Тое, што вы маглі не ведаць пра кошак

Знаёмыя незнаёмкі

Кошкі так даўно жывуць побач з чалавекам, што, здавалася б, мы вывучылі іх дасканала. Але ж на самай справе нам вядома не так ужо і шмат. Мы толькі пачынаем іх пільна вывучаць.

Чаму кошкі не любяць купацца?

Рэдкая з іх атрымае задавальненне ад купання. І добраахвотна не пусціцца ў заплыў па рацэ ў адрозненне ад тых жа сабак, якія да водных працэдур ставяцца зусім спакойна. Дарэчы, некаторыя пароды сабак спецыяльна выводзіліся для працы ў вадзе. Чым жа тлумачыцца такая нелюбоў кошак да яе?

Многія каты любяць піць з-пад крана або чапаць лапкай ваду, могуць ляжаць у пустой ванне або хадзіць па ёй, калі там яшчэ засталося трохі вады. Але будзьце ўпэўненыя, як толькі вы адкрыеце кран на поўную моц і паспрабуеце выкупаць ката, яго і след прастыне. Па меркаванні навуковага супрацоўніка Каледжа ветэрынарнай медыцына пры Універсітэце Карнела (ЗША) Кэлі Болен, гэта можа быць звязана з тым, што поўсць у кошак сохне значна даўжэй, чым у сабак, і ў мокрым стане губляе цеплаізаляцыйныя ўласцівасці.

Такім чынам, кошкі баяцца не самай вады, а працэсу высыхання — ім непрыемна працяглы час знаходзіцца ў мокрым выглядзе. Таксама яны не любяць плаваць і аддаюць перавагу магчымасці стаяць усімі чатырма лапкамі на цвёрдай паверхні.

Чаму кошкі часта пацягваюцца?

Па той жа прычыне, чаму пацягваемся і мы: гэта павялічвае прыток крыві да мышцаў і канечнасцей, павышае крывяны ціск і паляпшае самаадчуванне, лічыць Эндру Каф, навуковы супрацоўнік Каралеўскага ветэрынарнага каледжа ў Лондане.

Фота Максіма Вечара

Кошкі — вялікія аматары паспаць, сон займае ў іх ад 12 да 16 гадзін у суткі. На працягу гэтага часу яны не рухаюцца, іх крывяны ціск падае. Пацягванне ж не толькі спрыяе прыліву крыві да галаўнога мозгу, паднімае ціск, дапамагае прачнуцца і рыхтуе мышцы да далейшай актыўнасці, але і выводзіць таксіны, якія назапашваюцца ў арганізме ў перыяд бяздзейнасці.

Навошта кошкі прыносяць дадому мёртвую здабычу?

Нягледзячы на поўныя міскі корму і адсутнасць рэальнай патрэбы ў здабычы ежы, інстынкты драпежніка ў дамашніх кошак жывыя да гэтага часу. Тыя з іх, хто бывае на вуліцы, па-ранейшаму актыўна палююць і часцяком прыносяць дадому трафеі: мышак, кратоў, маленькіх птушак.

Па-першае, гэта тлумачыцца тым, што дзікія кошкі прывыклі прымаць ежу часта, але патроху. Гэты інстынкт не знік і праз дзесяць тысяч гадоў пасля іх прыручэння.

Па-другое, кошкі-мамы прыносяць кацянятам здабычу, каб накарміць іх, а таксама ў якасці “вучэбнага дапаможніка”, каб навучыць паляўнічым прамудрасцям (у гэтым выпадку здабыча можа быць яшчэ не да канца мёртвая), паказаць, што трэба рабіць з ахвярай далей.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што, прыносячы дадому здабычу, кошка можа ўспрымаць вас як уласнае кацяняці, якога трэба накарміць. Альбо такім чынам яна хоча аддзячыць гаспадара за тое, што ён корміць яе.

Таму той факт, што ваша кошка рэгулярна прыносіць дадому здабычу, сведчыць толькі аб тым, што яна ўспрымае вас як частку сваёй сям’і, пра якую ёй трэба клапаціцца. Таму ні ў якім разе не крычыце на яе за гэта і дэманстратыўна не выкідвайце прынесеную здабычу — кошка ж не ведае, што мы з вамі не ўжываем ні мышэй, ні кратоў. Гэта здабыча — дакладная прыкмета вялікай падзякі і клопату.

Чаму кошкі любяць скрынкі?

Напэўна, усе ўладальнікі дамашніх кошак адзначалі іх асаблівую цягу да розных скрынак. Яны могуць праігнараваць новую цацку або комплекс для гульняў, але новую скрынку — ніколі!

Цяга да замкнёнай прасторы, у прыватнасці, да скрынак, у кошак звязаная з тым, што яны  дастаткова скрытныя істоты, ім падабаецца хавацца. Да таго ж скрынка дорыць ім адчуванне бяспекі, лічыць навуковы кансультант Амерыканскага таварыства па прадухіленні жорсткага абыходжання з жывёламі Стывен Завістоўскі. Знаходзячыся ў скрынцы, кошка можа незаўважна назіраць за тым, што адбываецца звонку, без рызыкі быць убачанай і яшчэ здалёку запрыкмеціць патэнцыяльную пагрозу. Таму непераадольная любоў да разнастайных скрынак тлумачыцца інстынктыўнымі паводзінамі кошак — замкнёная прастора можа дапамагчы ім схавацца ад драпежнікаў і праследавацеляў.

Чаму кошкі такія пераборлівыя?

Напэўна, многія заўважалі, як кошка адварочвае нос ад міскі і адмаўляецца есці тое, што, як нам здаецца, павінна выклікаць у яе здаровы апетыт. Чаму так адбываецца?

Як паказалі даследаванні, для кошак нараўне з ацэнкай корму па такіх крытэрыях, як пах і густ, немалаважнай з’яўляецца і іх ўласная ацэнка, якая грунтуецца на інстынктыўных разліках, здольных вызначыць суадносіны пажыўных рэчываў у прапанаванай ежы. Якім чынам кошка можа выявіць гэтыя суадносіны, пакуль застаецца загадкай.

Дарэчы, кошцы неабходная ежа з суадносінамі бялкоў да тлушчаў 1:0,4, адзначаецца ў часопісе Royal Society Open Science. І яна ў стане гэтыя суадносіны самастойна разлічыць.

Чаму кошкі заўсёды прызямляюцца на лапы?

У іх ёсць фантастычная здольнасць: нават самыя гультаяватыя і ўкормленыя могуць без якіх-небудзь цяжкасцей прайсціся па вузкай або хісткай канструкцыі, не прыкладваючы асаблівых намаганняў, а ў выпадку падзення прызямліцца ў самым бяспечным для сябе становішчы — на лапы.

Справа ў тым, што ў кошак выключнае пачуццё раўнавагі і вельмі гібкі пазваночнік, у якім значна больш пазванкоў, чым у чалавека. Дадатковыя пазванкі дазваляюць ім без асаблівых цяжкасцей пераварочвацца ў скачку і выраўноўваць сваё цела адносна зямлі. Спачатку кошка паварочвае галаву, потым — шыю і тулава, затым прыціскае хвост і лапы да тулава, паскараючы кручэнне. I як толькі аказваецца ў становішчы лапамі ўніз, разводзіць іх у бакі, спыняючы кручэнне і зніжаючы хуткасць падзення. Такое рэфлекторнае кручэнне ў паветры добра развіта нават у трохтыднёвых кацянят. Дарэчы, падобныя здольнасці былі выяўленыя не толькі ў кошак, але і, да прыкладу, у марскіх свінак і пацукоў.

Аднак не варта забываць, што гэтая здольнасць не робіць з кошак супергерояў. Падзенне іх з вышыні прыводзіць да траўм, а нярэдка і да смяротнага зыходу. Беражыце сваіх гадаванцаў і паклапаціцеся пра іх бяспеку!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter