Жыццёвы марш Міхаіла Волчака

Міхаіл Волчак: Паўлоўскі зваў мяне сынком, а потым Мядзведзем

Улетку 1941 года Міхаіл скончыў у Воземлі сямігодку і прыехаў у Бабруйск, каб вучыцца далей. Спыніўся ў родзічаў, якія жылі ў ваенным гарадку Кісялевічы. У нядзелю, 22 чэрвеня, збіраўся пайсці ў кіно, як раптам грымнула вестка: вайна! Мабілізацыя. Провады. Слёзы. Вайскоўцы зняліся і адышлі на ўсход за Бярэзіну, а праз нейкі тыдзень у горад увайшлі фашысты. Давялося 15-гадоваму Мішу Волчаку вяртацца дахаты.

Акцябрскі раён утвораны незадоўга да вайны, увогуле лічыўся мядзведжым кутом. Калі Міша з’явіўся ў Воземлі, там не вельмі адчувалася ваеннае становішча, хоць і дыслацыравалася вайсковая часць. Дарэчы, пра тое, што немцы ўжо ў Бабруйску, камандзір яму не паверыў і загадаў чырвонаармейцам даць хлопцу за панікёрства. Праўда, праз колькі дзён у вёску з Парычаў прыйшлі бронетранспарцёры, іх нашы знішчылі літаральна двума гарматнымі стрэламі. Затым немцам падмога з Глуска прыйшла, нашы адступілі ў Рудабелку, а фашысты занялі Воземлю. Толькі спакойнага жыцця ім тут не было. Ужо ў сярэдзіне ліпеня лясныя змагары разам з чырвонаармейцамі далі сапраўдны бой акупантам, знішчылі іх нямала, тэхнікі шмат захапілі.

Гэты подзвіг, здзейснены ў самым пачатку вайны, быў вядомы тады на ўсю акругу і нават па-за яе межамі. Менавіта за гэты бой першымі сярод савецкіх партызан звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены Ціхан Бумажкоў і яго паплечнік Фёдар Паўлоўскі. І менавіта пасля той аперацыі падаўся да народных мсціўцаў юны Міхаіл Волчак.

— Паўлоўскага я называў дзядзем Федзем. А ён мяне — сынком, а пазней — Мядзведзем. Гэтую мянушку далі мне як партызанскаму сувязному і разведчыку, — расказывае Міхаіл Волчак. — Дык вось, аднойчы бачу, праз нашу вёску рушыць нейкі тылавы абоз з Глуска. Ад яго некалькі машын з радыёантэнамі збочваюць да калгаснай канюшні. Разумею, што гэта нейкі штаб.

Разведчык перадаў інфармацыю партызанам, і браняпоезд, які з пачаткам вайны не паспелі адагнаць з чыгуначнай веткі Рабкор—Бабруйск, даў залп па канюшні, дзе месціўся, як высветлілася пазней, штаб гітлераўскай дывізіі.

Звярыны свой твар захопнікі паказалі хутка. Зімой 1942-га карнікі акружылі Воземлю, сагналі больш за паўсотні юнакоў і пажылых у недабудаваны хлеў, расстралялі з кулямётаў, а потым знішчылі сляды злачынства агнём. Міша пра гэта даведаўся, калі з Аркадзем Малаковічам прыйшлі на разведку ў вёску. Канечне, ён помсціў гітлераўцам за гібель людзей. Ваяваў у атрадзе Аляксандра Каваленкі, удзельнічаў у баявых аперацыях пад кіраўніцтвам Мікалая Арцюшкі, прывёў да партызан з Бабруйска сямнаццаць чалавек, выходзіў на сувязь з падпольшчыкамі Сцяржанава ў горадзе, у 1944-м вызваляў Азарыцкі лагер…

Пасля вайны Міхаіл Волчак зноў апынуўся ў бабруйскіх Кісялевічах. Спачатку звозіў з поля бою ў «Бабруйскім катле» разбітую варожую тэхніку, потым вучыўся ў аўташколе і аўтатэхнікуме, служыў у арміі, працаваў механікам аўтобуснага парка і заўгарам у будаўнічым трэсце. Затым яго жыццё ў літаральным сэнсе стала падобным на песню — даўняя, з партызанскіх часоў, любоў да музыкі прымусіла скончыць музычнае вучылішча, авалодаць прафесіяй выкладчыка па класе баяна. І, мяркуючы па віртуозным выкананні Міхаілам Цімафеевічам і сёння любімых ім «Турэцкага марша» і «Карабейнікаў», жыццё яго яшчэ далёка ад лебядзінай песні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter