“Ілля-прарок дзве гадзіны звалок”

У народным асяродку Ілля-прарок, які ўшаноўваецца сёння, належыць да самых ганаровых святых. Па паданні, Ілля “да 33 гадоў сядзеў дома “сіднем”, але быў пазбаўлены ад гэтай хваробы і надзелены такой агромністай сілай, што яе прыходзілася заўсёды ўтаймоўваць”. На вялікай калясніцы едзе ён па небасхіле, яго дарога — Млечны шлях, па якім ён едзе на белым кані, пакідаючы пасля сябе іскры, з якіх і паходзяць навальніцы і маланкі. Зімой Ілля ездзіць на санях, таму ў гэты час няма ні маланак, ні навальніцы, ні грому.

* Які Ілля, такое і Узвіжанне (27 верасня). 
* Прыйдзе Ілля, наробіць гнілля (пачыналіся працяглыя дажджы).
* На Іллю да абеду лета, пасля абеду восень. 
* Калі на Іллю няма  дажджу, чакай пажараў і доўгай зімы.
* На Іллю прасілі благаславення для насення будучага ўраджаю, казалі: “Бацька Ілля, благаславі насенне”.
* У народзе казалі: “Ілля Прарок — жніву час”, “Ілля жніво распачынае, лета канчае”, “Жыта паспявае на Іллю, а збіраецца да Ушэсця (28 жніўня)”. 
* У гэты дзень катэгарычна забаранялася працаваць, выконваць гаспадарчыя справы: жаць, касіць, прасці. Лічылася, што парушэнне гэтых рэгламентацый магло выклікаць пажар, моцны вецер і дажджы, ад якіх маглі пацярпець і людзі, і ўраджай: “На Ільін дзень у полі не працуюць, стагоў не кладуць — спаліць навальніца”. 
* Асабліва хваляваліся сяляне, каб не ўзніклі стыхійныя пажары ў месцах нарыхтоўкі сена. Таму “На Іллю складаць сена — грэх, ён яго і знішчыць”, “На Ільін дзень дзе-небудзь ад навальніцы што-небудзь і запалае”. 
* У той жа час Ільін дзень — апошні тэрмін для сенажаці: “Да Ільіна дня ў сене пуд мёду, апасля — пуд гною”, “Сенажаць неабходна скончыць да Іллі, бо пасля на вілах сена сушыць будзеш”. 
* Ільін дзень — час пошукаў новага месца для пчальніка. У апошні раз пчаляры мяняюць месца “жыхарства” пчол для таго, каб забяспечыць найбольш поўны збор мёда ў запас пчолам на зіму.
* Калі рой з’явіўся на свет пасля 2 жніўня, яго лічылі “ненадзейным”: “Ільінскі рой не ў карысць” — трава скошана, сады адкрасавалі, і малады рой не здолее назбіраць патрэбны запас на зіму. 
* Навальніцы на Іллю лічыліся лекавымі. Сяляне збіралі дажджавую ільінскую ваду і потым мыліся ёю — ад “прызору” (ад сурокаў, дурнога вока). 
* Ільін дзень — час вырабу новых сяннікоў з новай саломы: “Новая навіна на Ільін дзень — першая салома”. Пры гэтым лічылася, што “ільінская салома — сялянская пярына”. 
* З Ільіна дня ўсталёўваецца адносна цёплае надвор’е. Светлавы дзень памяншаецца, а ноч павялічваецца: “Ілля Прарок дзве гадзіны звалок”. 
* З Ільіна дня ноч доўгая, а вада халодная: “На Іллю і камень раніцай мёрзне”. Пасля Іллі забаранялася купацца. 
* Ільін дзень — пачатак палявання, таму што ў гэты дзень у лесе адкрываліся норы. З раніцы паляўнічыя накіроўваліся ў першы выезд на ваўка. Калі дадому вярталіся з “шэрым”, гэта прадказвала поспех у паляванні на ўвесь сезон. 
* На Іллю небяспечна хадзіць у лес за грыбамі і ягадамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter