І г. д., і да т. п., ці Правапіс графічных скарачэнняў

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар  ІЎЧАНКАЎ.

Ад літарных абрэвіятур трэба адрозніваць гра-фічныя скарачэнні. Яны ўяўляюць сабой даволі спецыфічны факт пісьма, бо не з’яўляюцца самастойнымі словамі, пры чытанні замяняюцца тымі словамі, скарачэннямі якіх з’яўляюцца. Пры вымаўленні заўсёды чытаюцца поўнасцю.
Графічныя скарачэнні бываюць умоўнымі, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад у слоўніках, даведніках. Яны становяцца зразумелымі пры наяўнасці спісу скарачэнняў у выданні. Так, у “Арфа-
графічным слоўніку” М.П.Лобана і М.Р.Судніка пададзена звыш  40 “прынятых у слоўніку скарачэнняў”, у склад якіх уваходзяць спецыяльныя (пазначэнне тэрмінаў: ав. — авіяцыйны, анат. — анатамічны, бат. — батанічны, гандл. — гандлёвы і інш.; даюцца лінгвістычныя характарыстыкі: адз. — адзіночны лік, выкл. — выклічнік, дап. — дапаўненне, заг. — загадны лад і інш.) і агульнапрынятае (і пад.). Такія скарачэнні з’яўляюцца для таго, каб не паўтараць словы цалкам шмат разоў. Яны дапускаюцца ў спецыяльных выданнях, але павінны адпавядаць пра-вілам, пра якія гаворка пой-
дзе крыху ніжэй.
Агульнапрынятыя гра-фічныя скарачэнні маюць іншую прыроду. Яны могуць узнікаць у любым тэксце, у тым ліку і ў рукапісным. Такія скарачэнні павінны абазначаць агульнавядомыя словы. Звычайна не патрабуюць спецыяльных тлумачэнняў, могуць прымяняцца ў любых выданнях, за выключэннем тых, якія разлічаны на чытача-пачаткоўца. Аднак усе яны павінны адпавядаць нормам.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” падаюцца агульныя патрабаванні да скарачэння слоў і прыводзіцца пералік найбольш ужывальных, агульнавядомых графічных скарачэнняў.
Скарачэнне слоў рэгламентуецца наступнымі правіламі:
нельга скарачаць на галосную літару, на ь, на й і на ў;
пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай: насен. фонд;
пры збегу дзвюх або некалькіх зычных скарачэнне робіцца на  апошнюю зычную: народн. творчасць.
Прыводзяцца даволі агульныя патрабаванні да скарачэнняў. У любым даведніку, слоўніку ці спецыяльнай літаратуры могуць з’явіцца скарачэнні слоў, што часта паўтараюцца ў выданні, але толькі ў адпаведнасці з адзначанымі вышэй правіламі. Паводле іх павінны фарміравацца і агульнапрынятыя скарачэнні. Гэтыя нормы былі замацаваны “Правіламі” (1959). У новай рэдакцыі з’явілася яшчэ адно прадпісанне: калі імя або імя па бацьку пачынаецца з дыграфа Дз, то ініцыялам выступае толькі літара Д: Дзмітрый Дзмітрыевіч — Д.Д. Напісанне літары Д датычыцца таксама і гукавых (ініцыяльных) (ДЭК), і літарных (СНД) абрэвіятур. Справа ў тым, што дз і дж з’яўляюцца дыграфамі (спалучэннямі дзвюх літар), якія абазначаюць адпаведныя гукі. Па аналогіі рэкамендуецца скарачаць імёны тыпу Джэк, Джон, Джонатан ініцыялам Д.: Д. Лондан,
Д. Апдайк, Д.Свіфт.
Пры графічных скарачэннях ставіцца кропка і захоўваюцца тыя ж знакі і пачатковыя літары, якія ўласцівы поўнаму напісанню: В.-Д. к. (Волга-Данскі канал), с.-д. партыя (сацыял-дэмакратычная партыя),  чл.-кар. (член-карэспандэнт).
Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га (гектар), см (сантыметр), кг (кілаграм), км (кіламетр) і інш.
Ніжэй прыводзяцца агульнапрынятыя скарачэнні, якія не патрабуюць спецыяльнага тлумачэння.
Напрыклад:
акад. — акадэмік (пры прозвішчы);
б. — былы;
бухг. — бухгалтэрыя;
в. — вёска (пры назве);
в.а. — выконваючы абавязкі;
в-аў — востраў (пры назве);
вобл. — вобласць
(пры назве);
воз. — возера (пры назве) ;
г. — год (пры абазначэнні лічбамі);
г. — горад (пры назве);
гг. — гады (пры абазначэнні лічбамі);
г.зн. — гэта значыць (пасля пералічэння);
гл. — глядзі (пры спасылках);
гр. — грамадзянін (пры прозвішчы) ; дац. — дацэнт
(пры прозвішчы); заг. — загадчык (пры ўказанні чаго? — аддзела, часткі, кафедры, а не (!) аддзелам, часткай, кафедрай);
зб. — зборнік (пры ўказанні чаго? — навуковых прац, афіцыйных матэрыялаў);
і г.д. — і гэтак далей (пасля пералічэння);
і да т.п. — і да таго падобнае (пасля пералічэння);
і інш. — і іншае (пасля пералічэння);
і пад. — і падобнае (пасля пералічэння);
нам. — намеснік
(пры ўказанні пасады);
напр. — напрыклад (пры спасылках);
н.ст. — новы стыль;
н.э. — наша эра;
параўн. — параўнай
(пры спасылках);
п-аў — паўвостраў (пры назве);
праф. — прафесар (пры прозвішчы);
р. — рака (пры назве);
р-н — раён (пры назве);
руб. — рубель (пасля лічбы);
с. — старонка (пры спасылках);
с.-г. — сельскагаспадарчы;
сс. — старонкі
(пры спасылках);
с/с — сельскі савет (пры назве);
ст. — стагоддзе (пасля пералічэння);
стст. — стагоддзі (пасля пералічэння);
ст.ст. — стары стыль;
сп. — спадар (перад прозвішчам);
т. — том (пры спасылках перад ці пасля лічбы);
тав. — таварыш (перад прозвішчам);
т-ва — таварыства;
т.зв. — так званы;
тт. — тамы (пры спасылках перад ці пасля лічбы).
У адрозненне ад “Правіл” (1959) у новай рэдакцыі графічныя скарачэнні для большай зручнасці пры пошуку іх у пераліку падаюцца ў алфавітным парадку. Заўважым, што пры скарачэннях множнага ліку (тамы — тт.,гады — гг., стагоддзі — стст.) кропка ставіцца адзін раз.
Увага! Не дзеляцца пры пераносе абрэвіятуры, якія пішуцца вялікімі літарамі або з’яўляюцца спалучэннем літар і лічбаў, а таксама графічныя скарачэнні слоў і выразаў: ААН, ЮНЕСКА, НАТА, АБСЕ, ДАІ, АІ-95, г.д., г.зн., стст.; не адрываюцца пры пераносе ад лічбаў далучаныя да іх злучком канчаткі або часткі канчаткаў: а 19-й (гадзіне), 1-га (студзеня); не адрываюцца ад проз-вішчаў ініцыялы: Я.Брыль, К.М.Міцкевіч, Я.Ф.Карскі, Гурскі М.І.; пры пераносе нельга адрываць ад лічбы скарочаныя назвы адзінак вымярэння: 1990 г., ХХІ ст., 100 кг, 50 га, 2 км, 10 см, 1000 руб.
У наш час з’явіліся новыя графічныя скарачэнні, якія распаўсюджаны ў кароткіх мабільных паведамленнях (sms) і інтэрнэт-маўленні. Звычайна гэта варварыстычныя графічныя скарачэнні іншамоўных выслоўяў. Іх налічваецца шмат. Напрыклад, add — адрас, aml — усё маё каханне, atb — усяго добрага, aka — таксама вядомы як, r u ok? — з табой усё добра? і дзясяткі іншых. Для аператыўнага маўлення гэта натуральная з’ява, але яна мае даволі спецыфічны характар. Да яе трэба ставіцца як да часовага праяўлення інфармацыйна-тэхналагічнага выбуху. Пакуль не будуць знойдзены яшчэ больш зручныя спосабы кантактавання...

Зваротная сувязь

Дзень добры, паважаны Віктар Іванавіч! Чытаю Вашы ўрокі, асабліва з цікавасцю чытае іх мой сын, які пісаў некаторыя працы і па беларускім правапісе. Можа, у Вас ёсць свая думка па такім пытанні: чаму зараз у газетах пішуць займеннік Вы і вытворныя ад яго словы з малой літары? Хіба не трэба нам паважаць правілы падручнікаў, звычайных, школьных? Вучоныя ж людзі стваралі гэтыя правілы!
Лідзія Васільеўна Трацьяк, чытач газеты, г. Івацэвічы Брэсцкай вобласці

Ведаю, што ў асабістых лістах слова Вы трэба пісаць з вялікай літары. А калі гэта ў часопісе, газеце? Паставім з вялікай — “Ваша школа”, “Ваша кампанія”, “Ваш завод” і г.д. Атрымліваецца, што гэта яго асабісты завод, але ж гэта няправільна?
AkkaKij

Дзень добры! Як трэба пісаць слова вы ў інтэрв’ю? Там жа зварот да аднаго чалавека. Напісаць з малой літары — значыць выказаць непавагу да суразмоўцы! Што, у газетах, часопісах прынята так рабіць?
LiSar

— Шаноўная Лідзія Васільеўна, дзякуй Вам за цікавае і надзённае пытанне. Зварот на вы ўжо сам па сабе з’яўляецца знакам ветлівага стаўлення да суразмоўцы. Правіла аб напісанні займенніка Вы з вялікай літары пры ветлівым звароце прымяняецца па жаданні пішучага. І ў асабістым пісьмовым звароце Вы самі выбіраеце, з якой літары напісаць гэтае слова.
Паважаны AkkaKij, у нейкім сэнсе Вы маеце рацыю. Пры звароце да некалькіх асоб або няпэўнага кола асоб (напрыклад, пры звароце да чытацкай аўдыторыі газеты або часопіса, пры звароце да наведвальнікаў сайта, у аб’яве, адрасаванай шырокаму колу асоб, і да т. п.) займеннікі вы, ваш пішуца з малой літары.
У Вашым пытанні, LiSar, закранаецца спецыфіка жанру інтэрв’ю. Традыцыя пісаць вы з малой літары ў інтэрв’ю (і не толькі), якая ўзята на ўзбраенне СМІ, выклікана тым, што на газетнай паласе дзейнічаюць крыху іншыя законы, чым у дасланым лісце ці дакуменце. Яны выкліканы дызайнам, вёрсткай, шрыфтоўкай тэксту. Углядаць у такім напісанні няветлівае стаўленне да суразмоўцы няварта.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter