“Экзотыка па-астравецку”. Экзотыка ва ўсіх яе праяўленнях сваёй таямнічасцю, нязведанасцю, непадобнасцю да звычайнага і штодзённага прываблівае і ўпрыгожвае жыццё...

А калі гэта “экзотыка” жывая, з васьмю вачамі і лапамі, з двума клыкамі, рознакаляровая, “нарадзілася” ў тропіках, а цяпер  жыве ў Астраўцы, не пазнаёміцца з ёй — грэх. Віталь Белцік — адзін з нямногіх, а можа, і адзіны ў Астравецкім раёне знаўца павукоў-тарантулаў, які ведае пра трапічных “гасцей” не з кніжак, а з уласнага вопыту сумеснага жыцця.

Як усё пачалося? Віталь быў адным з першых, хто пабываў у экзатычным зоатэрарыуме, які колісь прыязджаў у Астравец. Але не на рознакаляровых гадзюках і двухметровых кракадзілах, якія парываліся выскачыць са шкляной “турмы”, спыніўся позірк хлопца. Чучала тарантула, якое нагадвала жывога, але спячага павука, як магнітам, прыцягвала цікаўнага наведвальніка. За час знаходжання тэрарыума ў райцэнтры хлопец з разраду  наведвальнікаў перакваліфікаваўся ў “гаспадара”. Уладальнікі “заадома” як толькі заўважылі, з якой цікавасцю, нястрымным жаданнем хлопец стараецца даведацца больш пра экзатычных павукоў, як распытвае пра кожную дробязь, прынялі яго ў свой “лагер”. У Віталя з’явіўся ўласны ключ ад “дома” любімцаў і строгі наказ не лезці, дзе напісана: “Асцярожна: ядавіты!” Тыя, хто ўпершыню прыходзіў у тэрарыум, не ведаючы, што астраўчанін такі ж “гаспадар”, як і яны, прасілі дазволу зрабіць здымак каля незвычайных жывёлін. Віталь канешне ж нікому не забараняў...
Хутка зоатэрарыум паехаў, а непераможнае хлопцава жаданне сябраваць з трапічнымі “цікавосткамі” засталося. Любоў да жывёлін у Віталя ўзнікла не спантанна. Жылі ў яго дома і вавёрка, і падбітая варона, якую некалі ён знайшоў і паставіў на ногі, дзве чарапахі... Але ж гэта не экзотыка! І вырашыў Віталь “прапісаць” у сябе павучка. Не звычайнага, а акурат такога, якога бачыў у тэрарыуме. Канешне, адразу захапленне юнака  хатнія прынялі насцярожана: “Страшныя ж тыя павукі. Ды і ядавітыя...” Пасля  шматтыднёвых угавораў мацi здалася. “Заводзь. Але калі я буду іх баяцца, вернеш гаспадару”, — папярэдзіла яна. Не спалохалася. Наадварот, пасябравала з павуком і цяпер поўнасцю падзяляе сынава захапленне.
— А вось сястра, хоць прайшло ўжо больш чым год, да гэтага часу абыходзіць павукоў, — гаворыць Віталь. — Нічога, калі яе маленькая дачка без кроплі страху на твары гадзінамі можа назіраць за тарантуламі — і матуля звыкнецца.
Тарантулы — “звяркі” капрызныя і патрабуюць да сябе ўвагі. Зараз у яго два “Брахіпельмо Ваганса”. Хлопец адразу папярэджвае, што калі вырашылі купіць “экзота”, то лепш узяць павука, які нарадзіўся ў штучных умовах: напрыклад, у зоамагазіне. Бо трапічныя могуць быць хворымі, і невядома, колькі яны пражывуць. Дарэчы, самкі жывуць куды даўжэй за самцоў —  каля 25 гадоў супраць трох ці, у лепшым выпадку, дванаццаці — у залежнасці ад віду. Такое кароткае жыццё Віталь тлумачыць тым, што ў самцоў жыццёва важныя працэсы ідуць значна хутчэй. Таму яны ўжо сталыя, калі іх “сяброўкі” яшчэ дзяўчынкі. Вырастаюць тарантулы ў сярэднім да 15 сантыметраў, дома — да 10.
Асноўныя цяжкасці па ўтрыманні “экзотыкі” — харчаванне. Зоамагазінаў у раёне няма, бліжэйшы — у Ашмянах. “Хот-дог” з таракана для тарантулавага абеду каштуе 150 рублёў. Аднаго “стасіка” хапае надоўга: тарантулы, як вярблюды, назапашваюць ежу. Таму з лёгкасцю могуць пражыць месяц “духам святым”. Карміць іх можна карлікавымі і белымі мышамі, конікамі і цвыркунамі. Сыты тарантул ніколі не будзе есці большага за сябе. Дарэчы, у страўніку тарантулаў знаходзіцца сэрца, i калі яго перакарміць, яно можа лопнуць разам з “брушкам”...
Не трэба забывацца, што тарантулы не адмовяцца ад “чалавечыны”. Але і баяцца не трэба: калі ўсё нармальна з імунітэтам і арганізмам, усё закончыцца, у горшым выпадку, невялікімі сутаргамі ў пашкоджаным месцы, пачырваненнем, павышэннем тэмпературы. Ніякіх спецыяльных прышчэпак супраць укусу рабіць не трэба. Дзейснае лякарства — піць больш вадкасці і вітамінаў. Але лепш не трывожыць ядавітага павука, а проста назіраць за ім.
Тарантулы любяць чысціню і парадак. Часта, як каты, мыюцца лапкамі. А калі ім “надакучвае” старая скура, яны скідваюць яе і  змяняюць на новую: малыя — два разы за месяц, потым — раз у два месяцы. Калі становяцца дарослымі — раз у паўгода ці год. “Трафеі”, пакуль цёплыя, Віталь набівае ватай або паралонам, а потым як сувеніры дорыць сябрам.
— Два павукі — добра, але мала, — з іскрынкай у вачах гаворыць Віталь. — Яшчэ б аднаго... Ды і ад змяі, напрыклад полаза, не адмовіўся б. Ягуана — гэта мая мара, але пакуль што толькі ў праекце.
На пытанне, ці хацеў бы ён адкрыць уласны тэрарыум, Віталь адказаў катэгарычна: “Не!” Сваё будучае ён звязвае з больш сур’ёзнай прафесіяй. А захапленне павукамі і надалей застанецца хобі, адпачынкам, экзатычным і незвычайным заняткам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter