Жывая вада Моршына.

Дзякуючы яе лекавым уласцівасцям можна не толькі паправіць здароўе, але і скінуць лішнюю вагу.

У апошнім на ўласным вопыце пераканаўся і карэспандэнт “НГ”, які разам з журналістамі з іншых беларускіх і ўкраінскіх выданняў падчас прэс-туру тыдзень правёў на гэтым прыкарпацкім курорце і, не прыкладваючы ніякіх асаблівых намаганняў (толькі прытрымліваўся распарадку дня, у якім правільна былі размеркаваны гадзіны прыёму ежы, моршынскай вады і лекавых працэдур), пахудзеў больш як на адзін кілаграм. Аднак папулярнасць у свеце гэтае месца Заходняй Украіны набыло, зразумела ж, па іншай, больш важкай прычыне: з краін былога СССР  і нават далёкага замежжа сюды прыязджаюць, каб пазбавіцца ад шэрагу хранічных захворванняў. Між іншым, зараз штогод па агульнай колькасці адпачываючых у Моршыне  грамадзян іншых краін беларусы саступаюць толькі расіянам.

А напачатку была соль...

Гэта зараз вядомая сваімі ўнікальнымі моршынскімі мінеральнымі крыніцамі здраўніца — гонар і асноўнае месца працы для многіх мясцовых жыхароў. А нашмат раней, напрыканцы ХV стагоддзя, калі ўпершыню і быў узгаданы гэты населены пункт, ад спецыфічнага салёнага смаку вады з калодзежаў сяляне, мякка кажучы, былі не ў захапленні. Пакуль не навучыліся здабываць з яе соль, якая, як вядома, у тыя часы цанілася на вагу золата. У 1538 годзе прадпрымальныя шляхціцы Бранецкія зацікавіліся сялянскім саляным промыслам і вырашылі зарабіць на гэтым вялікія грошы. Праўда, намер бізнесменаў скалаціць мільёны на здабычы белага золата пацярпеў фіяска: соль аказалася горкай і непрыдатнай для харчавання.
Больш удалае прадпрыемства праз два стагоддзі заснаваў купец Баніфацый Шцілер, які адкрыў у Моршыне кліматычны курорт для лячэння хворых на сухоты. Менавіта з гэтага часу мясцовыя мінеральныя воды і становяцца аб’ектам даследаванняў вучоных-хімікаў, да іх праяўляецца вялікая практычная цікавасць: праз год пасля першага афіцыйнага аздараўленчага сезона пачынаюць функцыянаваць крыніцы вады “Баніфацый” і “Магдалена”, названыя па імёнах гаспадароў, а з 1883 года цудадзейнае пітво прадаецца ў бутэльках. Справа пайшла добра, і ўжо тады Моршын пачалі параўноўваць з папулярнымі еўрапейскімі курортамі, яго называлі “Галіцкім Спа” і “Галіцкім Карлсбадам”. Яшчэ большую папулярнасць здраўніца набыла, калі сталі вядомы вынікі даследаванняў вады, згодна з якімі яна была прызнана ўнікальнай. Прычым многія вучоныя сцвярджаюць, што па эфектыўнасці лячэння захворванняў жоўцевых шляхоў і печані курорту Моршын ва Украіне, ды і не толькі, няма роўных.

Сакрэты лячэння

— У свеце няшмат вады, якая б была так цудоўна збалансавана і так якасна насычана сульфатамі і магніем, як моршынская, — раскрывае складальнікі паспяховага лячэння хранічных захворванняў кішэчніка і страўніка, падстраўнікавай залозы, парушэння абмену рэчываў, цукровага дыябету, хвароб нырак і мочавыводных шляхоў намеснік галоўнага ўрача курорта Мікалай Фурманюк. — Павышанае ўтрыманне сульфатна-магніевых солей спрыяе таму, што пашкоджаныя клеткі печані ўзнаўляюцца, здымаюцца запаленчыя працэсы жоўцевыводных шляхоў, паляпшаецца пячоначны крываток. Лепшай вады няма ні ў Карлавых Варах, ні ў іншых месцах. Па сваёй характарыстыцы наша лячэбная вада прыраўнавана да хімічнага складу міжклеткавай вадкасці, якая знаходзіцца ў плазме крыві чалавечага арганізма. Дзякуючы жаўцягоннаму, мачагоннаму, расслабляльнаму дзеянню мінеральнай вады адбываецца ачышчэнне арганізма, выводзяцца радыенукліды, нармалізуецца кіслаўтваральная функцыя страўніка, павышаецца імунітэт.

 У свеце няшмат вады, якая б была так цудоўна збалансаваная і так якасна насычана сульфатам і магніем, як моршынская. Павышанае ўтрыманне сульфатна-магніевых солей спрыяе таму, што пашкоджаныя клеткі печані ўзнаўляюцца, здымаюцца запаленчыя працэсы жоўцевыводных шляхоў, паляпшаецца пячоначны крываток. 

Разам з тым, зазначаюць спецыялісты здраўніцы, акрамя своечасова выпітай шклянкі вады і прынятага курсу лячэбных працэдур, для стопрацэнтнага аздараўленчага эфекту людзям, якія тут адпачываюць і лечацца, рэкамендуецца выконваць яшчэ адну абавязковую ўмову — прытрымлівацца санаторна-курортнага рэжыму. Час для актыўнасці і спакою, харчавання і неабходных працэдур, культурна-масавых мерапрыемстваў і адпачынку дэталёва распісаны. Нарэшце, дададзім да вышэйзгаданага і тое, што вакол Моршына на тысячы кіламетраў раскінуліся экалагічна чыстыя прыкарпацкія лясы. Прыгожыя мясціны, горы, цішыня паркаў — яшчэ адна неад’емная частка лячэння, якая дабратворна ўплывае на здароўе.

У цэнтры ўвагі — пацыент

І маіх калег, і асабіста мяне ў Моршыне прыемна ўразіла асаблівая ўважлівасць з боку вопытных урачоў і медсясцёр да ўсіх, хто тут адпачывае і лечыцца. Шчыра кажучы, з падобным не так часта, як таго хацелася б, сутыкаешся ў шэрагу падобных устаноў, таму заўсёды і звяртаеш увагу на такія моманты.
— У нас за апошнія гады з’явілася новая філасофія лячэння, — пракаментаваў па нашай просьбе ветлівы падыход да кожнага без выключэння кліента Мікалай Фурманюк. — Пацыент заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, і ўсе яго патрэбы павінны быць выкананы. Так склалася, што наш край багата адораны прыродай, але аднаго гэтага было б недастаткова без ведаў і жадання аздараўляць людзей.
У Моршыне, які ад Львова знаходзіцца за 82 кіламетры, пяць вялікіх санаторыяў, бальнеалагічная лячэбніца, лячэбна-дыягнастычны цэнтр і Палац культуры, а сам горад размешчаны на вышыні 340 метраў над узроўнем мора. Нягледзячы на тое, што ўжо сёння сэрвіс тут пастаўлены на належны ўзровень, і, як мы ўпэўніліся, для дыягностыкі выкарыстоўваюцца сучасныя медыцынскія тэхналогіі, паводле слоў галоўнага ўрача “Моршынкурорта” Ігара Токара, развіццё курорта будзе працягвацца. У прыватнасці, працягнецца рэканструкцыя водалячэбніцы, лячэбна-дыягнастычнага цэнтра, нумароў для пражывання адпачываючых. — Заходнееўрапейскія здраўніцы апошнім часам скіраваны на аказанне першакласных гасцінічных паслуг, — кажа Ігар Мікалаевіч. — Мы ж прытрымліваемся статусу ўстановы, якая ў першую чаргу аказвае людзям лекавыя паслугі, і не мяркуем адыходзіць ад гэтага напрамку.

Каму паездка на курорт па кішэні

Яшчэ адзін істотны плюс лячэння і адпачынку ў Моршыне — цэнавая палітыка. Кошт пуцёвак тут разлічаны не толькі на заможных, але і на людзей з сярэднім дастаткам. Прычым гэта ніякім чынам не адбіваецца на колькасці працэдур, якія неабходны хвораму чалавеку, каб паправіць сваё здароўе. Як адзначае Мікалай Фурманюк, такую палітыку курорт праводзіць не першы год і мяняць яе не збіраецца. — На сённяшні дзень кошт пуцёўкі з трохразовым харчаваннем, лячэннем і пражываннем, якую можна заказаць, напрыклад, па электронным адрасе: morshynkurort@ukr.net, пачынаецца для дарослых ад 170 грывень (каля 177 тысяч беларускіх рублёў) за суткі, — кажа ён. У цэлым жа спецыялісты раяць лячыцца ў Моршыне на працягу 18—24 дзён — гэта неабходны тэрмін для таго, каб арганізм поўнасцю аднавіўся. Калі ж заставацца на курорце на працягу гэтага тэрміну адпачываючы не можа, “Моршынкурорт” прапануе спецыяльны пакет інтэнсіўнага лячэння на 12 дзён.
Унікальнае аздараўленне тут не абмяжоўваецца толькі прагулкамі па тэрыторыі курорта. Адным з элементаў лячэння з’яўляюцца і экскурсіі па знакамітых і прыгожых мясцінах Заходняй Украіны — ад паездкі ў Львоў да пад’ёму на самую высокую вяршыню Карпат Гаверла. Такім чынам, прыехаўшы ў Моршын за здароўем, можна адначасова запасціся і масай станоўчых эмоцый ад падарожжаў, якія прапануюцца адпачываючым.

Мінск — Моршын — Мінск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter