Жанчына — сапраўдны палкоўнік

Першая беларуская жанчына-палкоўнік міліцыі адзначае 80-годдзе

У гэтыя дні ў Магілёве 80-гадовы юбілей адзначае Любоў Васільеўна Кавальчук — першая беларуская жанчына-афіцэр, якой было прысвоена званне палкоўніка міліцыі. Акрамя аператыўнай працы ў следчым аддзеле УУС Магілёўскага аблвыканкама, яна тры дзясяткі гадоў выкладала ў Магілёўскім вышэйшым каледжы МУС Беларусі (у савецкі час — Спецыяльная школа транспартнай міліцыі МУС СССР). Дзякуючы прафесіяналізму гэтай абаяльнай жанчыны быў раскрыты шэраг складаных злачынстваў, звязаных з замахам на жыццё і маёмасць грамадзян. У красавіку 2012 года загадам начальніка каледжа імя палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Любові Кавальчук занесена ў Кнігу гонару.

Ёй да гэтага часу тэлефануюць курсанты-выпускнікі, распавядаюць пра свае дасягненні і праблемы, цікавяцца здароўем шаноўнага выкладчыка. Яна часты госць у маладых афіцэраў і курсантаў Магілёўскага вышэйшага каледжа. З вялікім энтузіязмам Любоў Васільеўна адгукнулася на прапанову прыняць удзел у акцыі «Ветэраны зноў у страі» і, прыгадаўшы маладыя гады, бойка, без стомы правяла навучальныя заняткі.

За дзесяцігоддзі добрасумленнай службы яна ўнесла значны ўклад у справу падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў: сярод яе курсантаў — генерал-маёр Барыс Алданаў, начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама генерал-маёр Валерый Палішчук, першы намеснік начальніка Магілёўскага вышэйшага каледжа Яўген Лазаковіч і нават былы прэзідэнт Чачні Алу Алханаў, цяпер намеснік міністра юстыцыі Расійскай Федэрацыі.

Акрамя знакамітых выпускнікоў, Любоў Васільеўна ўзгадавала ў міліцэйскай навучальнай установе сваю дачку Іну і яе будучага мужа Аляксандра Маёрава (палкоўніка міліцыі ў запасе), якія цяпер жывуць і працуюць у Пскове.

Пасля выхаду ў адстаўку Любоў Васільеўна не сядзела склаўшы рукі, а выкладала юрыдычныя дысцыпліны ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова. Аднойчы, сустрэўшыся ў калідоры ВНУ з былым рэктарам, а цяпер першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандрам Радзьковым, на яго пытанне: «Як справы, калега?» — адказала: «Маё жыццё працягваецца!»

На здымку: віншаванні юбіляру палкоўніку міліцыі ў адстаўцы Любові КАВАЛЬЧУК ад начальніка каледжа палкоўніка міліцыі Генадзя КАЛЕСНІКА.

Фота: Аксана ШАТУНОВА, Наталля ГОМАНАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter