“Крытыкаў не баюся!”, - Ігар СІГОЎ. Дзе заканчваецца ігра і пачынаецца сапраўднае жыццё артыста?

Да акцёра Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ігара Сігова назбіралася шмат пытанняў. Бо гэта незвычайны мужчына. У яго многа паклонніц, якія лічаць свайго куміра секс-сімвалам краіны. Таму размова з героем нашага часу пад чорную каву была начыстую – шчырая, па ўсіх законах драматургіі.

Да акцёра Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ігара Сігова назбіралася шмат пытанняў. Бо гэта незвычайны мужчына. У яго многа паклонніц, якія лічаць свайго куміра секс-сімвалам краіны. Таму размова з героем нашага часу пад чорную каву была начыстую – шчырая, па ўсіх законах драматургіі.

«Народны» артыст

За работу ў спектаклі “Апошняя пастараль” паводле твораў Алеся Адамовіча ў 1999 годзе Ігар Сігоў прызнаны лепшым акцёрам, які сыграў мужчынскую ролю. У 2006 годзе ён стаў уладальнікам спецыяльнага прыза “Народнай газеты” за ролю ў спектаклі “Адвечная песня” на тэатральным конкурсе кінафестывалю “Лістапад”. У 2007 годзе за высокае прафесіянальнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва Ігар Сігоў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

— Чым заняты вашы думкі сёння? Ад чаго прачынаецеся па начах?
— Калі адказваць на ваша пытанне жартуючы, скажу, што хачу памяняць аўтамабіль. “Додж Караван” на што-небудзь навейшае. На самай справе я хачу паспрабаваць сябе ў якасці рэжысёра. Хачу паставіць камедыю. Мы наогул мала смяёмся, так што трэба развесяліць публіку. У рэпертуары добрых камедый нямнога. Сам я, іграючы, стараюся прымяняць амерыканскую тэхналогію з хэпі-эндам.

— А вы часта смеяцеся?
— Гэта бывае вельмі рэдка. Смяюся з сябе. Сёння смяяўся з ранку ад таго, што праспаў.

— У цэлым вы арганізаваны чалавек? Як усё паспяваеце: тэатр, кіно, сям’я, рэжысура...
— Гэта не так складана, калі расставіць прыярытэты. У вялікіх артыстаў, напрыклад, ёсць агенты, яны плануюць графік, займаюцца стыкоўкамі рэпертуару тэатраў, здымкамі, інтэрв’ю. Акрамя таго, яны адказныя за ганарары. У мяне, на жаль, такога памочніка няма. У Беларусі я наогул пра такое не чуў. У Маскве ў акцёраў галава пра гэта не баліць. Я працую ў тэатры беларускай драматургіі, у Рускім тэатры, плюс кіно і тэлебачанне. Галоўнае для мяне — тэатр. Усе справы падстройваюцца пад зацверджаны рэпертуар, графік рэпетыцый.

— Калі мы ўжо ўбачым фільм “Замах”, у якім вы выконваеце галоўную ролю?
— Усё, што датычыцца мяне, мы ўжо знялі і агучылі. Карціна ўжо гатова. Калі выйдзе — не ведаю. Я бачыў толькі свае эпізоды, але ў цэлым у мяне засталося добрае ўражанне. Я не маю на ўвазе сваю работу ў “Замаху”. Заўсёды, калі бачыш гатовы варыянт, хочацца штосьці змяніць, перайграць. Рэжысёрам я давяраю безагаворачна. Сказалі: “Стоп! Знята!” — значыць, такая работа акцёра пастаноўшчыка задаволіла. Хоць часам мы з рэжысёрамі і ўступаем у творчыя спрэчкі, асабліва ў тэатры. Я называю гэта разборам ролі. Рэжысёр павінен пераканаць мяне, што ён мае рацыю.

— Ці даводзілася вам адмаўляцца ад ролі?
— Былі прэцэдэнты. Гадоў шэсць таму адмовіўся ад аднаго спектакля. Я быў малады, дзёрзкі. Мы з рэжысёрам не сышліся характарамі, я спрабаваў даказаць сваё. Мы перайшлі на асобы, і я сказаў, што два лідэры разам працаваць не змогуць, пасля чаго пакінуў тэатр. Быў яшчэ адзін выпадак. Гэта было звязана з юрыдычнымі справамі, са мной не падпісалі кантракт.

— Вы саромеецеся гаварыць пра ганарары?
— Не. Хоць спачатку мне здавалася зневажальным першым загаворваць пра сумы. Сёння я пачаў ставіцца да гэтага нармальна. Любая работа павінна аплачвацца. Я заяўляю: “Я гатовы з вамі працаваць, а які ў вас ганарар за здымачны дзень?” Часам мяне просяць самому назваць суму. Трэба загадзя агаворваць такія рэчы, каб не было непаразуменняў. А ў тэатры ўвогуле кантрактная сістэма. Людзі сядзяць як на іголках: а раптам звольняць? А падстаў жа цяпер для гэтага не патрабуецца: не прадоўжылі кантракт — і ўсё. Несправядліва. Тым больш што ў тэатры вялікую ролю адыгрываюць амбіцыі і ўласныя адносіны. Ацаніць работу цяжка. Вось хто ацэніць, скажыце?!

— Крытыкі. Дарэчы, чытаеце на сябе рэцэнзіі? Не хацелася каго-небудзь каля пад’езда падпільнаваць?
— (Смяецца.) Крытыкаў не баюся, не падпільноўваю, проста чытаю. Часта даводзіцца сутыкацца з неабгрунтаванымі вывадамі, якія робяць аўтары. Мастака трэба ўспрымаць па законах, створаных ім. Трэба зразумець спачатку, што хацеў сказаць рэжысёр, а потым крытыкаваць. Трэба проста ўлічваць задуму аўтара, а не толькі сваё ўласнае бачанне.

— Вы ведаеце, колькі грошай у вас у кашальку? Колькі вы траціце ў тыдзень?
— Не ведаю, колькі трачу, як і суму ў партманэце. З грашамі я расстаюся лёгка. Цэны мяне не палохаюць. Люблю пагуляць, але не часта. У такія моманты пра грошы наогул не думаю, затое раніцай бывае, што няма на што купіць цыгарэты.

— Тварам якой гандлёвай маркі вы хацелі б стаць? Водару, брэнда?
— Я не шапаголік. Не фанацею ад духоў і шмотак. Люблю спартыўны стыль і стыль мілітары, майкі, шорты, світэры. Кашуль і гальштукаў у мяне няма. У тэатры ў мяне ёсць смокінгі, белае паліто з манто. Калі Прэзідэнт уручаў мне медаль Скарыны, не было чаго апрануць! Давялося браць гарнітур з касцюмернай тэатра.

— А ці бывае вам сумна?
— Так. І ў апошні час часта. Бывае і дэпрэсія. Думаеш: а навошта ўсё гэта патрэбна? Каго гэта цікавіць, акрамя цябе? Можна паставіць сабе мэту — мільёны, папулярнасць, прызнанне, паклонніцы, а потым зразумець, што гэта мітусня. Мне і так добра.

— Чыё меркаванне для вас важнае? Каму вы давяраеце?
— Блізкім людзям. Не толькі сваякам, а блізкім па духу. Часам я давяраю ворагам, калі ў іх канкрэтная пазіцыя. Я магу не пагадзіцца, але паважаць за гэта трэба.

— А ці лёгка з вамі жыць?
— Вельмі складана і балюча часам. Я двойчы быў жанаты. У мяне двое дзяцей. Сыну Іллі — 18, ён жыве ў Балгарыі з мамай, Настачцы — 14. Дачку я мала кантралюю. Яна па гараскопе Баран, усё прывыкла вырашаць сама. Ходзіць на прагулкі, дыскатэкі. Новы год з сябрамі адзначала. Сучасныя дзеці больш разняволеныя. Нядаўна ўбачыў, як яна з хлопчыкам ля пад’езда цалуецца... Я шчаслівы, што ў мяне ёсць дзеці, але я абсалютна несямейны чалавек.

— Вы лавелас?
— Раней быў. Фліртаваць люблю і цяпер. Але не даводжу да мяжы.

— А што вам трэба ад жанчын?
— Я люблю на іх глядзець, зачароўвацца, у нейкай ступені валодаць. Але, ведаеце, калі я кахаю чалавека, дык яму са мной лёгка.

— Што вас раздражняе ў жанчынах?
— Назойлівасць. А яшчэ, калі дзяўчына не ўмее хадзіць на абцасах. На дам я гляджу знізу ўверх. Паходка вельмі важная, калі паненка мне спадабалася, “дагляджу” яе да канца.

— Не разумею. Пакажыце!
— (Ігар смешна кульгае на сагнутых нагах па пакоі.) Я заўсёды гляджу ў вочы. Памер грудзей не важны. Дзе знаёмлюся? У грамадскім транспарце я не езджу... О! У супермаркетах часам да прадаўшчыц заляцаюся. Але тэлефонаў не бяру. Проста падымаю сабе і ім настрой!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter