Запавет песняра

Лагойск адзначае 90-годдзе з дня выхаду з друку «Новай зямлі»

Лагайчане адзначаюць 90-годдзе з дня выхаду з друку геніяльнай паэмы.

У 1923 годзе ў Мінску асобным выданнем упершыню выйшла паэма Якуба Коласа «Новая зямля». Энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства, паэтычны нацыянальны гімн ХХ стагоддзя, адысея беларускай літаратуры, беларускі нацыянальны эпас і гэтак далей. Цяжка нават пералічыць усе ўзнёслыя азначэнні, якія атрымаў гэты твор, у якім аўтару, гаворачы выключна пра сваё, па-майстэрску ўдалося выказаць агульначалавечае.

Лагойскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў прысвяціў юбілейнай даце цікавую выставу. Там прадстаўлены экспанаты з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Лагойскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. «Зямля — аснова ўсёй Айчыны» — такую назву атрымала экспазіцыя. У выставачнай зале музея можна пабачыць выданні «Новай зямлі» розных гадоў, яе пераклады на іншыя мовы свету, а таксама рукапісы асобных старонак паэмы з праўкамі аўтара.

Другая выстава — «Запавет песняра: жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа» знаёміць наведвальнікаў з жыццёвым і творчым шляхам народнага паэта ў кантэксце канкрэтнай эпохі і гісторыі краіны ўвогуле. Там можна пабачыць і графічныя работы мастака Лазара Рана, выкананыя ў тэхніцы афорта. Яны дазваляюць даведацца пра тыя маляўнічыя мяс¬ціны, што паўплывалі на творчасць класіка беларускай літаратуры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter