Репортаж с белорусского сафари и экологического фестиваля «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю»

...Чаму ў верасні жураўлі ў Міёры ляцяць

Кожны край у сучасным глабальным свеце стараецца адшукаць і выкарыстаць пэўную разынку. У Шаркаўшчыне гэта сікораўскі яблык, у Лёзне — духмяныя суніцы, у Глыбокім — спелая вішня, у Міёрах з турыстычным брэндам трапілі, што называецца, не ў брыво, а ў вока. Тутэйшыя славутасці — жураўлі і журавіны. Выпадкова? Не. Ды і як інакш, на Міёршчыне адно з самых вялікіх верхавых балот у Еўропе — Ельня, раскінулася на 25 тысяч гектараў і налічвае каля 9 тысяч гадоў. Мясцовыя за сезон тут збіраюць да 500 тон журавін, у любы бок, куды ні звернеш з высланай насцілам экасцежкі, — скрозь «чырвонае золата». А яшчэ ў жніўні і верасні сюды злятаюцца тысячы шэрых журавоў, каб падсілкавацца перад доўгай дарогай у вырай. На сёлетнім фестывалі групы турыстаў змянялі адна другую, аўтобусы толькі паспявалі курсіраваць на назіральную пляцоўку, а журавы не стамляліся пазіраваць. На самае карыснае ў плане вітамінаў і экзатычнае ў плане журавоў і Ельні свята з’ехаліся журналісты, дэлегацыі з грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Нацыянальнага агенцтва па турызме, каталіцкай суполкі «Карытас». Мэта адна — наталіцца беларускім сафары.


МІНЧАНІН Дзмітрый Алісяёнак у Міёры ў суботу прыехаў з жонкай, братам і сябрамі, на дзвюх машынах без напругі праімчалі больш за 200 кіламетраў — схадзілі на Ельню, закупіліся журавінамі, паназіралі за шэрымі журавамі:

— Прыдбалі 15 літраў ягад, на сняданак гатуем з імі кашы. Добра правялі час, на лета ізноў прыедзем. Шчыра прызнацца — мы і сёлета не ўпершыню!

Паўвостраў, дзе ладзіўся фестываль, літаральна блішчэў ад «чырвонага золата». Кошыкі, слоікі, мяхі — якая хочаш тара. Святлана Урбанская збірае ягады сама, хоць у яе не надта добрае здароўе: за дзень напаўняе на балоце па два-тры дзесяцілітровыя вядры. Гэты сезон, кажа, урадлівы. Сёстры Алена Кліменцьева і Ксенія Маскаленка на рэалізацыю падрыхтавалі дзесяць мяхоў вітаміннага бурштыну, які разышоўся нібыта з малатка.

Мама ў дэкрэце Алена Кліменцьева на фестывалі прадала сем мяхоў журавін. 

Старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава цешыцца, што брэнд, які прыдумалі свайму краю, ужо дзявяты раз збірае прыхільнікаў і не падводзіць:

— У Міёрах ёсць візіт-цэнтр «Ельня», прысвечаны флоры і фаўне верхавога балота. Калі ў 2012-м яго адкрывалі, пазнаёмілася са старшынёй грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандрам Вінчэўскім, ён і прапанаваў арганізаваць такі фэст. Напачатку не верыла, што будуць ахвотнікі паехаць на поле і назіраць з дапамогай оптыкі за журавамі. Аднак калі валанцёры з гэтага аб’яднання пра птушку ўсё расказалі, то ў першы сезон для экскурсій нават не хапіла аўтобусаў, такі быў попыт. Тады пераканалася, што ёсць рэзон развіваць брэнд. Па завядзёнках запрашаем многа гасцей, летась прыязджалі латышы, расіяне. З-за каронавіруса свята стала больш кулуарным, адмовіліся ад падворкаў з ежай, якой зазвычай частавалі землякоў прадстаўнікі сельсаветаў. Але, пераадольваючы складанасці, становімся мацнейшымі і на гэты раз прыдумалі навінку — майстар-класы. Таксама з разынак — распісныя пернікі ад міярчанкі Ксеніі Маскаленкі, сувеніры з лагатыпамі і, канечне — журавіны. Адзін год іх больш за пяць тон разышлося!

Старшыня Міёрскага райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава на майстар-класе пляце кошык з лазы.

Надвор’е сёлета не падвяло, не пралілося ні дажджынкі. Да балотнай экасцежкі можна дайсці нават у туфлях. Звычайна без гумовых ботаў не абы­дзешся. Так, экасцежка, назіральныя вышкі, падзорныя трубы і яшчэ многа атрыбутаў ёсць на Міёршчыне, каб прапагандаваць і рабіць вядомым свой край. Для развіцця раён выйграў грант на мільён еўра і цяпер яшчэ актыўней распаўсюджвае свой брэнд. Працуе праект «Разам для грамады і прыроды», пад яго створана творчая каманда, каардынуе якую неўтаймоўная Надзея Дударонак. Новым крокам у напрамку да будучыні стала стварэнне брэндбука, які выканала крэатыўнае агенцтва «Малако». Простымі словамі, яны падказалі, як зрабіць, каб край асацыяваўся з лакальнай экзотыкай. Усе ведаюць, што такое лес, рэкі, палі, але мала дасведчаных пра балоты. Сапраўды, гэта дзіўная рэч, якая заўсёды па-новаму можа здзіўляць, бо кожны сезон мяняецца. Турмаршруты ўключаюць і іншыя славутасці раёна — касцёл, вадаспад, самы маленькі беларускі горад Дзісну, мястэчка Лявонпаль з палацам Лапацінскіх. Але лёгкія Еўропы і беларускія Бермуды — мясцовае балота як лакаматыў пазнавальнасці. І важна яго прасоўваць!

ЗАЙМАЮЦЦА гэтым бадай усе тутэйшыя — гаспадары аграэкасядзіб прапануюць сувеніры з сімволікай, мясцовыя прадпрыемствы разма­лёўваюць фасады, камунальнікі ў экастылі аздабляюць горад, мясакамбінат вырабляе з журавінамі каўбасу, а хлебазавод — печыва. Адмысловую прадукцыю «з кіслінкай» можна было набыць на фестывалі, нешта прама тут і гатавалася.

Не адзінай матэрыяльнай ежай сыты чалавек. Пра другую акалічнасць паклапаціліся цэнтральная раённая і дзіцячая бібліятэкі. Дырэктар сістэмы Таццяна Цыцыліна паказала экапляцоўку з рознай літаратурай. А для дзяцей і дарослых кніжнікі прыдумалі квесты, развівальныя карты, віктарыны. Пляцоўку ўпрыгожвалі лесавік і балотнік з рук майстрыцы Алы Грэцкай, а ў рамцы з вянком можна было сфатаграфавацца.


Рамеснікі праводзілі майстар-класы. Ахвотнікі самастойна рабілі рэчы, якія пасля можна было забраць на памяць. Алена Батарчук і яе народны клуб «Святліца» вучылі ляпіць з гліны, выкладчыца школы мастацтваў Наталля Даргель прапанавала народны дэкаратыўны роспіс па тканіне — маляванку. Уладзімір Лук’янец з Браслава, сябра Саюза майстроў, вучыў плесці з лазы. Расказвае, такія вырабы служаць доўга:

— Бацька зрабіў крэсла-качалку, калі я быў піянерам. Мне ўжо 73, а рэч да гэтага часу служыць. Лазой займаюся больш за 20 гадоў, рэгулярна прыязджаю і на журавіннае свята. Міярчане прыдумалі сабе добры сімвал, самае вялікае верхавое балота Ельня гучыць не менш заманліва, чым Браслаўскі азёрны край.

Традыцыйныя свісцёлкі, ласкутнае шыццё, спіральнае пляценне з саломы, унесенае ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі… Чаго тут толькі не было! Шэф-повар, эксперт беларускай і славянскай кухні Алена Мікульчык прапанавала шляхецкую і каралеўскую кухню, цукеркі без цукру па рэцэпце канца XIX стагоддзя, радзівілаўскую закуску — арахісавую пасту з журавінамі.

Тым часам культработнікі падрыхтавалі вялікі канцэрт з міёрскімі і дзісенскімі артыстамі. Вядучы і паэт Аляксей Рачыцкі расказвае, што фішка сцэнарыя — выступленне дзвюх пар дзяўчат-двайнятак, бо ў журавоў часта нараджаюцца менавіта двайняты. Па традыцыі гучаў гімн Ельні, які напісала шаркаўшчынская паэтка Кацярына Сосна. Дакладна прыкмеціла яна: Ельня — лёгкія Еўропы і беларускія Бермуды.

Па водгуках мясцовай улады і гасцей, фестываль удаўся. Жоравы перад гасцямі лопалі крыламі, журавін хапіла, а калі нехта яшчэ не паспеў назапасіць ягад — то на Ельні яны ў самым саку. «Чырвонае золата» канчаткова выспее пад канец кастрычніка, тады на балота звычайна выбіраецца намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба, гэта ператварылася для яго ў своеасаблівы рытуал.

— Журавы і журавіны — славуты брэнд раёна, прыцягвае замежных інвестараў, прыезджых гасцей. Я таксама збіраю ягады, бываю на экасцежцы і не прапускаю фестываль, — заўважае міярчанка Ірына Кубарка, інспектар па кадрах на новым металапракатным заводзе, які вось-вось пакажа сваю поўную магутнасць. Там пакуль заняты 460 чалавек, неўзабаве ў штаце будзе 750. На Міёршчыне хутка з’явіцца новы брэнд і рухавік эканомікі — белая бляха, якую чакаюць многія краіны.

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара і Івана БАРКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter