... І бохан хлеба на стале

Ад людзей сталага веку ў розных куточках Беларусі нам даводзілася чуць наступную параду: «Калі вы хочаце, каб у вашай хаце заўсёды былі мір і ўзаемаразуменне, каб вы ніколі не пасварыліся са сваімі гасцямі, на стол, які вы пачынаеце сервіраваць, перш за ўсё пакладзіце бохан непачатага хлеба і толькі затым стаўце прыгатаваныя стравы».

У традыцыйнай культуры ўсходніх славян стол даволі часта выступаў тым рытуальным атрыбутам, на якім (а часам і пад якім) праводзіліся шматлікія рытуальныя дзеянні, скіраваныя на захаванне або сімвалічнае паяднанне членаў сям’і, на паляпшэнне іх дабрабыту. У адносінах да стала ў народнай культуры і былі выпрацаваны вельмі многія патрабаванні і маральна-этычныя нарматывы. 
Адно з «залатых правілаў” народнай культуры патрабавала, каб стол заўсёды быў засланы чыстым абрусам. У адваротным выпадку «голы» стол немінуча пагражаў дому “галотай”, няшчасцямі. Прычым вельмі строга сачылі за тым, якім бокам засланы абрус: адваротным, “левым” бокам абрус стол засцілалі толькі на памінках, якія сімвалізавалі выключанасць сям’і з святочна-абрадавага жыцця вёскі.
Уважліва сачылі і за тым, каб на стале не было пабочных і, як лічылася, не бясшкодных прадметаў. Перш за ўсё гэта абмежаванне тычылася нажа. Ён сімвалізаваў дзяльбу цэлага на часткі, а гэта пярэчыла асноўнай ідэі беларускіх застолляў -- аб’ядноўваць. На стол нельга было класці грошы: яны асацыіраваліся не толькі з заможнасцю, дабрабытам, багаццем, але і з варожасцю, сваркамі, непаразуменнямі. Забаранялася пакідаць на стале ключы -- можаш хутка пакінуць свой дом і апынуцца там, дзе чалавека замыкаюць “на ключ” -- за кратамі; грэбень -- каб не балела галава, шапку -- можна страціць усё багацце і пайсці з “шапкай у руцэ па свеце”.
Строга сачылі за тым, каб ніхто не стукаў па стале. Лічылі: стол -- гэта “далонь Боская, якую ён працягвае людзям”. За сталом не прынята спяшацца, асабліва хутка есці. Выходзячы з-за стала, трэба было абавязкова падзякаваць Богу за хлеб, мір і спакой у хаце. Калі ж падзяка гучала і ў адрас гаспадароў, то тыя тут жа пераадрасоўвалі падзяку Богу.
Сярод усходніх славян прытрымліваліся абавязковага правіла: заходзіць за стол трэба толькі па сонцы, а вось выходзіць з-за яго пажадана толькі той “дарогай”, якой заходзілі, тады ў сям’і не будзе сварак, а муж і жонка доўга будуць жыць у пары.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter