Жоўтае лісце каштанаў.

Украінская восень маці гарадоў рускіх

Украінская восень маці гарадоў рускіх

Нярэдка даводзіцца чуць, што ва Украіне адбываецца гвалтоўная ўкраінізацыя, нібыта ўціскаецца руская мова. Так, сапраўды, усе шыльды, дакументы — ад крамы да банка — пішуцца па-ўкраінску. Але нельга сказаць, што гэта ненатуральна. У Мінску з цяжкасцю знойдзеш беларускамоўнага прахожага. У Кіеве па-ўкраінску гавораць не толькі на палітызаваным гарачым майдане, гэта сапраўды мова народа. Хаця руская гутарка чуваць даволі часта.

Язык да мовы давядзе

Мой знаёмы Андрэй займаецца турыстычным бізнесам, увесь час “на сувязі” — толькі паспявае мяняць сім-карты ў тэлефоне і з такім жа спрытам пераскоквае з украінскай на рускую. Двухмоўе, кажа, вымушанае: “Сам я з Івана-Франкоўска, заходнеўкраінскага горада. Нас, мабыць, у вас лічаць бандэраўцамі. Не буду апраўдвацца, чаму гэта глупства. Але, прыехаўшы ў Кіеў, я быў вымушаны часцей карыстацца рускай мовай. З аднымі кліентамі размаўляеш па-ўкраінску, з іншымі — па-руску. Часам ужо блытаеш словы розных моў. Але ў нас няма такога, каб хтосьці некага прымушаў да нейкай мовы. Усе размаўляюць як хочуць”.
Андрэй — грэка-католік, гэта значыць ходзіць у царкву, але шануе не патрыярха Кірыла, а папу Бенедыкта, што ва Украіне нармальная з’ява. Нармальна і тое, што ў краіне дзве праваслаўныя царквы. Кожная называецца ўкраінскай, але адна належыць да Маскоўскага патрыярхата, як і наша беларуская, а другая — незалежная, Кіеўскага патрыярхата. Розніца між дзвюма канфесійнымі структурамі кідаецца ў вочы адразу. У “кіеўскіх” храмах усе надпісы — па-ўкраінску, абразы аздоблены ручнікамі з нацыянальным арнаментам. “Маскоўскія” храмы трымаюцца расійскага духу. Але як ні круці — усе праваслаўныя!
Між тым, як бы ўкраінцы ні пазбаўляліся ад расійскай залежнасці (памятаеце Кучмава выслоўе “Украіна — не Расія”?), усё роўна руская культура застаецца пануючай у сэрцы даўняй Русі.
Балерына Валачкова са спеваком Баскавым і былы папулярны вядучы канала НТВ Яўгеній Кісялёў — зоркі мясцовага тэлеэкрана. Але тэлебачанне ва Украіне ўсё больш і больш ўкраінскае — і па мове, і па кантэксце. Фільмы, навіны — усё гучыць на роднай гаворцы большасці насельніцтва. Часам нават здаецца, што гэта ўсё — па-беларуску. Блізкасць моў незвычайная: перакладу не патрабуецца, калі не лічыць некалькіх самабытных слоў, кшталту “взуття” (абутак), “жоўтэнь” (кастрычнік) або адрозных па значэнні, як “чоловік” (мужчына), “образа” (крыўда), “дывысь” (глядзі). Вулыця, плошча, гроші, готэль, вэрэсэнь (мінулы месяц) — для нашага турыста тут не будзе праблем з разуменнем. Бо трэба мець на ўвазе: украінскамоўныя ўкраінцы звычайна не пераходзяць на рускую мову. Справа не ў нацыянальным гонары. І немцы ў Германіі не абавязкова загавораць па-англійску, калі да іх звярнуцца на мове Шэкспіра. Не ўсе на свеце паліглоты.

Ад Брэста да Берасця

Кіеўскія вуліцы неспадзявана часта носяць беларускія назвы: імёны Коласа і Рагнеды (Рагнедзінская ля самага майдана). Ёсць у гістарычным цэнтры, на Падоле вуліца Тураўская. Адсюль, дарэчы, згодна з легендай, у Тураў прыплылі знакамітыя каменныя крыжы, што “растуць” з зямлі. Айчынная тапаніміка гучыць і пад зямлёй, у метро: станцыя метро “Мінская” на Абалоні, “Берасцейская” ў Шаўчэнкаўскім раёне. Побач — плошча Герояў Брэста, Брэст-Літоўская шаша... У гэтых найменнях — уся наша агульная гісторыя — ад старажытнарускага Берасця да подзвігаў салдат Вялікай Айчыннай вайны.
Між тым, хаця старажытнарускі Кіеў і сучасны ўкраінскі Кыіў суіснуюць на адной паверхні, але адначасова яны знаходзяцца ў розных вымярэннях. Калі пазіраеш на вежачкі цэркваў, што віднеюцца з яшчэ не распранутых дарэшты паркаў над Дняпром, думаеш, што час прыпыніўся тысячу гадоў таму. Пасля паварочваеш галаву — і на процілеглым, левым, беразе вялікай ракі іншая карціна: краявід з гмахамі — панэльнымі, цаглянымі, прымітыўнымі ды выштукаванымі.
Абавязковыя пункты ў любой турыстычнай вандроўцы — майдан Незалежнасці і Кіева-Пячэрская лаўра. Абмежавацца класічнымі мясцінамі можна, аднак шпацыраваць тут варта або з тутэйшым правадніком, або ў адзіночку. Тады заўважаеш дэталі, якія экскурсаводы апускаюць у сваіх лаканічных і “адпрасаваных” гадамі расказах. Дый заўсёды побач многа гідаў з рознымі тургрупамі — і падслухаць невядомыя факты не складае праблемы. Патрэбнае ды важнае само ліецца ў вушы.
Хадзем глядзець славутыя мясціны! Рухаючыся па горадзе, карыстаемся нагамі. Ніякага метро! Эфект будзе не той. Кіеў трэба прайсці “пяшкарусам” — ад Падола да Лаўры.

Падол

Найстарэйшая частка Кіева. Назва гаворыць сама за сябе: месца ў доле, нізе горада. Адсюль усё і пачыналася. Дзесьці тут Уладзімір Вялікі пачынаў хрысціць Русь. Тут жа была і першая ратуша часоў Вялікага княства Літоўскага, адсюль, знізу ўгару, вядзе дарога да Верхняга горада — Сафійскага сабора. Шлях пакручасты — па Андрэеўскім спуску, або ўзвозе, кажучы на мясцовы лад. Дамы ў гэтым куточку ўкраінскай сталіцы не мянялі аблічча з часоў цара-бацюшкі, а брук ніколі не заасфальтоўваўся. Тут, як у мінскім Траецкім прадмесці, рамеснікі гандлююць сувенірамі, а антыквары — рэдкасцямі. І чаго ў прадаўцоў даўніны толькі няма?! Нават такое: турыстам з адной вешалкі прапануюць набыць робу вязня яўрэйскага гета і форму нацысцкага ваякі, крыжы і савецкія зоркі, бюсты Сталіна і Гітлера. Я нічога не купіў — бо і дорага, і месца мінуламу, лічу, толькі ў музеі. Я і пайшоў у музей, здаецца, самы культавы ў Кіеве — Булгакава, размешчаны ў доме, дзе нарадзіўся вялікі рускі празаік ХХ стагоддзя.

Сафійскі сабор

У адрозненне ад полацкай Сафіі кіеўскі храм захаваўся з XI стагоддзя амаль цалкам. Убачыць сапраўдныя тысячагадовыя творы мастацтва, створаныя візантыйскімі майстрамі, можна толькі тут — нідзе больш яны не ўцалелі ў такім маштабе. Божая Маці, Хрыстос пазіраюць на нас з вышыні сабора, як глядзелі на нашых продкаў дзесяць вякоў таму. Зачароўваюць нават самі муры царквы — трохі крываватыя, але ж стаяць! Здзіўляе, што сабор не такі ўжо і вялікі. Цяпер будуюць і большыя. Але ж колькі тут намолена, каб запанавала непаўторная аўра святасці! Дарэчы, старажытныя фрэскі Сафіі — унікальныя, але не адзіныя, што дайшлі з далёкіх часоў хрышчэння Русі. Роспіс XII стагоддзя, падобны да кіеўскага, захаваўся ў Спасаўскай царкве ў Полацку. Такім чынам, мы маем чым ганарыцца і што прапанаваць у якасці культурна-турыстычнага бартэру. Вандроўку тым часам працягваем па Уладзімірскай вуліцы да Залатых варотаў — мінаючы дом, дзе жыў мастак Васняцоў (акурат насупраць рэзідэнцыі Службы бяспекі Украіны, былога КДБ УССР), і кватэру, у якой не адзін дзень правёў чэшскі класік Яраслаў Гашак.

Залатыя вароты

Колішняя галоўная ўязная брама горада Яраслава Мудрага была зруйнавана ў далёкія часы. Рэшткі будынка нейкім цудам захаваліся над зямлёй, і ў канцы савецкай эры над руінамі былі адноўлены старадаўнія вароты. Яшчэ цікавейшая станцыя метро “Залатыя вароты”. Яна разме-шчана акурат насупраць дзівоснай брамы прама ў... жылым доме пачатку мінулага стагоддзя! Калі поезд метро спыняецца пры “Залатых варотах”, выходзіш на платформу, аздобленую як палац кіеўскага князя: калоны, аркі, нішы выкладзены мазаікай. Эскалатар вядзе ўгору — і так далёка, што не відаць канца дарогі. Падняўшыся да пляцоўкі, з якой, здаецца, ужо можна выйсці на вуліцу, робіш паварот — і зноў перад табою электрычная лесвіца. Наперадзе яшчэ адзін пад’ём — даўжэзная стужка. Святла ў канцы тунэля не відаць. А калі раптам эскалатар заканчваецца, аказваешся проста перад Залатымі варотамі — дзівоснай будынінай з бярвення, камення і цэглы, увянчанай залатым крыжам. І ўсё гэта ўсыпана такім ж залатым лісцем украінскай восені...

Лаўра

Што і гаварыць, вось яно, месца, дзе пісалася “Аповесць мінулых гадоў”, дзе спачывалі перад вяртаннем у Полацк мошчы Еўфрасінні Полацкай і дагэтуль ляжаць у пячоры астанкі Юліяніі Гальшанскай. Пакланіцеся святыням і загадайце яшчэ раз сюды вярнуцца...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter