Маршрут Несвиж — Мир — Новогрудок — озеро Свитязь оценили туристы из ближнего зарубежья

Занясіце ў рэестр душы

«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына» – радкі Купалы, якія памятаем яшчэ са школы. Але тады не задумвалася, што спадчына складаецца не толькі з матэрыяльнага і духоўнага, але і нават з таго, што цяжка акрэсліць і ўнесці ў які-небудзь рэестр.



Днямі накіраваліся мы з калегамі ў карпаратыўную паездку па прыгожых мясцінах — Нясвіж — Мір — Навагрудак — возера Свіцязь. Мне даводзілася і раней бачыць Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, але да рэстаўрацыі, ды і на аднаўленне Мірскага замка хацелася паглядзець. Таму доўга не раздумвала, сабрала рэчы і – у падарожжа. Шчыра кажучы, не пашкадавала.

Прыемна было пабачыць, што рэстаўратарамі і музейнымі супрацоўнікамі праведзена надзвычай вялікая праца. Нават рэчы мінулых стагоддзяў адшуквалі і набывалі, каб аднавіць інтэр’еры часоў панавання князёў Радзівілаў. І, як адзначыла наш экскурсавод, не пабудзе яна ў Нясвіжы ці Міры месяц-другі, там ужо з’яўляецца некалькі новых рэчаў. І ёй цікава, і турыстам тым больш. 

Як і стагоддзі таму, прыязджаюць сюды вандроўнікі. На стаянках бачу машыны з нумарамі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Ёсць і турысты з блізкага замежжа, якія вырашылі правесці тут выхадныя дні. Так, Марына са Смаленска ў гандлёвых радах выбірала прыгожыя сувеніры, якіх хапала на любы густ: шкляныя, керамічныя, драўляныя, металічныя, з тканіны і нітак — упрыгажэнні і цацкі. «Хоць дома ўсяго хапае, але як можна прайсці, каб не набыць што-небудзь прыгожае! Навучыліся вашы майстры рабіць цікавыя рэчы! Вось ужо і ляльку набыла, і каралі і ўсё роўна не магу адысці ад прылаўка», — усміхаецца яна.

І я таксама не змагла не набыць прыгожы куфэрак, зроблены беларускімі майстрамі. А як не паспрабаваць пірог з яблыкамі і морс з журавін, калі водар ад страў такі спакуслівы для вандроўніка? Дарэчы, кафэ, дзе можна падсілкавацца, ля гістарычных мясцін дастаткова. 

Самы час працягнуць падарожжа, накіраваўшыся ў Мір, вядомы далёка за межамі Беларусі. У архітэктурным ансамблі яго прадстаўлены замак-музей XVI—XX стагоддзяў са шматлікімі экспазіцыямі, землянымі валамі, паркамі і сажалкай, царквой — магільным скле-пам князёў Святаполк-Мірскіх. Зусім нядзіўна, што ў 2014 годзе гэтыя мясціны наведалi больш за 300 тысяч турыстаў.

У замку адразу звяртаю ўвагу на тое, што сербскія госці з вялікай цікавасцю разглядаюць узнагароды алімпійскага чэмпіёна Максіма Мірнага. Выставу «Мірныя трафеі» наладзілі ў адным з пакояў. І гэта вельмі сімвалічна, калі ў замках і палацах арганізоўваюць выставы, прэзентацыі, канферэнцыі, музычныя вечары і рыцарскія турніры, фестывалі мастацтваў і рамёстваў – гэта не толькі прыцягвае ўвагу турыстаў і дапамагае зарабляць сродкі на захаванне гістарычных каштоўнасцей і нашай спадчыны, але і надае другое жыццё старажытным сценам.

Ёсць выраз «Архітэктура — гэта застылая музыка». Яна нібы ажывае ў час музычных вечароў у Мірскім замку, дзе арганічна гучыць не толькі класіка, але і рок.

Мне пакуль складана нават уявіць, якім будзе пасля правядзення рэстаўрацыйных работ Навагрудскі замак, але хочацца, каб у ім захаваўся дух даўніны, які зможа арганічна суіснаваць з сучаснасцю.

У неспакойным свеце, калі адны разбураюць, іншыя павінны будаваць. Не толькі для сябе, для нашчадкаў, тых, хто і сёння ўглядаецца ў старадаўнія муры ў пошуках гістарычнай спадчыны. Крыху фантазіі, больш  лю-дзей з арганізатарскімі здольнасцямі і своечасовая падтрымка іх ідэй, спадзяюся, будуць і далей дапамагаць захоўваць нашу спадчыну.

…Дарэчы, калі маці пабачыла фотаздымкі з майго падарожжа, таксама вырашыла параўнаць свае ўражанні ад архітэктурных аб’ектаў да рэстаўрацыі і пасля. Складу ёй кампанію. Першы ў нашым спісе — Лошыцкі ся-дзібна-паркавы комплекс, які наведаем зусім хутка.

Наталля ПАХАМОВІЧ

npahomovich@list.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter