«Зорнае юнацтва», залатая моладзь

У Гомелi адбылася вечарына-ўшанаванне таленавiтай моладзi «Зорнае юнацтва»

У Гомельскiм абласным Палацы творчасцi дзяцей i моладзi адбылася вечарына-ўшанаванне таленавiтай моладзi абласнога цэнтра «Зорнае юнацтва». Арганiзатарамi мерапрыемства выступiлi аддзел па справах моладзi Гомельскага гарвыканкама пры падтрымцы гарадскога i абласнога камiтэтаў БРСМ i абласнога аддзялення Беларускага фонду мiру. Конкурс пад такой назвай набыў вялiкую папулярнасць сярод гарадской моладзi i праводзiцца штогадова пачынаючы з 1996 года.

– Сёлета ў аргкамiтэт конкурсу было пададзена 130 заявак ад калектываў, дзе вучацца, працуюць, займаюцца мастацкай, тэхнiчнай i iншымi вiдамi творчасцi маладыя людзi, – праiнфармаваў «Р» перад пачаткам дзейства начальнiк аддзела па справах моладзi гарвыканкама Уладзiмiр Прывалаў. – Пераможцы – юнакi i дзяўчаты ад 14 да 31 года – будуць вызначаны ў 16 намiнацыях.

Намiнанты ж – людзi добра вядомыя ў маладзёжным асяроддзi. Так, у намiнацыi «Навука» намiнiруецца аспiрант кафедры «Машыны i тэхналогiя лiцейнай вытворчасцi» ГДТУ iмя Сухога Яўгенiя Фiлiпенка, якая, нягледзячы на малады ўзрост, мае адметныя здабыткi ў навукова-даследчай працы. Навучэнец гарадскога лiцэя № 1 Павел Веруцiн, ён жа ўдзельнiк конкурсу ў намiнацыi «Прадметныя алiмпiяды», – неаднаразовы пераможца рэспублiканскiх i мiжнародных алiмпiяд. Укараненне распрацовак выпускнiка БелДУТа, а зараз маладога майстра Гомельскага лакаматыўнага дэпо Андрэя Цiмашэнкi, прынесла эканамiчны эфект у суме каля 200 мiльёнаў рублёў...

Мiж тым, па сведчаннi Уладзiмiра Прывалава, самай папулярнай аказалася намiнацыя «Грамадская дзейнасць» – пазмагацца ў ёй выказалася каля 30 працэнтаў ад усiх заяўленых удзельнiкаў «Зорнага юнацтва». Сярод адабраных намiнантаў – студэнтка 5-га курса ГДУ iмя Скарыны Хрысцiна Шустава. Яе валанцёрская праца набыла шырокi рэзананс ва ўнiверсiтэце i мае асаблiвую актуальнасць у год 65-годдзя Вялiкай Перамогi. Дзяўчына сабрала дакументы i публiкацыi аб ветэранах Вялiкай Айчыннай, якiя вучылiся або працавалi ва унiверсiтэце. Больш таго, сустрэлася i запiсала ўспамiны тых, хто сустрэў светлы дзень Перамогi. Па сутнасцi, стварыла мiнi-музей аб нялёгкiх вёрстах вайны...

Пераможцам конкурсу ў намiнацыях будуць уручаны «гарадскiя нiкi» — прэстыжныя статуэткi i дыпломы, iншыя намiнанты атрымаюць дыпломы, памятныя падарункi i салодкiя прызы ад кандытарскай фабрыкi «Спартак». Заахвочвальнымi прызамi будзе адзначана творчасць членаў двух гарадскiх аб’яднанняў: групы «Бiфолк» i Клуба вясёлых i знаходлiвых.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter