«Зялёны лiсток на планеце Зямля»

Так  у  сваёй  кнiзе  Янка  Сiпакоў  называе  Беларусь

Так  у  сваёй  кнiзе  Янка  Сiпакоў  называе  Беларусь

Першай за кнiгу Янкi Сiпакова, якую з цёплым прысвячэннем ад аўтара прынёс тата, ухапiлася мама. I хоць яна чалавек даволi далёкi ад лiтаратурных спраў (хiрург, кандыдат медыцынскiх навук), але так зачыталася, што ранiцой, калi я збiралася ў школу, яшчэ не магла адарвацца ад кнiгi. «Вельмi цiкава, — сказала мама, пазяхаючы. — I напiсана цудоўнай беларускай мовай…»  Пасля такой «рэцэнзii» я першай «запiсалася ў чаргу» на «Зялёны лiсток на планеце Зямля». 

Цiкава, захапляльна расказвае аўтар пра Вялiкае княства Лiтоўскае, ля вытокаў якога стаяў Мiндоўг — заснавальнiк i першы вялiкi  князь гэтай дзяржавы. З кнiгi Янкi Сiпакова даведалася падрабязнасцi: i пра каранацыю Мiндоўга , якi стаў католiкам, а пасля адмовiўся ад каталiцтва, i пра змову супраць яго i забойства… Зразумела, такiя  веды можна пачарпнуць i з падруч­нiкаў. Але ж у кнiзе «Зялёны лiсток…» гэтыя факты пададзены папулярна, добрай лiтаратурнай мовай, а таму лягчэй успрымаюцца i запамiнаюцца. 

Тэматычны дыяпазон кнiгi вельмi шырокi. Гэта своеасаблi­вы партрэт нашай Беларусi, сапраўдная энцыклапедыя яе гiсторыi — ад глыбокай даўнiны да сённяшнiх дзён. Тут грунтоўны аповед i пра наша месца на планеце, i пра нашу зямлю, нашых людзей,  нашу мову, ваду, нашы лясы, замкi, пра нашых святых, нашы войны, наша неба i наш космас, пра тое, якiя песнi мы спяваем, з чаго смяёмся, пра нашы гарады i мястэчкi, нарэшце,  пра нашы мiфы… 

Асаблiва крануў мяне раздзел «Нашы людзi». З любоўю i пашанай пiша аўтар пра наш народ: ён добры, шчыры, працавiты, паслухмяны, дабрадушны, сумленны. Так звычайна гавораць пра нас ва ўсiм свеце. I гэта правiльна. Але Янка Сiпакоў лiчыць, што такiх характарыстык для нас малавата. Мы ж яшчэ i вясёлыя, i гордыя, i непрымiрымыя. Мужныя i ваяўнiчыя. Хоць самi нi на каго не нападалi, нi з кiм не пачыналi войнаў. Нiколi! Заўсёды толькi абаранялiся. 

Вучоныя падлiчылi, што войны i ваенныя канфлiкты, што пра­ходзiлi на тэрыторыi Беларусi, склалi 250 гадоў, а ўсяго войнаў на нашай тэрыторыi было 80... 

Лёс раскiдаў нямала нашых землякоў па ўсiм свеце. За межамi краiны знаходзiцца каля 4 мiльёнаў беларусаў. А колькi беларусаў сталi славутымi ў iншых землях! Iгнат Дамейка — народны герой Чылi, Тадэвуш Касцюшка — герой грамадзянскай вайны ў Амерыцы i кiраўнiк паўстання 1794 года, помнiкi якому пастаўлены ў Вашынгтоне, Чыкага, Кракаве, iншых гарадах, а  яго iмем названы востраў, горад, гара, акруга… Я i не ведала, пакуль не прачытала «Зялёны лiсток…»,  што  сэрца Тадэвуша Касцюшкi захоўваецца ў каралеўскiм палацы ў Варшаве, а яго цела — у каралеўскiм замку ў Кракаве… Душа змагара за незалежнасць Беларусi, несумненна, на Радзiме, у адноўленай сядзiбе каля мястэчка  Косава ў Iвацэвiцкiм раёне, лiчыць аўтар кнiгi. 

У кожным тэматычным блоку Янка Сiпакоў знаходзiць такiя моманты, якiя здольны зацiкавiць i школьнiка, i студэнта, i сур’ёзнага навукоўца. Нельга не здзiўляцца эрудыцыi пiсьменнiка, шырынi i глыбiнi яго ведаў у кожнай сферы жыцця рэспублiкi, яго лiтаратурнаму майстэрству. Вось чаму яны, гэтыя эсэ, не паддаюцца пераказу, iх можна чытаць, як вершы, дзе ёсць i свой рытм, i свая дынамiка. 

Зялёны лiсток… « I хай жа нам i сёння, i заўсёды ў будучынi на гэтым лiстку, — жадае нам i самому сабе  аўтар, — больш смяецца, чым плачацца, часцей радуецца, чым сумiцца, заўсёды са смакам працуецца i таксама са смакам адпачываецца!» Якое сэрца не адгукнецца на такiя шчырыя пажаданнi? Не засталося раўнадушным i маё. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter