«...А дасягнутае — прымножыць»

Сяргей Парошын — пра дасягненні адукацыі Гомельшчыны

На нядаўнiм пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі высокую ацэнку па выніках працы ў мінулым годзе атрымала адукацыйная галіна Гомельшчыны. Упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама адзначана Ганаровай граматай міністэрства. Узнагароду ў час калегіі начальніку ўпраўлення Сяргею Парошыну (на здымку) ўручыў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Паразважаць аб складаемых адметнага поспеху «Р» папрасіла кіраўніка адукацыйнай сферы Гомельскай вобласці.

— Несумненна, значнай падставай для такой высокай ацэнкі нашай працы сталі яркія мінулагоднія выступленні выхаванцаў педагогаў рэгіёна на міжнародным узроўні, — адзначыў Сяргей Парошын. — Школьнікі Гомельшчыны ў 2012-м прынеслі ў скарбонку перамог Беларусі 2 залатыя і столькі ж бронзавых медалёў з міжнародных алімпіяд па інфарматыцы і біялогіі. «Золата» ў секцыі матэматыкі і «серабро» ў секцыі інфарматыкі атрыманы на Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных, што адбылася ў Галандыі. Званне пераможцы міжнароднага турніру юных матэматыкаў заваяваў у складзе каманды рэспублікі выпускнік гомельскай гімназіі № 71 Вячаслаў Мурашка. Першае каманднае месца прывезлі ў мінулым годзе школьнікі вобласці і з Масквы, у тым ліку выхаванка гомельскай гімназіі № 14 Вольга Нянашава атрымала дыплом абсалютнай пераможцы. Там праходзіла VII алімпіяда Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць». У многіх краінах свету на слыху імя выпускніка гомельскай гімназіі № 56 Генадзя Караткевіча, які з’яўляўся неаднаразовым абсалютным пераможцам міжнародных алімпіяд па інфарматыцы. Вызначыліся як лепшыя ў краіне па выніках рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства па спецыяльнасці «тынкоўшчык» і прадстаўнікі ўстаноў прафтэхадукацыі рэгіёна. Гонар для нас, што медалі вышэйшай пробы, заваяваныя нашымі «міжнароднікамі», сёння знаходзяцца ў Музеі гісторыі развіцця адукацыі рэспублікі. Добры падмурак нашым агульным дасягненням забяспечылі многія раённыя аддзелы і ўстановы адукацыі. Назаву некаторых з тых, хто прызнаны лідарам у абласным конкурсе на лепшае забеспячэнне якасці навучання і выхавання. Гэта аддзелы адукацыі Хойніцкага, Добрушскага, Мазырскага раёнаў, адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, Гомельскі абласны ліцэй, СШ № 10 Светлагорска, Козенскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Мазырскага раёна, Бабровіцкая СШ Калінкавіцкага раёна, Лоеўскі педагагічны і Жлобінскі прафесійны каледжы і іншыя.

— Не сакрэт, што за гучнымі перамогамі школьнікаў стаіць руплівая праца дзясяткаў таленавітых педагогаў, якія нястомна сеюць «разумнае, добрае, вечнае». Якімі крокамі ўпраўленцаў падымаецца прэстыж педагагічнай працы ў рэгіёне, што робіцца ў напрамку павышэння якасці педагагічнай дзейнасці?

— У гэтым рэчышчы робіцца нямала. Трывала ўваходзяць у практыку дзейнасці ўпраўлення ў рабоце з настаўнікамі-прадметнікамі селектарныя канферэнцыі, нарады па абмене вопытам педагогаў. У вобласці ў мінулым годзе прайшлі рэгіянальныя конкурсы настаўнікаў замежнай мовы, трэнераў, будучых алімпіяднікаў па фізіцы. Шмат прыемных і хвалюючых момантаў як удзельнікам, так і калектывам школ прынёс і першы абласны конкурс, які вызначыў лепшых кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Гэтыя формы работы ўжо сталі своеасаблівымі брэндамі абласной сістэмы адукацыі. Такімі ж, вобразна кажучы, персанальнымі «брэндамі» з’яўляюцца таленавітыя трэнеры-педагогі — дацэнт кафедры ГДУ імя Скарыны Міхаіл Далінскі і педагог дадатковай адукацыі з Мазыра Аляксей Баруноў, дзякуючы якім выхавана і падрыхтавана цэлая плеяда канкурэнтаздольных, прычым на міжнародным узроўні, школьнікаў, пераможцаў прэстыжных алімпіяд і турніраў. Штогод упраўленне адукацыі ладзіць прыёмы, дзе мы ўрачыста ўшаноўваем лепшых педагогаў і трэнераў каманд, заахвочваем іх прэміямі, каштоўнымі падарункамі і граматамі. Да гэтай удзячнай справы актыўна далучаюцца раённыя органы ўлады, спонсары ўстаноў адукацыі, што робіць ацэнку працы лепшых настаўнікаў публічнай і паўнавартаснай. Не забываемся і пра бацькоў нашых юных «зорак»: пісьмы-падзякі за ўмелае выхаванне нашчадкаў накіроўваем не толькі асабіста ім, але і ва ўстановы, на прадпрыемствы, дзе працуюць бацькі. Дарэчы, зараз упраўленне пры разуменні і падтрымцы кіраўнікоў вобласці актыўна распрацоўвае палажэнне аб устанаўленні персанальных надбавак педагогам, якія дабіліся найлепшых вынікаў у вучэбна-выхаваўчай дзейнасці...

— Адзін з важнейшых накірункаў адукацыйнага працэсу разам з павышэннем узроўню ведаў вучняў — гэта праца па зніжэнні негатыўных праяў у падлеткава-дзіцячым асяроддзі, стварэнні спрыяльных умоў для вучобы і адпачынку моладзі. Чым адметны ў гэтым плане год мінулы?

— З мэтай падтрымкі дзіцячых ініцыятыў, рэалізацыі прынцыпу «Роўны навучае роўнага» ў вобласці ўпершыню арганізаваны форум лідараў маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў і органаў школьнага самакіравання, абласны злёт актывістаў дзіцячых клубаў і гурткоў сяброў міліцыі, юных выратавальнікаў-пажарных і інспектараў дарожнага руху. Летась у рэгіёне рэалізавана міжведамасная праграма «Разумныя канікулы», удзел у арганізацыі разнастайных акцый і мерапрыемстваў з дзяцьмі і падлеткамі прынялі некалькі абласных упраўленняў і структур: камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, БРСМ, аддзел па справах моладзі, упраўленні культуры, унутраных спраў, фізічнай культуры, спорту і турызму... Як вынік — удзельная вага правапарушэнняў і злачынстваў сярод школьнікаў прыкметна знізілася. Дзякуючы сумесным намаганням мясцовых улад, аддзелаў адукацыі, зацікаўленых ведамстваў у мінулым годзе 17 дзяцей, якія засталіся без бацькоўскага клопату, знайшлі новыя сем’і. Зараз яны — выхаванцы трох дамоў сямейнага тыпу, што прынялі навасельцаў у Гомелі, Добрушы і Мазыры. Увогуле ж сёння на Гомельшчыне дзейнічаюць 30 такіх устаноў, у іх выхоўваюцца 250 дзяцей. Але не толькі гэтымі наваселлямі быў адзначаны ў нашай галіне 2012 год. Падтрымка рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў дазволіла нам нават у няпростых эканамічных умовах завяршыць будаўніцтва сучаснай школы № 16 у маладым мікрараёне Мазыра. Яна абсталявана, як кажуць, па апошняму слову... і з’яўляецца адзінай і ўнікальнай на Гомельшчыне. У мікрараёне № 19 Гомеля ўведзены ў дзеянне яслі-сад на 230 месцаў з басейнам. Тут з’явілася рэальная магчымасць не толькі навучаць дзяцей плаванню з малога ўзросту, але і ўмацоўваць іх здароўе, пашыраць спектр адукацыйных паслуг для гараджан увогуле.

— Сяргей Іванавіч, паколькі сёлетні год аб’яўлены Годам беражлівасці, скажыце, якія захады робяцца ў адукацыйнай сферы Гомельшчыны ў напрамку рацыянальнага выкарыстання матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў?

— Мэтанакіравана працуем над гэтым пытаннем некалькі гадоў. Як пацвярджэнне — па выніках рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці «Энергамарафон» вобласць у 2011 годзе прызнана лепшай у краіне. У мінулым годзе мы атрымалі спецыяльны грант Міжнароднага Вышаградскага фонду для рэалізацыі праекта «Энергарандэву ў Беларусі». Ажыццяўленне энергазберагаючага накірунку дазволіла наладзіць супрацоўніцтва з установамі адукацыі Чэхіі, Славакіі, Польшчы. Актуальнай тэмай для нас, асабліва ў рэчышчы апошніх патрабаванняў кіраўніка дзяржавы, застаецца эканомія бюджэтных сродкаў. Таму сёлета працягнем работу па аптымізацыі сеткі адукацыйных устаноў, удасканаленні сістэмы кіравання адукацыйным працэсам, падыходаў да арганізацыі работы ўстаноў новага тыпу. Карэннай рэвалюцыі ў гэтым плане не прадугледжваецца: асновай асноў дзейнасці галіны будзе замацаванне і прымнажэнне дасягнутага, натхнёная праца па павышэнні якасці ведаў.

P.S. Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын узнагароджаны нагрудным знакам галіновага міністэрства «Выдатнік адукацыі». «Рэспубліка» далучаецца да віншаванняў з узнагародай і жадае Сяргею Іванавічу і ўсім педагогам вобласці пакарэння яшчэ больш адметных жыццёвых і прафесійных вышынь.

Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter