Почетный гражданин Зельвенского района, поэт, песенник, прозаик Владимир Мозго празднует 65-летие

«...І зіхаціш, узнёслы і натхнёны,нібыта хлебароб перад сяўбой»

Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна, паэт, песеннік, празаік Уладзімір Мазго святкуе 65-годдзе

5 сакавіка 65-годдзе сустрэў таленавіты паэт, песеннік, празаік, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон», уладальнік медаля Францыска Скарыны і ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна Уладзімір МАЗГО. На словы паэта скла­дзена шмат песень для малых і дарослых, вершы вывучаюць дзеці на ўроках у школе, яго паэзія прадстаўлена ў калектыўных зборніках, перыядычных выданнях і ў больш як дваццаці аўтарскіх кнігах.


 — Уладзімір Мінавіч, нядаўна на сходзе Мінскага гарадскога аддзялення расказвалі пра праект, які ладзіце разам з землякамі, зачыталі прыгожыя вясеннія радкі. Упэўнена, што толькі сэрцам адданы роднай зямлі чалавек піша і гаворыць аб ёй так, што хочацца ў самы хуткі час наведаць той чароўны куточак. Раскажыце, калі ласка, пра сваю Бацькаўшчыну і нашым чытачам.

— Мая малая радзіма — гарадскі пасёлак Зэльва на Гродзеншчыне. Ганаруся, што мае карані з той слаўнай зямлі, першая летапісная згадка аб якой адносіцца да 1258 года. Пра гэта паведаміў нам Іпацьеўскі летапіс. У XVIII — XIX стагоддзях Зэльва славілася сваім Ганненскім кірмашом, вядомым ва ўсёй Еўропе. Зэльвенскае вадасховішча самае буйное на Гро­дзеншчыне, а Сынкавіцкая царква-крэпасць — помнік гісторыі і культуры — зачароўвае сваёй магутнасцю і прыгажосцю. Для мяне радзіма — крыніца сілы і натхнення. Гэта родная хата і тыя сцежкі дзяцінства, што назаўжды ў маім сэрцы. Землякі — працавітыя, добрыя людзі, таленавітыя і непаўторныя. Шчаслівы сустракаць новыя вёсны на гэтай благаславёнай зямлі. Сваёй Зэльвеншчыне я прысвяціў шмат вершаў. Вось адзін з іх:

Любімая зямля спакон вякоў,

Ты для мяне найлепшая на свеце.

Натхняючы сяброў і сваякоў,

Тут зоры над Зальвянкай ярка свецяць.

Табе клянуцца сейбіт і паэт:

Няма мілей нідзе кутка другога.

Дарога, што адкрыла цэлы свет,

Вяртаецца да роднага парога.

Дзе віравалі ўчора кірмашы,

Спявае сёння Зэльвенскае мора.

Расці, квітней і мары калышы,

Мой родны і любімы сэрцу горад.

— Як і калі быў напісаны ваш першы верш? Хто быў першым чытачом?

— Гледзячы, што лічыць першым вершам. У шостым класе напісаў сачыненне ў вершах. Настаўніца пахваліла мяне і параіла працягваць паэтычныя практыкаванні. Потым быў мой дэбют у зэльвенскай раённай газеце «Праца».
А калі рэспубліканскія выданні — газета «Піянер Беларусі» і часопіс «Бярозка» — надрукавалі мае першыя вершы, на маю галаву звалілася нечаканая папулярнасць. Прыйшлі сотні пісем ад равеснікаў-чытачоў, а я проста не мог адказаць усім адрасатам.

За гэты час у мяне выйшла больш за два дзясяткі кніг паэзіі і дзіцячай літаратуры. Для дарослых у асноўным лірыка, для дзяцей — вершы, казкі, песні, загадкі, скорагаворкі і г.д. Самая новая кніга для малых «Загадка — розуму зарадка» выйшла летась у выдавецкім доме «Звязда». У Маскве выдадзена анталогія «Сучасная літаратура краін СНД», дзе апублікаваны і мае вершы.

— Мая вам павага і як паэту-песенніку. А калі была напісана першая песня на словы Уладзіміра Мазго? Як складвалася праца з кампазітарамі і выканаўцамі?

— Першыя самадзейныя песні на мае словы нарадзіліся яшчэ ў школе. Іх выконвалі Гарык Калеснікаў, Валодзя Генюш — маладзёжны састаў ВІА «Русічы» Зэльвенскага раённага дома культуры. Пачынаючы з 1992 года супрацоўнічаў з беларускімі кампазітарамі і спевакамі. За гэты перыяд створана больш за сотню песень, што прагучалі на рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, на радыё і тэлебачанні. Іх выконвалі народныя, заслужаныя, маладыя і юныя артысты. Ад дзіцячых гуртоў «Буслік» і «Хвілінка» да Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Больш за трыццаць гадоў звязвае мяне творчае сяброўства з кампазітарамі Леанідам Захлеўным, Алегам Елісеенкавым.

— Многія сучасныя пісьменнікі шмат разважаюць пра творчы крызіс і выгаранне. Ці здаралася з вамі такое? Як быць у падобным выпадку?

— Творчы крызіс, напэўна, бывае ва ўсіх. Калі ў мяне не пішуцца вершы, пераходжу на нешта іншае. Напрыклад, чытаю альбо перакладаю. Еду на дачу, дзе заўсёды знойдзецца нейкі занятак.

— Сустрэчы з чытачамі — неад'емная частка вашага жыцця. Вы з тых пісьменнікаў, хто рэгулярна прыходзіць у школы, каледжы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, бібліятэкі. Раскажыце, калі ласка,  самы запамінальны выпадак з падобных мерапрыемстваў.

— Сапраўды, цікавых сустрэч з чытачамі было вельмі і вельмі многа. У сталічнай гімназіі дзеці ўручылі мне папяровы «Кубак дзіцячага пісьменніка-чэмпіёна», выраблены ўласнымі рукамі. Гэта была іх рэакцыя на маю кнігу «Хутка стану чэмпіёнам».

— Што б параілі пачытаць малым, дарослым, сталым?

— Як былы супрацоўнік дзіцячага часопіса «Вясёлка», раю хлопчыкам і дзяўчатам рэгулярна чытаць «Вясёлку» і «Бусю», дзе друкуецца шмат цікавага і карыснага. Усе навінкі сучаснай дзіцячай літаратуры. Як былы супрацоўнік і сённяшні аўтар літаратурна-мастацкіх часопісаў «Полымя», «Нёман», «Маладосць», рэкамендую дарослым чытачам звярнуць увагу на гэтыя выданні. Каб быць у курсе ўсіх літаратурных навін нашай краіны.

— Штогод на вашай радзіме праходзіць свята паэзіі і музыкі «Зэльвенскія сакавіны». Што запланавана на сёлетнюю вясну?

— Больш за чвэрць стагоддзя ў Зэльве праходзіць свята паэзіі і музыкі «Зэльвенскія сакавіны». А пачалося яно з маёй сустрэчы з чытачамі ў зэльвенскай СШ № 2 у 1997-м, дзе мы вырашылі праводзіць такія мерапрыемствы штогод. Цяпер свята ладзіцца на сцэне Дома культуры з падтрымкай раённай бібліятэкі і райвыканкама. За гэты час зэльвенцы адкрылі для сябе шмат вядомых пісьменнікаў, кампазітараў, артыстаў. Тут выступалі Генадзь Пашкоў, Міхась Пазнякоў, Алесь Марціновіч, Іван Саверчанка, Мікола Мятліцкі, Уладзімір Саламаха, Мікола Чарняўскі, Алег Елісеенкаў, Эдуард Ханок, Якаў Навуменка, Дзмітрый Качароўскі і іншыя. Хто будзе госцем гэтай вясной — пакуль сакрэт…

— Аб чым піша Уладзімір Мазго сёння? Можна, калі ласка, некалькі радкоў ад юбіляра?

— Канешне, сёння ўсе мае думкі аб новай вясне.

Зваротных птушак дзіўныя пісьмёны

Чытаеш у нябёсах над сабой

І зіхаціш, узнёслы і натхнёны,

Нібыта хлебароб перад сяўбой.

— Шчыры дзякуй, Уладзімір Мінавіч! Прыміце нашы віншаванні і найлепшыя пажаданні!

ВІНШУЮЦЬ СЯБРЫ І КАЛЕГІ

Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ, кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь:

— Уладзімір Мазго — адзін з лепшых беларускіх паэтаў. Ён прыгожа і смачна падае родную мову. Паэзія нашага юбіляра — увасабленне дабрыні і шчырасці. Знакавую ролю ў маім творчым жыцці мае судакрананне вершаў паэта з маёй музыкай. Напрыклад, да песні «Святло малітвы» была створана спачатку музыка. А Уладзімір Мінавіч знайшоў у сваёй душы тыя самыя патрэбныя словы, якія цалкам адпавядалі матэрыялу, што я прапанаваў. Сэнсава, рытмічна, вобразна майстра патрапіў у самае сэрца кампазітара і мноства слухачоў. Супадзеннем гэта не назавеш, бо на словы Уладзіміра Мазго напісана шмат цудоўных песень для дарослых і маленькіх беларусаў. Зычу моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення і новых твораў на радасць шаноўным чытачам і слухачам!

Алена СТЭЛЬМАХ, першы намеснік старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»:

— У пісьменнікаў прынята гаварыць: калі хочаш лепш спазнаць паэта, трэба пабываць на яго радзіме. І вось сакавіцкім ранкам імчым з Мінска ў Зэльву. Там нас чакае паўнюткая ў раённым Доме культуры зала. А пакуль галоўны завадатар сустрэчы Уладзімір Мазго распавядае нам пра рознае ў яго жыцці: пра ката, які баяў яму на печы свае песні, а пасля песні ўжо самога паэта пакаралі Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, пра «Зэльвенскія сакавіны», якія з асабістага выступлення перад землякамі перараслі ў традыцыйныя штогадовыя сустрэчы са знакамітымі творцамі.

Вось і сёння такая нагода: пабываць там, дзе вытокі, дзе сэрца б'ецца часцей, дзе радасцю напаўняюцца грудзі. Чым бліжэй да слыннага мястэчка Беларусі, тым усё болей гэта адчуваецца. Валодзя праз акно аўтамабіля ківае ў бок, дзе стаяла яго хата, і ў бок сцяжынкі, што вяла ў школу. І ты таксама наталяешся вялікім пачуццём малой радзімы, якая дала паэту крылы, узнесла яго да вяршынь мастацкага слова. Бачым, як шчыра, радасна сустракаюць паэта землякі, вераць яго слову, захапляюцца талентам. Значыць, дарагі калега, так і надалей: бадзёра, шпарка па жыцці! Каб брынялі сакавіны новымі творамі!

rovdo@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter