Засталася спадчына…

Памёр вядомы ксёндз з вёскi Мосар Глыбоцкага раёна Ёзас Булька

Сумная навiна для вернiкаў Беларусi – памёр вядомы ксёндз з вёскi Мосар Глыбоцкага раёна Ёзас Булька. Без малога чвэрць стагоддзя ён аддаў служэнню на нiве хрысцiянства. Сан святара прыняў дастаткова позна – у 62 гады. Але хiба служэнне Богу i людзям можна вызначыць меркамi чалавечага жыцця?

– Гэта страта не толькi для Глыбокага, але i для ўсёй Беларусi, – лiчыць старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калбасiч. – З усiх куткоў краiны паступаюць жалобныя тэлеграмы, тэлефанаваннi. Праводзiць спачылага каталiцкага святара ў апошнi шлях прыехалi ягоныя сябры, аднадумцы, прыхiльнiкi з Мiнска, Маладзечна, Магiлёўшчыны, заходнiх абласцей краiны, прадстаўнiкi iншых канфесiй.

Булька пакiнуў багатую спадчыну. Нездарма ў 2004 годзе ксёндз атрымаў прэмiю «За духоўнае адраджэнне». Маляўнiчая вёска Мосар па малiтвах i жыццёвай праграме ксяндза ператварылася ў тэрыторыю суцэльнай цвярозасцi. Сотнi лю-дзей навучылiся жыць без гарэлкi. Шмат гадоў назад каталiцкi святар вырашыў, што не будзе адпяваць нябожчыка, калi на хаўтуры закуплена спiртное. На пропаведзях у касцёле ён ганьбаваў п’янiц, прынародна называў iх i заклiкаў да пакаяння. У вынiку без усялякага «кадзiравання» паступова мосарскi край стаў узорнай зонай цвярозасцi.

Замест п’янай атруты Булька здолеў паказаць мясцовым жыхарам прыгожую i чыстую мадэль жыцця. Побач з касцёлам разам з памочнiкамi i аднадумцамi ён стварыў мясцовы «райскi куток». Звычайна святар уставаў у 4—5 гадзiн ранiцы i браўся за рыдлёўку, граблi, iншы садова-агародны iнвентар. Так з’явiўся на месцы балота i брудных лужын цудоўны парк у англiйскiм стылi – з акуратна падстрыжанай газоннай траўкай, туямi, мноствам кветак. Больш за паўтары тысячы кустоў i раслiн!

Ёзас Булька пахаваны ўчора каля касцёла ў Мосары. Лепшай памяццю для светлай асобы бу-дзе працяг усiх светлых i добрых спраў, якiя ён паспеў здзейснiць у сваiм надзвычай мудрым жыццi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter