Зона камфорту

Усе мы хочам жыць ва ўтульнай кватэры альбо ўласным доме, аплачваючы камунальныя паслугі па прымальнай цане. Але на практыцы даволі няпроста бывае дамагчыся сацыяльна-эканамічнага балансу ў гэтай адчувальнай галіне. Знаходзячыся ў зоне камфорту. 

Кожная краіна мае тут уласныя падыходы і алгарытмы дзеянняў. У суседніх Польшчы і Літве камунальныя плацяжы за звычайную “двухпакаёўку” складаюць траціну ад сярэдняй заработнай платы — прыкладна 250 еўра. У саюзных нам Расіі і Казахстане — каля 20 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы (50—55 долараў у штомесячным пераліку на іх нацыянальныя валюты). 

У Беларусі, дзе ў недалёкай перспектыве ўсе домаўладанні павінны будуць аплачваць поўны кошт “камуналкі”, прыняты просты і празрысты варыянт росту тарыфаў на ЖК-паслугі для насельніцтва. Іх кошт паступова рэгулюецца дзяржавай: штогод у межах пяці долараў у эквіваленце. Нагадаю, што на пачатку студзеня сваім указам Прэзідэнт устанавіў чарговы максімальна дапушчальны рост гэтых паслуг, пасля чаго ў Мінску і рэгіёнах зацвердзілі новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Па асобных пазіцыях яны ўжо ўлетку могуць дасягнуць узроўню поўнай выплаты асноўных відаў камунальных паслуг (апроч цеплавой энергіі). А тыя, хто не задзейнічаны ў эканоміцы і знаходзіцца пад дзеяннем Дэкрэта № 1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, пачнуць плаціць стопрацэнтную “камуналку” з 1 студзеня 2019-га, за гарачае вода- і цеплазабеспячэнне, газазабеспячэнне, пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў, — з 1 кастрычніка наступнага года. 

Сёлета мы рэальна зможам кампенсаваць 76,3 працэнта кошту ЖК-паслуг, без уліку існуючых ільгот некаторым катэгорыям грамадзян. Летась было — 69,7 працэнта.

Аднак давайце звернем увагу на праблемы і дасягненні ў сістэме айчыннай ЖКГ: у першым квартале звышнарматыўныя страты цеплавой энергіі склалі 10,6 працэнта, разам з тым знізіліся выдаткі на ЖК-паслугі — у параўнанні з адпаведным перыядам 2017 года на 5,5 працэнта (заданне 5 працэнтаў). Суб’екты гаспадарання ЖКГ збераглі сродкі ў памеры 23,6 мільёна рублёў, з улікам эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, зніжэння выдаткаў на прыродны газ, аптымізацыі колькасці працуючых. Былі ўведзены ў эксплуатацыю: энергаэфектыўнае абсталяванне, новыя кацельныя на мясцовых відах паліва, станцыі абезжалезвання вады.

Поспехі камунальшчыкаў маглі быць лепшымі, калі б не шэраг адмоўных фактараў. Усё залежыць ад неабходных аб’ёмаў фінансавання. Для ажыццяўлення сваёй дзейнасці прадпрыемствы ЖКГ вымушаны былі  звяртацца ў банкі па крэдыты. У першым квартале прыцягнута 77,2 мільёна рублёў, працэнты ад іх склалі 1,2 мільёна. Да таго дэбіторская запазычанасць юрыдычных асоб у галіне дасягнула 696 мільёнаў.

За тры месяцы бягучага года доўг насельніцтва за “камуналку” ўзрос на 15,4 працэнта (да 154,9 мільёна рублёў). Пагадзіцеся, сума істотная. 

Практыка паказвае: большасць з гэтых грамадзян беспрычынна не плацяць за камунальныя паслугі. Толькі ў Мінску запазычанасць на 1 мая склала 7,3 мільёна рублёў: налічвалася 59,2 тысячы асабістых рахункаў гараджан, вінаватых ЖКГ. Канешне, захады супраць неплацельшчыкаў прымаюцца ва ўстаноўленым законам парадку, і даволі сур’ёзныя: ад папярэджання, налічэння пені, да адключэння домаўладанняў ад камунікацый (святло, вада, каналізацыя) і высялення ў жыллё з горшымі спажывецкімі якасцямі. 

Карацей кажучы, камунальная галіна заўсёды застанецца вуліцай з двухбаковым рухам, дзе павінна існаваць сацыяльная і грамадзянская адказнасць у кожнага з яго ўдзельнікаў. 

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter