“7 цудаў Беларусі” — лепшы творчы праект года. Так вырашыла журы VІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Літара” і ўручыла “Народнай газеце” самую прэстыжную журналісцкую ўзнагароду.

 

 

“Залатая Літара” гэтага года — трэці па ліку Гран-пры, які атрымала “Народная газета” за свае спецыяльныя праекты. “Залатымі” сталі раней нашы дадаткі “Сям’Я” і “Мая Беларусь”. Цяпер вось лепшым творчым праектам года рэспубліканскіх друкаваных СМІ названы і “7 цудаў Беларусі”.
Заўважце, усе гэтыя праекты зроблены з вашай дапамогай, дарагія чытачы, а таксама пры ўдзеле калег з рэгіёнаў, падтрымцы аблвыканкамаў, райвыканкамаў і раённых падраздзяленняў грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Шчыры дзякуй вам, сябры! Будзем і далей разам рабіць газету пра народ, для народа і з удзелам народа.
У гэтым кантэксце хочацца адзначыць і павіншаваць тых з нашых раённых калег, хто таксама атрымаў “Залатую Літару”. Гэта журналісты ваўкавыскай раённай газеты “Наш час”: дыплом і статуэтка конкурсу ўручаны ім у намінацыі “Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі рэгіянальных і шматтыражных друкаваных СМІ”. За лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі вышэйшай прафесійнай узнагароды ўдастоены калектыў “Нясвіжскіх навінаў”.
Звыш 250 заявак паступіла сёлета ад рэдакцый і асобных журналістаў, якія змагаліся за перамогу ў 21 намінацыі конкурсу. “Народная газета” стала лаўрэатам у намінацыі “Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі”, рэдактар аддзела экалогіі Віктар Куклоў — “Лепшы аглядальнік”, фотакарэспандэнт Максім Прупас — “Лепшы фотакарэспандэнт”. Мы віншуем калег з газеты “Культура”: другі Гран-пры, і гэта здарылася ўпершыню, атрымаў калектыў гэтага выдання за праект “Дыміліся франтоў дарогі”.
І яшчэ адна падзея адбылася на сёлетняй цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу: упершыню была ўручана “Залатая Літара” за ўклад у развіццё журналістыкі. Яе атрымаў галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч. Нашы шчырыя віншаванні, калега!
Падводзячы вынікі конкурсу, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі адзначыў, што журналісты робяць вельмі важную справу — інфармуюць народ. Прычым сумленна і аб’ектыўна. І што вельмі важна, людзі вераць беларускім журналістам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter