Іўеўскія дакопкі

Іўеўчане сумаваць не любяць. Вось таму такую звыклую ўвосень справу, як збор ураджаю бульбы, ператварылі ў сапраўднае свята. Фестываль мясцовага маштабу “Іўеўскія дакопкі” — мерапрыемства унікальнае не толькі па сваёй задуме, але і па назве. У гэтым краі, калі нявыкапанай бульбы застаецца ўсяго некалькі баразён, суседзяў, сяброў гаспадыня кліча на дакопкі.

Свята, прысвечанае бульбе, прайшло ў Іўі з вялікім размахам. На ўпрыгожаных стужкамі вазах, запрэжаных рэзвымі коньмі, з песнямі, прыпеўкамі па галоўных вуліцах Іўя пракаціліся галоўныя завадатары фэсту — вакалісты народных калектываў. А потым на плошчы ў цэнтры горада разгарнулі кірмаш. Там і выстава лепшых сартоў бульбы, вырашчанай на мясцовых падвор’ях, і прэзентацыя дэкаратыўных работ з бульбы. А майстрыхі кулінарыі з мястэчка Ліпнішкі прапанавалі нават меню на тыдзень, поўнасцю састаўленае з бульбяных страў, — бабка, дзеруны, зразы — з грыбамі, з цыбуляй, са скваркамі... І, вядома, не абышлося без канцэрта лепшых творчых калектываў Іўеўшчыны, сярод якіх і тыя, што спяваюць прыпеўкі. Шмат якія з іх былі напісаны спецыяльна да бульбянога свята і, зразумела, пра наш другі хлеб — бульбу. Ім прысвечаны сённяшні выпуск “Чаму б нам не спець!”.
Эх, бульбачка!
З прыпеўкай па жыцці крочыць жыхарка вёскі Бакшты дырэктар сельскага клуба Ніна Шэмет. Нарадзілася ў Іўеўскім раёне і замуж выйшла за свайго земляка. Цяжка было напачатку маладой сям’і. У пошуках лепшага жыцця паехалі жыць ва Украіну, але праз два гады вярнуліся на Радзіму. “Няма лепшага месца, чым родная старонка, — гаворыць Ніна Аляксееўна. — Не тужыць і будаваць паціху сваё сямейнае шчасце дапамагаў аптымізм і песня. У маёй радні ўсе галасістыя. І тата, і мама, і тры сястры. З сястрой Любай часта выступаем дуэтам у нашым сельскім клубе. Прыпеўкі прыдумваем самі, запісваем тыя, што спяваюць нашы бабулі”.
Эх, бульбачка,
Расце за мосцікам.
На абед гасцям падам
Рожкі з хвосцікам.

Эх, бульбачка,
Ды з агурочкамі.
Людзі хваляцца сынамі,
А я — дочкамі.

Эх, бульбачка, —
З пагорка коціцца.
Дзеўкам толькі за багатых
Замуж хочацца.

Эх, бульбачка —
Жывот гарбузікам!
Заснавалі
прадпрыемства —
Дзірка з гузікам.

Я на ківі гляджу,
Усміхаюся.
Смачнай бульбачкай
Аб’ядаюся.

Эх, бульбачка!
Нашу яе дзяжой.
А кароўку з Беларусі
Дояць за мяжой.

Эх, бульбачка!
Пячэцца — дзьмухаем.
Сёння мяса не ядзім,
А толькі нюхаем.
І нічога дзіўнага ў гісторыі з гэтай жанчынай, падумае нехта з чытачоў, як і я, у першыя хвіліны размовы з ёй. А калі да агульнай карціны клопатнага сельскага жыцця дадаць яшчэ шасцёра дзяцей? Так-так! Заўзятая спявачка, прыпевачніца Ніна Аляксееўна яшчэ і маці-гераіня. Старэйшаму яе сыну Сяргею 23 гады. Зараз у яго ўжо свая сям’я. Першага ўнучка Паўлушу падараваў наступны сын Мікалай. Кацярынцы ўсяго дзевяць, але яна першая памочніца маме, калі трэба пасядзець з самымі малодшымі — Паўлам, Дар’яй і Кірылам.
У Шэметаў свая гаспадарка — карова, свінні, куры... “Гэта і дапамагае гадаваць дзяцей, — расказвае Ніна Аляксееўна. — Грашовую дапамогу дзяржавы атрымліваю толькі 50 працэнтаў на самага малодшага Кірыла, яму яшчэ няма двух гадоў, бо сямейны даход перавысіў усяго на некалькі тысяч патрэбную велічыню для выплаты поўнай дапамогі. Калі Кірылу было толькі сем месяцаў, вярнулася на працу. А як можна жыць без грошай?!”
Сям’я з васьмі чалавек жыве ў доме, які ім выдзеліў калгас, калі Шэметы толькі пераехалі жыць у Бакшты. “Выхоўваць дзяцей у вёсцы і цяжка, і лёгка, — прызнаецца Ніна Аляксееўна. — Клопату, напэўна, больш, чым у тых, хто жыве ў горадзе, аднак у нас тут паветра свежае, прырода добрая, рэчка прыгожая, лес. Жывём мірна, не сварымся. Кожную нядзелю ходзім у царкву. Прытрымліваемся такога правіла: “Жыві па-божаску, і ўсё будзе добра”. 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter