“Апошнiя навацыi ў прадпрымальнiцтве — гэта небывалы кампрамiс...”, - Андрэй ТУР. Наколькi выраслi нашы заробкi? Як развiваецца эканомiка краiны? Пра гэта i iншае чытачам “НГ” расказвае намеснiк мiнiстра эканомiкi Беларусi Андрэй ТУР.

— Андрэй Мiкалаевiч, як вы можаце ахарактарызаваць сiтуацыю ў айчыннай эканомiцы? Якiя з галiн у лiдэрах, а дзе i не зусiм добрае становiшча?
— Як паказваюць вынiкi работы за пяць месяцаў, дынамiка эканамiчнага росту застаецца пазiтыўнай. Напрыклад, на паўгоддзе ўстаноўлены прагноз росту валавога ўнутранага прадукту ў межах 7,5—8,5 працэнта. Рэальна ж за студзень—май мы атрымалi 8,9.
З усiх 16 прагнозных паказчыкаў амаль усе знаходзяцца ў межах дасягальнага. Пэўнае недавыкананне ёсць толькi ў вытворчасцi нехарчовых тавараў народнага спажывання i нарошчваннi платных паслуг. Не дасягнулi запланаваных параметраў канцэрны “Беллегпрам”, “Беллеспаперпрам”, “Белмясцпрам”.
Рост прамысловай i сельгасвытворчасцi адбываецца ў рамках запланаванага. Крыху знiзiлiся тэмпы па прыцягненню iнвестыцый, але ёсць усе перадумовы, каб сiтуацыю выправiць.
Пры гадавым узроўнi iнфляцыi 8—10 працэнтаў мы атрымалi ў маi толькi 0,6. Гэта менш, чым ва Украiне i Расii.
З леташняга мая да мая сёлетняга колькасць стратных прадпрыемстваў скарацiлася з 38 да 26,5 працэнта. Гэта абумоўлена, у прыватнасцi, i тым, што дзяржава больш увагi надае рабоце прадпрыемстваў, i не толькi вялiкiм, але i сярэднiм, малым.
Павышаецца рэнтабельнасць вытворчасцi. Па вынiках пяцi месяцаў у сярэднiм па народнай гаспадарцы яна склала 13,6 працэнта. Больш як на 20 працэнтаў павялiчыўся знешнегандлёвы абарот. Прычым прырост экспарту значна апярэджвае прырост iмпарту.
— Гэта, безумоўна, важна, тым больш што адбiваецца i на нашых заробках?
— У маi сярэдняя заработная плата ў цэлым па народнай гаспадарцы склала 209 долараў (амаль што 450 тысяч рублёў), у тым лiку ў бюджэтнай сферы — 200,1 долара.
Добра i тое, што скарачаецца мiжгалiновая дыферэнцыяцыя ўзроўню аплаты працы. Напрыклад, летась заробкi ў прадстаўнiкоў розных прафесiй маглi адрознiвацца ў 5 разоў, а сёлета — толькi ў 4,1 (для параўнання: на Украiне гэтая рознiца дасягае 10 i больш пунктаў).
Значна выраўнялiся заробкi i ў рэгiянальным плане. Рознiца памiж абласцямi, калi не разглядаць Мiнск, толькi некалькi долараў. Напрыклад, у Вiцебскай вобласцi сярэднi заробак складае 190 долараў, Брэсцкай — 185, Гродзенскай i Магiлёўскай — 189, Гомельскай i Мiнскай — 203.
— Андрэй Мiкалаевiч, да 1 кастрычнiка, як плануецца, у краiне павiнна быць завершана работа па ўкараненню дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Цi здолеюць усюды асiлiць такую няпростую задачу?
— Думаю, змогуць. Ужо сёння з 44 стандартаў выконваюцца 35, альбо 80 працэнтаў. Поўнасцю завершаны работы ў галiне культуры, сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, гандлю i бытавога абслугоўвання, фiзiчнай культуры i спорту. На жаль, пакуль што ёсць праблемы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дзе ўкаранiлi толькi 10 з 13 стандартаў, у адукацыi — 9 з 10, у сувязi — 3 з 4, транспарце — 2 з 6.
Але, зразумела, укаранiць стандарты — гэта паўсправы, важна потым падтрымлiваць iх на належным узроўнi i забяспечваць якаснае паляпшэнне. Шмат работы яшчэ i ў межах праграмы адраджэння i развiцця вёскi.
— У апошнi час у краiне паменшылiся маштабы прыватызацыi прадпрыемстваў. Чым гэта абумоўлена?
— Адразу скажу, што i прыватызацыя, i нацыяналiзацыя — гэта прызнаныя ў свеце iнструменты iнвестыцыйнай палiтыкi, скiраваныя на павышэнне эфектыўнасцi выкарыстання маёмасцi. Але прыватызацыя як самамэта нi да чаго добрага не прывядзе. Пра гэта сведчыць вопыт нашых суседзяў, дзе спынiлi дзейнасць нават буйныя прадпрыемствы, парушылiся эканамiчныя i тэхналагiчныя сувязi. Рэальны сектар нашай эканомiкi “завязаны” на рабоце прамысловых ланцужкоў. I выпадзенне хаця б аднаго са звёнаў можа адмоўна паўплываць на работу ўсяго комплексу.
Калi прадпрыемства дзяржаўнае i працуе стабiльна, пра прыватызацыю не можа быць i размовы. А калi ж справы iдуць не вельмi добра i трэба абнаўляць абсталяванне, дзяржава можа паспрабаваць справiцца ўласнымi сiламi. Калi ж iх недастаткова,  толькi тады можна весцi размову пра прыватызацыю. Трэба падыходзiць да гэтых пытанняў вельмi разважлiва.
— Прынятыя сёлета заканадаўчыя дакументы, якiя рэгулююць дзейнасць iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, выклiкалi неадназначную рэакцыю. Як вы ахарактарызуеце сiтуацыю ў гэтай сферы? Якiя навацыi нясе закон аб падтрымцы прадпрымальнiцтва, што цяпер распрацоўваецца?
— Пачну з апошняга. Праект гэтага закона нядаўна разглядаўся ва ўрадзе, хаця тыя палажэннi, якiя ён утрымлiвае, у пэўнай ступенi страцiлi сваю актуальнасць. Шмат пытанняў знялi i 148-ы, i 285-ы ўказы Прэзiдэнта краiны. Тым не менш мы накiравалi праект у парламент, дамовiлiся, што будзем яго дапрацоўваць з улiкам норм названых дакументаў, прапаноў дэпутатаў.
Што тычыцца прадпрымальнiцтва ў цэлым, то магу сказаць, што Указ № 285 атрымаўся надзвычай кампрамiсным. Спрэчкi былi не толькi памiж мiнiстэрствамi, але i сярод самiх прадпрымальнiкаў. Канешне, наiўна было б разлiчваць, што адным дакументам можна задаволiць iнтарэсы абсалютна ўсiх. Але, я думаю, ён будзе дзейсным.
Цяпер прадпрымальнiкi, якiя возяць тавар з Расii, будуць мець выбар: плацiць падатак па прадстаўленых дакументах або адзiны — з павышаючым каэфiцыентам. Праведзена i дыферынцыяцыя плацельшчыкаў адзiнага падатку па геаграфiчным прынцыпе.
Iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, канешне, могуць выказваць сваю незадаволенасць тым, што ўводзiцца кнiга ўлiку руху тавараў. Аднак яны павiнны разумець, што гэта — альтэрнатыва мытнаму афармленню. Для таго, каб ажыццяўляць правiльную рэгулюючую палiтыку, дзяржава павiнна ведаць, якiя ў нас рэальна таварныя плынi i на якую суму.
Да нас прыходзiць нямала лiстоў, у якiх прадпрымальнiкi выказваюць тую цi iншую незадаволенасць. Але мала хто ведае, што да нас пiшуць i iншыя: гандлёвыя фiрмы, магазiны, якiя звяртаюць увагу на тое, што знаходзяцца ў параўнаннi з iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi ў горшых умовах. Таму i цэны ў магазiнах вышэйшыя. Работнiкi магазiнаў просяць: выраўняйце ўмовы.
Удасканаленне заканадаўства працягнецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter