«Заходзьце ў храм зялёна-белы...»

Раптам дружны i густы, зусiм  нечаканы для такой пары, выпаў снег...

Раптам дружны i густы, зусiм  нечаканы для такой пары, выпаў снег. Яго свята, чыстае, хвалюючае i па-свойму ўрачыстае, лепш за ўсё адчуваецца ў лесе. Праўда, калi няма ветру, калi i палi, i лугi, наогул усё наваколле зачаравана цешацца гэтым хараством...

Сёння менавiта такi дзень, i я спяшаюся ў свой лес. Божа мой, тут на кожным кроку дзiвосы! Лес захутаны ў белае мяккае покрыва. Снегам атулены дрэвы, некаторыя з iх быццам загадкавыя прывiды, зусiм iншыя, чым улетку. А кучаравы ядловец? Кожны яго куст – такое нечаканае мудра­гелiстае стварэнне зiмы, што я мiж­вольна спыняюся, гляджу на яго i даю волю сваёй фантазii. То куст паўстае перада мной у вобразе ляснога разбойнiка, барадатага i вельмi злос­нага. А то быццам прыгажуня-дзяўчына, якая ў чароўным сне чакае свайго прынца. А то храм, незвычайна багаты i цiкавы па сваёй зялёна-белай архiтэктуры...

Нетаропка крочу па знаёмай сцяжынцы. Тут ужо засталiся на снезе лёгкiя сляды, значыць, нехта апярэдзiў мяне. Ясна, што прайшоў не жыхар суседняй вёскi: у ёй засталiся толькi старыя i нямоглыя. Маладыя ж, што iншы раз прыязджаюць на выхадныя з Мiнска ў вёску, ну нiхто з iх пешшу па лесе не пойдзе. Па гэтай сцяжынцы, калi яна не завалена яшчэ снегам, праляцяць на легкавушцы альбо матацыкле. Што iм гэтая лясная прыгажосць, калi iх сэрцы запаланiла розная поп-музыка, у якой няма нiчога святога. Шкада мне iх, але што зробiш, у першую чаргу вiнаваты самi, што так духоўна збяднелi.

Значыць, па сцяжынцы праклаў след мой сусед па дачы, такi ж апантаны прыродай, як i я.

Зараз неба бязвоблачнае i спакойнае, у лесе пануюць мяккае лагоднае святло i пяшчота. Пагляджу, што будзе далей, калi пачнецца стары лес. Гэты, дзе зараз iду, малады i няўрымслiвы, яму прыемна i весела сярод чыстага снегу, пад ясным сонцам. Ён, здаецца, нiяк не хоча развiтвацца з восенню i прыбярог некаторыя яе прысмакi. Вось куст калiны пад прыгожым белым футрам. Ясна: шчодрая калiна дала такi ўраджай, што яго не змаглi ўвесь сабраць мясцовыя жыхары, частка засталася на зiму. Падыходжу блiжэй i бачу, што на зямлi таксама шмат ягад. Усё зразумела: тут нядаўна палуднавалi птушкi. Не вельмi дбайныя i ашчадныя, бо вялiкая частка iх полудня аказалася ўнiзе.

Раптам чую: стук-стук-стук. Пазiраю i кiрую туды, дзе старыя сосны. Дзе ён, гэты нястомны працаўнiк-дзяцел? Ага, вось руплiва завiхаецца на сасне. Тут на ствале дрэва шчылiна, дзяцел замацаваў у ёй шышку. I дзяўбе яе, дастаючы сваiм язычком насенне. Дзятлава “кухня”, дый годзе. З цiкавасцю пазiраю, цi доўга ён будзе тут здабываць сабе ежу. Вось шышка паляцела ўнiз, дзяцел жа спрытна перамахнуў на галiну дрэва. Ага, першая шышка ўжо апрацавана, патрэбна iншая...

Чакаю, калi ж дзяцел зноў вернецца на сваю “кухню”. Ён не марудзiць: чарговая шышка надзейна замацавана ў шчылiне, i зноў — стук-стук-стук. Снег вакол ствала сасны густа ўсыпаны пустымi пабiтымi шышкамi. Вiдаць, апетыт у птаха добры, дый нiхто яму полудзень на талерачцы, як кажуць, не паднясе, самому трэба дбаць. Вось i завiхаецца на сасне, не звяртаючы на мяне нiякай увагi. I ежа, вiдаць, смачная. “Прыемнага апетыту, добрая птушка”, — кажу i крочу далей.

Патыхнула змрокам – пайшлi магутныя, старыя ялiны. Iх густыя галiны столькi набралi снегу, што пад яго цяжарам схiлiлiся да самай зямлi. Але ж яловы лес тут невялiкi, хутка ён скончыўся, i я выходжу на луг. Тут маладыя пасадкi, i маленькiя сасёнкi гарэзлiва вытыркнулi са снегу, быццам свечкi, свае востранькiя вершалiны. Iм тут утульна i цёпла. Перада мной раздаецца хуткае “пырх-пырх-пырх”, падымаецца снежны пыл. Курапаткi. Я iх спалохаў i шкадую. Спрытныя птушкi iмклiва пранеслiся над зямлёй i знiклi.

Сонца паднялося вышэй. Вось сямейка маладых бярозак. “Вы задаволены сённяшнiм днём?” – пытаюся i дакранаюся да iх гнуткiх, пакрытых срэбраным снегам галiнак. “Ага”, — быццам адказалi  бярозкi, зварухнуўшы галiнкамi, i высыпалi мне на далонь некалькi сваiх лёгкiх, чыстых сняжынак.

А лес зiмовы, быццам казка,

Ён запрашае: “Калi ласка,

Заходзьце ў храм зялёна-белы...”

I я ступаю тут нясмела,

Каб не парушыць прыгажосць.

Хачу адчуць усё, як ёсць:

I цiшыню, бы незямную,

Лагоду леса, бы святую...

Ну як шатры, стаяць ялiны,

Дрыжаць на холадзе асiны,

А вось дубы – як вартавыя,

Яны магутныя такiя.

У гурт сабралiся бярозы,

Мо каб сагрэцца ад марозу,

Хаця яны ахову маюць –

Iх сосны дружна прыкрываюць.

Усюды снег ляжыць пушаны,

Як неба, чысты на палянах,

А на галiнах – бы абрусы.

Цi ж можа сэрца беларуса

У лесе так не хвалявацца

I дабрынёй не адгукацца?..

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter