Да 100-годдзя знакамiтага мастака Антона Бархаткова

Зусім не аксамітнае жыццё

Некалі яны шмат часу праводзілі побач. Народны мастак Беларусі Вітольд Бялыніцкі-Біруля, аднойчы заўважыўшы ў Маскве маладога партызана з Магілёўшчыны Антона Бархаткова, больш яго далёка ад сябе не адпускаў. Браў з сабой не толькі на выязныя эцюды, але з радасцю вітаў і на сваёй любімай дачы «Чайка». Больш ніхто з моладзі такога гонару і ўвагі не меў. Сёлета выдатнаму майстру споўнілася б 145 гадоў, а яго адзінаму вучню роўна 100. Але яны зноў разам, толькі зараз глядзяць адзін на аднаго з партрэтаў і з розных паверхаў — Нацыянальны мастацкі музей з розніцай у тыдзень адкрыў дзве юбілейныя выставы. І гэта добрая нагода звярнуць увагу на Антона Бархаткова, у адрозненне ад свайго настаўніка не аблашчанага ўшанаваннямі і ўзнагародамі.

Ігар БАРХАТКОЎ пайшоў па слядах Антона Стэфанавіча, але сярод пейзажаў і нацюрмортаў значнае месца займае і партрэт бацькі.
Аўтар фота Наталля СЦЯПУРА


«Першая песенька» выратавала ад галечы


Сын Антона Стэфанавіча Ігар пачынае нашу экскурсію па экспазіцыі ад «Першай песенькі». Карціна, на якой яго маці схілілася над сваёй вучаніцай, якая грае на раялі, напісаная яго бацькам у 1957 годзе, стала яго візітнай карткай. У той час яна адкрывала некалькі значных выстаў, у тым ліку ўсесаюзную. Яе друкавалі ў падручніках, календарах — дзе толькі было можна. А наша карцінная галерэя прыдбала яе аж за 25 тысяч рублёў, суму па тых часах неверагодную. Грошы гэтыя на некалькі месяцаў выцягнулі сям’ю з галечы. Бо дагэтуль, ды і шмат гадоў пасля, рэалістычную творчасць, пераважна пейзажы Бархаткова, не заўважалі.

Самая ранняя карціна, што ёсць зараз на выставе, — «Букет з ружамі» 1938 года. Кветкі намаляваў Пётр Пятровічаў, удакладняе наш экскурсавод, астатняе — пэндзля бацькі. Бархаткоў-старэйшы трапіў да гэтага вядомага мастака-выкладчыка выпадкова. Недзе ў пятнаццаць гадоў вясковы хлопец з Магілёўшчыны без капейкі ў кішэні накіраваўся ў Маскву. Не маючы там знаёмых, як і канкрэтнай мэты, працяглы час быў беспрытульнікам: начаваў на Кіеўскім вакзале на лавачцы. Потым яго затрымалі і адправілі вучыцца на рабфак. Пасля яго Антон ужо марыў пра высокае, як у прамым, так і ў пераносным сэнсе: хацеў вучыцца ці на мастака, ці на лётчыка. Літаральна падчас экзаменаў у Тушына прыйшла звестка, што ён залічаны ў мастацкае вучылішча. Так на небе быў пастаўлены крыж. 

Маляванне вызвалiла з палону


Пятровічаў адразу заўважыў талент у хлопца, хаця маляваў той пакуль не надта добра. Адсюль на той карціне і ружы, намаляваныя майстрам. Бархаткову яшчэ трэба было вучыцца і вучыцца. Ён, дарэчы, і так зменшыў сабе ўзрост на два гады, каб атрымаць адтэрміноўку ад арміі. Але гэты час усё ж прыйшоў. Прыйшоў разам з вайной. Ужо ў першыя дні ён трапіў у палон пад Луганскам. Выратавала яго адтуль якраз уменне маляваць: ён падрабіў дакумент, які выдавалі мясцовым жыхарам, і так вырваўся на волю. Адразу вырашыў ісці дадому. Гэты складаны і небяспечны шлях расцягнуўся на паўгода, выратоўвалі яго сяляне, якія за намаляваны партрэцік давалі кавалачак хлеба.

«Першая песенька» некалі друкавалася ў розных падручніках, у альбомах і календарах

Дома Антон пайшоў у партызаны. Гэта быў час, калі ён не браў у рукі аловак — камандзір не дазваляў. Затое ў канцы 1943-га, калі была вызвалена частка Беларусі, дзякуючы мастацкай адукацыі Бархаткова накіравалі ў штаб партызанскага руху ў Маскву. Хутка яму даверылі рабіць выставу, прысвечаную 25-годдзю савецкай Беларусі, — гэта знамянальная падзея павінна была адбывацца ў Трацякоўскай галерэі. Маладому мастаку была даручана арганізацыйная работа: кантактаваць са сваімі сталымі і прызнанымі калегамі, адбіраць іх работы і іншае. На гэтай глебе ён і пазнаёміўся з Бялыніцкім-Бірулем. Той ужо шмат гадоў жыў у Маскве, але, сустрэўшы земляка, які прайшоў вайну, адразу адчыніў яму дзверы ў свой дом.

Амаль палова работ Бархаткова, што сёння прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі, зроблена пад уздзеяннем народнага мастака. Нават партрэт Бялыніцкага-Бірулі 1945 года яшчэ намаляваны ў цёмных, можна нават сказаць, цяжкіх тонах. А праз год-два гэта ўжо зусім іншая палітра — светлая, асноўная тэма — пейзажы. Амаль усё, як у Вітольда Каэтанавіча. 

Яны шмат разам ездзілі на эцюды. Але самы запамінальны перыяд іх сумеснай творчасці адбыўся ў 1947-м, калі Панцеляймон Панамарэнка, тады старшыня Савета Міністраў БССР, запрасіў майстра ў Мінск. Да 75-гадовага мастака збіраліся прыставіць спецыяльнага чалавека, які б яму дапамагаў, але Бялыніцкі-Біруля сказаў: «Паеду толькі з Антонам». Іх пасялілі на Белай дачы ў Курасоўшчыне, выдзелілі машыну з вадзіцелем. Яны штодзень аб’язджалі наваколле. Народны мастак потым выдаў цэлы цыкл «Беларусь. Зноў заквітнела вясна». Бархаткоў таксама намаляваў некалькі цікавых пейзажаў, некаторыя з іх ёсць і на выставе. Іх на самай справе можна пераблытаць з работамі Бялыніцкага-Бірулі — такі ўплыў ён тады аказваў на свайго вучня. Дарэчы, свайго першага сына Бархаткоў назваў Вітольдам — гэта як знак павагі і любові да майстра, прызнанне яго таленту.

Дваццаць рублёў за Ленiна


Але, нягледзячы на такое падабенства, творчасць Бархаткова, які пасля заканчэння Маскоўскага мастацкага інстытута імя В. Сурыкава вярнуўся ў Мінск, не заўважалі.

— Тады для нашай сям’і былі вельмі складаныя часы, — узгадвае Ігар Антонавіч. — Бацька шмат ездзіў па Беларусі, маляваў неблагія пейзажы, але яны былі нікому не патрэбныя. Вось калі прасілі намаляваць партрэт Леніна, гэта ўжо жывыя 20 рублёў. А калі быў такі заказ на дзесяць партрэтаў — гэта наогул шчасце. Тады бацька даваў маці сто рублёў, сто пакідаў сабе і адразу ж на некалькі тыдняў зноў выпраўляўся на эцюды. Ён вельмі любіў выязджаць туды с сябрамі. Прыязджалі ў якую-небудзь вёску, незнаёмая бабуля за рубель-два пускала іх да сябе ў хату пераначаваць, яшчэ і бульбу з яйкамі на стол ставіла. Бацька быў шчаслівы ад такога жыцця.

А жонка і дзеці? Соф’я Кузьмінічна, якая нарадзілася ў Маскве, некалі скончыла Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва, была артысткай аперэты, але з замужжам і пераездам у Мінск была вымушана пакінуць работу. «Кар’еру ў сям’і павінен рабіць нехта адзін», — вырашыла яна і прысвяціла сябе мужу і траім дзецям. Так, жылі бедна, часам вельмі бедна, але ў гэтай сям’і шчасце было не ў грашах.

Побач з БЯЛЫНІЦКІМ-БІРУЛЕМ два самыя дарагія чалавекi: Антон БАРХАТКОЎ і жонка Алена Аляксееўна

Хаця раптам Ігар Антонавіч прыгадвае яшчэ адзін багаты год. Роўна праз дзесяць гадоў пасля «Першай песенькі». На пяцідзесяцігоддзе Бархаткова арганізавалі вялікую выставу, з якой пасля купілі некалькі карцін для музея. На тыя грошы сям’я нябедна пражыла некаторы час. А Антон Стэфанавіч спакойна зноў з’язджаў з дому на вольнае паветра.

Нялёгка было сям’і, калі Бархаткова сталі адпраўляць на акадэмічную дачу ў Цвярскую вобласць. Мастаку давалі магчымасць папрацаваць на поўным дзяржаўным забеспячэнні некалькі месяцаў: фарбы, пэндзлі, харчаванне — усё бясплатна. Галоўнае для Бархаткова было — маляваць побач з лепшымі майстрамі Савецкага Саюза. На шчасце, камісіі, якая сачыла за вынікамі такіх паездак, падабаліся працы гэтага мастака, і яна працягвала тэрмін яго знаходжання на дачы. 

— Мала таго што там бацьку вельмі падабалася, дык ён быццам бы яшчэ адзін інстытут скончыў. Тады ён вырас як мастак, займеў свой стыль, — гаворыць Ігар Антонавіч. 

І сапраўды, другая частка выставы — гэта зусім іншы Бархаткоў. Нечакана пасля пяшчотнага жывапісу з’яўляецца каляровая фантасмагорыя. Гэта тыя ж пейзажы, толькі ўжо не ў цёплых тонах, а ў больш яркіх фарбах. Адчуваюцца і эмоцыі. Мастак больш не рэаліст, а імпрэсіяніст. Восеньскае лісце ўжо не ляжыць на зямлі, а ляціць у паветры. Зіма больш не белая і мяккая. Прычым што ні год, эмоцый усё больш і больш. Хаця Бархаткову ўжо семдзесят, ён дрэнна бачыць…

— Карціны гэтага перыяду лепш глядзець на адлегласці, тады яны больш іграюць, — субяседнік за локаць адцягвае мяне далей.

З рэалiстаў у iмпрэсiянiсты


З узростам да Бархаткова прыйшло прызнанне і грошы. У маладосці ён хацеў прадаваць свае работы, але іх не куплялі. У пасляперабудовачны час, як і ў іншых мастакоў, з’явілася шмат пакупнікоў, у асноўным з-за мяжы. Але тады Антон Стэфанавіч ужо не хацеў расставацца са сваёй калекцыяй, кожнае палатно літаральна адрываў ад сэрца. 

— Не пакутаваў бацька, што не атрымаў дзяржаўных узнагарод і званняў? — пытаюся ў Ігара Антонавіча на развітанне.

— Ведаеце, бацькі ніколі не было дома. Калі раздавалі кватэры — ён на акадэмічнай дачы, калі раздавалі майстэрні — ён у вёсцы, — гаворыць Бархаткоў-малодшы. — Званні трэба было «выхадзіць»: стукацца ў міністэрства, выступаць на сходах Саюза мастакоў. А ён туды ніколі не хадзіў, ён быў свабодны ад гэтага. Таму ён і не мае звання «Народны мастак». 

А я, ужо спускаючыся па мармуровых прыступках Нацыянальнага мастацкага музея, раптам азірнулася і падумала: «Што значыць не народны мастак? Ён жа, сам вясковы хлопец, маляваў толькі просты люд. Ды нашу родную беларускую прыроду. Гэта тое, што так блізка чалавеку з народа. Дык чаму ён не народны? Так, без звання, але з народным замілаваннем».

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter