“Калі ў каханні не шанцуе, трэба проста выспацца”, - Леанід Дранько-Майсюк. Яго вершы мы цытавалі бяссоннымі начамі ў студэнцкім інтэрнаце і пісалі адзін аднаму ў “валянцінках”.

Хто-хто, а ён ведае дасканала, што жанчыны любяць вушамі. Нарэшце мая мара здзейснілася: апошні рамантык Мінска чытае мне свае вершы, гледзячы не проста ў вочы — у душу!

Хто-хто, а ён ведае дасканала, што жанчыны любяць вушамі. Нарэшце мая мара здзейснілася: апошні рамантык Мінска чытае мне свае вершы, гледзячы не проста ў вочы — у душу!

— Калі я па тэлефоне нагадала вам пра свята закаханых, вы здзівіліся...
— Сёлета я сапраўды забыўся пра гэты дзень. Хаця Дзень святога Валянціна — чароўнае свята. Беларусы з ім ужо звыкліся. Прынамсі, не толькі моладзь, але і  людзі старэйшага пакалення. Пройдзе трошкі часу — і свята стане беларускім. Гэта добра. Ведаеце, Каця, я і на Новы год забыўся. Упершыню сустракаў адзін. Не было ненавіснага шампанскага, ненавіснага салата аліўе. Было проста чырвонае віно і адзінота.
— Чаму?
— Трэба адпачываць душой і розумам. Непрацяглая няпамятлівасць дае нам адпачынак, гэта добры стан.
— А я думала, у жанчынах расчараваліся...
— Я ніколі не ідэалізаваў жанчын, таму дастаткова часта расчароўваўся. Калі я чуў фразу “Мужчына павінен зарабляць!” — гэта мне не падабалася. Я сустракаўся з жанчынамі, якім былі ўласцівы буржуазныя замашкі. Гэта дрэнна і сумна. Мой ідэал жанчыны — гэта добрая, зычлівая, уважлівая, працавітая і прыгожая.
— А што для вас прыгажосць?
— Гэта катэгорыя душэўная. Калі злосць не з’яўляецца асновай жаночай сутнасці — гэта і ёсць прыгажосць. Не люблю тэлевізійных “прыгажунь”, не люблю намаляваных лялек, якія глядзяць на нас з часопісных вокладак, газетных старонак і білбордаў. Цяпер прапагандуецца гламурная “прыгажосць”. А я не люблю пустэчу, падмазаную касметыкай. Мне здаецца, што ўвесь свет здурнеў. Паказы мод — гэта ідыёцтва! Я пачынаю смяяцца, калі бачу, як на подыуме дзяўчаты трасуць “курынымі” сцягенцамі! І мэта адна — паказаць буржуазныя апранахі. Даволі нікчэмная мэта. Але я не супраць дамоў мод. Я супраць неразумнай і бясконцай прапаганды і так званай творчасці. Школьніцы глядзяць і думаюць: гэта і ёсць тое, што называецца сапраўдным. А нармальная дзяўчына, як мне здаецца, не ножкамі дрыгае, а карову доіць.
— Жанчыны якога ўзросту вам падабаюцца? Напэўна, німфеткі?
— Не. У гэтым сэнсе я не прыхільнік творчасці Набокава. Кожны ўзрост мае сваю прывабнасць. Жанчына павінна адпавядаць свайму ўзросту інтэлектуальна і фізічна. Так было заўсёды, на працягу стагоддзяў, змянілася толькі за апошнія трыццаць гадоў. Жанчыне 85, а яна выглядае на 25 — гэта смешна! У гэтым сэнсе я з расчараваннем, болем і жалем гляджу на цудоўную актрысу Людмілу Гурчанку. Жанчын кінулі пад скальпель. Яны вымушаны рабіць пластычныя аперацыі з-за навязаных стэрэатыпаў.
— Гэта ж дзеля вас, мужчын!
— Не трэба, Каця. Гэта толькі дзеля дурных мужчын. Я цаню жанчыну не за прыгожыя вочкі і стройныя ножкі, хаця пра ножкі пісаў неаднаразова. Сумна, што жанчынам даволі складана захаваць прыгажосць.
— Якой жанчынай трэба быць, каб вас натхніць?
— Толькі не сцервай! Такіх жанчын я абыходжу бокам. Дваццаць гадоў назад былі такія памылкі. Натхняе пяшчотны жаночы погляд. Да мяне патрэбна дакрануцца — тады я ператваруся ў паэта. Ласкавы дотык жанчыны можа здзейсніць цуд. Ласкавае дакрананне жанчыны можа любога мужчыну ператварыць у паэта.
— Вы лавелас?
— Лавелас, дон Жуан — паняцці ўсеагульныя, пануюць і ў беларускай прасторы. Я не магу сказаць, што я лавелас па сутнасці. Я імкнуўся да таго, каб у мяне ўзнікалі раманы. Гэта былі прыгожыя непрацяглыя гісторыі, якія дапамагалі мне, маёй творчасці... Але, шчасліва прызнаюся, у выніку гэтых раманаў я не пакінуў сваю жонку. Калі я лавелас, то шчаслівы лавелас. Бо ніводная жанчына не імкнулася разбурыць маю сям’ю. Мае каханкі былі прыгожымі і разумнымі. Паступова раманы ператвараліся ў сяброўскія сустрэчы і затухалі, як зоркі. Калі ў каханні не шанцуе, не трэба вешацца — трэба проста выспацца.
— А як ваша жонка да гэтага ставілася?
— З разуменнем. Мне пашанцавала. Трэба заўсёды памятаць, што каханне — з’ява кароткая. Яно доўжыцца пяць-шэсць гадоў. За гэты час трэба ажаніцца, нарадзіць дзетак, пабудаваць дом ці купіць кватэру. Калі маштаб матэрыяльных праблем узбуйняецца, гінуць наш рамантызм, нашы светлыя пачуцці. Мы пачынаем нармальна жыць для сям’і, дзяцей. Гэта закон жыцця. Толькі неўраўнаважаныя людзі робяць з гэтага праблему. Усе страсці і палёты з дзевятага паверха павінны застацца ў кіно і кнігах.
— Якую ролю цяпер адыгрываюць жанчыны ў вашым жыцці?
— Шмат чаго змянілася ў лепшы бок. Раней я імкнуўся адначасова ісці па трох сцежках. Цяпер мне далёка-далёка за 40. Я паспакайнеў, але не ператварыўся ў рацыяналіста. У свае 52 гады я памяркоўны рамантык. Раней мне здавалася, што жанчына — гэта агонь, які спальвае мужчыну. Сёння я лічу, што гэты агонь сагравае.
— Вы знаёміцеся на вуліцы?
— Мне гэта ўжо нецікава. Раней было. Вось якая гісторыя адбылася. Запрасіла мяне на выступленне дырэктарка адной мінскай школы. Патэлефанавала і кажа, што дзеці вывучаюць маю творчасць, падрыхтавалі вершы на памяць. Я, вядома, згадзіўся. Прыходжу, а дырэктарка выходзіць да вучняў і кажа: “Перад вамі выступіць паэт Дранько-Майсюк. Мы з ім пазнаёміліся ў 1984 годзе на вуліцы Прыгожай. Ён падышоў да мяне з паперкай, на якой быў напісаны яго нумар тэлефона, і папрасіў патэлефанаваць. І вось я паэту патэлефанавала. У 2002 годзе”. Вучні так і ляглі ад смеху, а я ўзгадаў, што ўсё так і было на самай справе! Я быў малады, прыгожы і самаўпэўнены, але на наступны дзень забыўся, што чакаю званка ад паненкі.
— А дзяўчаты вас на спатканне самі запрашалі?
— Было і такое. Я вельмі люблю белы танец. Сэрца маё спявае ад шчасця ў такі момант. Нікому ніколі не адмаўляў. А вось мне казалі “не” неаднаразова.
— Мінск для вас рамантычны горад?
— Вельмі! Мне падабаюцца вуліцы Сухая, Іерусалімская, Падгорная, Гандлёвая, Транспартны завулак. Гэтыя месцы натхняюць, у іх асаблівы подых. На вуліцы Першага Пацалунка...
— Гэта дзе?
— А вось няхай чытачы “Народнай” здагадаюцца! Там я аднойчы сустрэў дзяўчыну, ад якой калісьці чакаў запрашэння на белы вальс. Яна так і не запрасіла. Я для яе ў школе склаў вершык:

Хто ты, хто ты — я не знаю:
Кветка ці актрыса?
Але я цябе кахаю,
Ты — мая Ларыса.

Уяўляеце, прайшло столькі гадоў! У кожнага свая сям’я. Яна сказала, што памятае мой вершаваны экспромт і хоча, каб я зноў нешта склаў.

Ласкаваю будзь,
 як заўсёды была.
Ніякаму чорту не дайся.
Да мужа ідзі, як заўсёды
ішла,
Але да мяне вяртайся.

Трэба заўсёды памятаць, што каханне — з’ява кароткая. Яно доўжыцца пяць-шэсць гадоў.
За гэты час трэба ажаніцца, нарадзіць дзетак, пабудаваць дом ці купіць кватэру. Калі маштаб матэрыяльных праблем узбуйняецца, гінуць наш рамантызм, нашы светлыя пачуцці. Мы пачынаем нармальна жыць для сям’і, дзяцей. Гэта закон жыцця. Толькі неўраўнаважаныя людзі робяць з гэтага праблему.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter