«Жыццё ў вёсцы — гэта музыка…»

Маладыя брэстаўчане пераехалі з горада ў вёску і не шкадуюць

Маладыя брэстаўчане памянялі гарадскі камфорт на цяжкасці сельскага побыту

Цяпер пайшла мода на хутары. Сям-там у сацыяльных сетках сустракаеш запісы гараджан тыпу: “Шукаю дамок недалёка ад Брэста” ці “Дзе цяпер ёсць добрыя хутары недалёка ад Мінска ў напрамку Вільнюса?”. І вось шукаюць гарадскія прытулку і знаходзяць яго. Ладзяць вечарыны на прыродзе, бавяць выхадныя не ў загазаваных гарадах, а на чыстым вясковым паветры. Толькі вось усё гэта — кароткачасовыя “ўцёкі”. Як сцвярджае Ірына Дзячок, якая цяпер з мужам Сямёнам жыве ў далёкай вёсачцы Бярозаўскага раёна, жыццё тут вымагае ўсяго чалавека. А калі ён не гатовы да шчырай і адданай штодзённай працы, вёска сама яго выцісне.

Каб дабрацца да Утран (менавіта так называецца цяперашняе месца жыхарства сям’і Дзячок), трэба прыкласці немалыя намаганні. Аўтобус бывае тут толькі два разы на тыдзень — па серадах і нядзелях — і ходзіць не надта зручна. Таму прашу бярозаўскіх знаёмых падкінуць да вёскі аўтамабілем, а на адваротым шляху ўжо нешта прыдумаю.

Заўсёды пустынныя, а шостай раніцы Утраны падаюцца асабліва закінутымі. Тут толькі сем двароў, і можна ўявіць, які розгалас выклікала з’яўленне тут маладой сям’і. На сталае жыхарства менавіта сюды сям’я Дзячок перабралася ў красавіку мінулага года.

— Чаму мы апынуліся тут? — задаецца пытаннем Ірына. — Па той прычыне, што хату патрапілі знайсці толькі ва Утранах. Былі і іншыя варыянты, але гэтае месца падалося нам найбольш прывабным.

Зрэшты, гісторыя перасялення, асабліва з улікам падрабязнасцей, падаецца не такой радаснай. Высвятляецца: па вяртанні з чарговай вандроўкі Сямён і Ірына даведаліся, што сацыяльнае жыллё ўжо не іхняе. Таму было прынята рашэнне аб як мага больш хуткім пераездзе.

— І гэты выпадак, мяркую, стаў сапраўдным божым знакам, — прызнаецца Сямён. — Мы з Ірай, нягледзячы на вучобу і працу, пасля вяселля вельмі шмат падарожнічалі па святых месцах. З боку магло падацца, што мы гультаі, але ў кожнай вандроўцы быў свой сэнс: наведаць у рамках паломніцтва тую ці іншую хрысціянскую святыню. Такім чынам, мы праехалі Расію і даехалі ажно да Грузіі. Але паколькі перасяклі мяжу праз Абхазію, нас пасадзілі ў турму і нават асудзілі на год умоўна. Дзякуй Богу, пры дапамозе добрых людзей мы вызваліліся і без прыгод вярнуліся ў Брэст.

— Па вяртанні дадому прыйшло новае ўсведамленне, — прызнаецца Ірына. — Усё, што было раней, не наш шлях. І мы зразумелі: трэба перабірацца ў вёску, каб быць бліжэй да сябе і да Бога, каб не губляцца больш у тупіках, якія мы выбіраем па сваёй волі. Адчуваўся літаральны недахоп неба, зямлі, сонца… Прызнаюся, у пераездзе сюды я бачу і божую волю. Калісьці ў час паломніцтва ў Пачаеўскі манастыр я прасіла Маці Божую, каб яна дапамагла зразумець жыццёвую дарогу. І пасля пераезду ўвесну здарыўся цуд: на крыжы каля нашай хаты мы ўбачылі Пачаеўскі абраз Маці Божай. Значыць, прыезд сюды быў недарэмны.

Такім чынам, Ірына, былы кіраўнік студэнцкага тэатра Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, і яе муж Сямён, якому на той момант трэба было яшчэ год вучыцца на псіхолага, сталі сапраўднымі вясковымі жыхарамі.

Муж і жонка прызнаюцца, што вясковы побыт для іх не забаўка на пэўны час. “Мы выбіралі месца на ўсё жыццё і цяжкасцей не баімся”, — кажуць яны.

Маладым людзям верыш, бо ва Утранах пару чакала не хата, а закінутае збудаванне, у сярэдзіне якога снега было па калена. Дый аднавяскоўцы, шчыра кажучы, былі не ў захапленні ад з’яўлення тут новых працавітых людзей. З цягам часу жытло набывала рысы абжытага месца, нават утульнага і па-хатняму ўладкаванага. Сёння тут добрая вясковая хата з гаспадарчымі пабудовамі і вялікая гаспадарка, якой Сямён з Ірынай вельмі ганарацца: карова і цяля, свінні, козы, куры, індыкі, трусы і два каты. У планах — завесці авечак.

У адной з сацыяльных сетак Сямён вядзе нешта накшталт дзённіка, у якім дзеліцца з сябрамі назіраннямі за прыродай і свойскай жывёлай. Сам хлопец вырас у вёсцы, таму нічога дзіўнага ў доглядзе гаспадаркі для яго няма. Але ўсё адно час ад часу, прызнаецца ён, заўважае нешта новае і больш добра разумее прыроду.

— Вось, памятаеце, у Евангеллі напісана, што Гасподзь падзеліць людзей на казлоў і авечак? — пытаецца Сямён. — Толькі тут да мяне прыйшло асэнсаванне, чаму гэтая думка выражана менавіта так. Авечкі — ціхія, паслухмяныя і пакорныя, а казлы ўвесь час спрабуюць рабіць так, як падабаецца ім.

І сапраўды, каля пуні, дзе знаходзяцца дзячкоўскія козы, досыць шмат часу трацім на тое, каб загнаць у сярэдзіну найбольш нахабную. Астатніх выпраўляем на луг, дзе плаўна пераходзім да галоўнай размовы.

— Мы сюды прыехалі не дзеля “весялухі” і не ў пагоні за модай. Цяпер модна быць даўншыфцерам, адмаўляцца ад дабротаў цывілізацыі. Так, гэта добра, але найперш трэба ведаць, навошта гэта табе, — разважае Ірына. — Можа падацца, што мы збеглі ў вёску таму, што ў горадзе няма сілы перамагаць сябе. Не, насамрэч, тут жыццё куды больш цяжэйшае, чым там. Разумееце, людзі ў горадзе свядома бягуць ад цяжкасцей, дух стаецца больш мягкім, а любая праблема робіць чалавека бездапаможным.

— У сваю чаргу, на вёсцы чалавек застаецца сам-насам з цяжкасцямі. І куды больш складана вынесці пастаянную прысутнасць самога сябе, — працягвае Сямён. — Тут бывае такая цішыня, што хочацца закрыць вушы рукамі, але толькі ты сам можаш сябе ад яе пазбавіць. Калі ў цябе чыстыя думкі і душа, у гэтым асяродку працаваць і проста знаходзіцца больш камфортна, чым завіхацца ў горадзе. Жыццё тут — гэта пастаяннае выпрабаванне і залежнасць ад сіл прыроды. У горадзе прызвычаіліся думаць, што ўсё стабільна. Але, на мой погляд, усё знікае падобна да пяску, які прасочваецца скрозь пальцы. Гэтак жа і з грашыма, за якія там трымаюцца людзі.

Вядома, Дзячкі не адносяцца да грошай, як да паперак. Але ў безумоўную залежнасць ад іх сваё жыццё не ставяць. Сямён расказвае, што ў іх вёсцы нармальна, калі ў цябе пытаюць, колькі ты зарабляеш.

— Гэта вельмі цікавіла і маіх сяброў, таму на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы я падрабязна распісаў, колькі грошай з Ірай мы маем, якія ў нас выдаткі і на якія мэты. На шчасце, хутка ўсе падобныя роспыты скончыліся, — расказвае ён. — Дастаткова было патлумачыць, што мы самі час ад часу зарабляем сельскагаспадарчай працай, штосьці маем з уласнай гаспадаркі, ну і бацькі дапамагаюць. Не мільёнамі, вядома. Калі тысяч дзвесце на месяц ад іх атрымліваем, то добра. Зрэшты, тут грошы няма на што траціць, таму і страху застацца без сродкаў ужо не існуе: усе праблемы забеспячэння вырашаюцца ўласнымі сіламі. Сямён клапоціцца пра ўсё, што тычыцца хаты, пабудоў, каровы і свіней. Ірына займаецца больш дробнай жывёлай і птушкай. Але маладыя людзі вядуць гаспадарку толькі разам і штодзень. Бо праца, на іх думку, тое, ад чаго сёння людзі імкнуцца ўцячы. Разам з тым менавіта яна выхоўвае, гартуе і робіць чалавека мацнейшым.

Зрэшты, гаспадарка — не адзінае, чым муж і жонка займаюцца на вёсцы. Час ад часу Сямён з Ірай ладзяць спатканні з сябрамі, разам глядзяць фільмы, запрашаюць да сябе гасцей ці самі выязджаюць да знаёмых. Ужо доўгі час у іхняй хаце жыве сябар Яраслаў.

— І вось, бачыце, ужо нясумна, — гаворыць Ірына. — Чалавек у вёсцы раскрываецца наноў. Якім чынам — залежыць толькі ад яго. Але я запэўню вас, што гэта менавіта так.

Сямён, здаецца, з новым імпэтам пачаў цікавіцца кінематографам, у вольны час спрабуе свае сілы ў напісанні рэцэнзій. Апроч таго, чытае навіны, цікавіцца палітыкай і эканомікай. Гаворыць, што апошнім часам усе часцей з’яўляюцца думкі пра тое, каб напісаць кнігу пра вядзенне ўласнай гаспадаркі.

Цяжка сказаць, ці здагадваюцца Дзячкі, што вёска раскрыла і іх саміх, але гэты факт відавочны. Вочы Сямёна і Ірыны не падманваюць: ім тут добра, і гэтак жа добра будзе і надалей.

Прыходзіць час развітвацца, і словы Дзячкоў знаходзяць яшчэ адно пацвярджэнне: у свеце шмат добрых людзей.

Да райцэнтра дабіраюся двума аўтамабілямі, вадзіцель аднаго з іх цікавіцца, адкуль я іду.

— Быў у вашых “пустэльнікаў”, — адказваю. — Ведаеце пра іх?

— У гэтых барадатых? — пытаецца ён з пагардай.

— Так.

— І што будзеш пісаць?

— Што жывуць, вядуць гаспадарку, цікавяцца рознымі рэчамі…

— Ды хіба ж гэта жыццё? Адно існаванне.

Астатні час едзем моўчкі. У горад зусім не хочацца…

На здымку: Сямён і Ірына ДЗЯЧОК на падворку.

Фота: Арцём КІР’ЯНАЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter