігара Лучанка ды па-новаму загучаў у выкананні знакамітых мулявінскіх “Песняроў”. Згадаем радкі, якія Аркадзь Куляшоў напісаў у 14 гадоў: “Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая./ Чаму так горка, не магу я зразумець./ Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае/ На ўсходзе дня майго, якому ружавець…” Аж сэрца замірае ў прыпеве, калі ў шчымлівым развітанні з першым каханнем гучаць словы: “Стаю на ростанях былых, а з паднябесся/ Самотным жаўранкам звініць і плача май”.
Дарэчы, у адным з каментараў да верша ў інтэрнэце чытаем: “Якой пяшчотай павявае ад гэтага верша! Якая прыгожая беларуская мова гучыць у ім! Цудоўны паэт… Я сама ўкраінка, але з беларускімі каранямі, таму ўсё, што звязана з гэтай культурай, мне цікава.”
Між тым сэрца паэта, які нарадзіўся сто гадоў таму ў засыпаным цяпер Чарнобыльскім попелам мястэчку Саматэвічы, умяшчала ў сабе і вобраз Алесі, і плынь ціхай рэчкі Беседзі, што цякла побач з паселішчам, і акіянскія прасторы... Хоць адна з паэмаў мае назву “Далёка да акіяна”, але ж пісаў ён і пра яго. Увогуле ж, як гаварылася на юбілейнай музычна-паэтычнай вечарыне “Аркадзь Куляшоў. Ад Бесядзі да акіяна”, асоба паэта займае выключнае месца ў культурнай прасторы Бацькаўшчыны. Ён пакінуў нам творы глыбокага маральна-этычнага, гуманістычнага, эстэтычнага зместу, узбагаціў літаратуру паэзіяй душы. Дарэчы, Пімен Панчанка называў паэзію Куляшова “духоўнай энцыклапедыяй яго пакалення”. Вялікая колькасць вершаў Аркадзя Куляшова пакладзена на музыку.
Імпрэза ладзілася ў дзень нараджэння народнага паэта ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі з удзелам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На ёй гаварылі таксама, што паэт плённа працаваў і як кінасцэнарыст. Адкрылася і кніжная выстава “…І сэрца абпалена смагай радка”. Увогуле юбіляр — аўтар каля 30 кніг паэзіі, творы яго перекладзены на розныя мовы. На выставе прадстаўлены вершы на рускай, украінскай, польскай, англійскай, літоўскай, балгарскай мовах, а таксама на таджыкскай, армянскай, мангольскай ды іншых.
У вечарыне ўдзельнічалі родныя і сябры Аркадзя Куляшова, даследчыкі і пісьменнікі. Гасцей парадаваў выступленнем фальклорны гурт “Ліцвіны” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Бярберава — унука Аркадзя Куляшова. Прэзентаваліся малюнкі юнай мастачкі Алесі Іса — гэта праўнучка юбіляра. Як бачым, эстафета творчасці ў нашчадках паэта прадаўжаецца.

Рыгор Арэшка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter