Запрашаем да графа на начлег

Хутка будынак будзе рэканструяваны...

Амаль год таму ў «Р» выйшаў артыкул пад назвай «Баяцца сядзiбы прывiды». Нагадаем, размова iшла пра запусцелы двухпавярховы дом графа Патоцкага, што ў Беразiно.

Будынак, якому ўжо больш за 150 гадоў, меў шмат гаспадароў. Пасля вайны там размяшчаўся дзiцячы дом, потым — школа, склад. I пакуль у сядзiбе знаходзiлiся людзi, яе яшчэ хоць як даглядалi. А ў апошнiя гады дом зусiм прыйшоў у заняпад. Там няма нi вокнаў, нi дзвярэй, адно толькi смецце i бур’ян…

I вось днямi прыйшла добрая навiна: хутка будынак будзе рэканструяваны, там з’явяцца гасцiнiца i рэстаран. Па словах галоўнага спецыялiста аддзела фiзiчнай культуры, спорту i турызму Бярэзiнскага райвыканкама Яўгена Булойчыка, сядзiба Патоцкага ўключана ў праграму развiцця турызму ў Бярэзiнскiм раёне i ў праграму развiцця акадэмiчнага веславання ў Мiнскай вобласцi. праведзена ўжо абследаванне тэхнiчнага стану будаўнiчых канструкцый i распрацаваны рэкамендацыi па iх эксплуатацыi. Эскiзны праект даручана выконваць прыватнаму унiтарнаму прадпрыемству «Творчая майстэрня архiтэктара Карака В. I.».

Плануецца, што ўсе адпаведныя дакументы будуць падрыхтаваны на працягу некалькiх месяцаў i ў пачатку наступнага года пачнецца рэканструкцыя сядзiбы. Тэрмiн здачы аб’екта — 2012 год.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter