Не работать, колядовать и принимать гостей - как отпраздновать Рождество по-белорусски

Захавальнік традыцый

Гісторыю ў Ветцы можна вывучаць паўсюль — і ў музеі, і на вуліцы

Дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый iмя Ф. Р. Шклярава Пятро Цалка — на сваім месцы. Выхоўваўся ў сапраўдных мясцовых традыцыях, вывучаў родную мову ва ўніверсітэце і зараз займаецца тым, што захоўвае спрадвечнае. Напярэдадні Раства музейшчык і навуковец паказаў нам Ветку і расказаў, як беларусы прывыклі сустракаць гэта свята.


Бабуліны ўрокі

Да культурных і абрадавых традыцый Пятра яшчэ з дзяцінства прывучала бабуля Валянціна Мікалаеўна. Нара­дзіўся ён у Лельчыцкім раёне, а ў вёсцы, як вядома, памяць

народа захоўваецца лепш. Ніякіх лекцый, проста старыя жывуць па сваіх канонах, а малыя назіраюць і ўспрымаюць як звычайныя жыццёвыя малюнкі, прывычныя для выканання. Аднак зрэдку гэта ўсё ж такі нагадвала ўрокі, успамінае Пятро:

— Бабуля садзілася на ложак, насупраць садзіла нас са стрыечным братам і пачынала вучыць калядным спевам. Яна ўсё ведала, сама хадзіла з гуртам жанчын. Спачатку для нас падбіралі нешта простае накшталт: «Калядзін, калядзін, а я ў бацькі не адзін. Па калена кажушок, дайце сала, піражок. Няма сала, піражка — дайце грошай паўмяшка». А потым суседка ў жарт навучыла працягу: «Калі няма грошай, дайце гарэлкі. Не дасце га­рэлкі, паб’ём усе тарэлкі!» Ну і мы наіўныя гэта паўтаралі, пакуль бабуля не пачула. Потым, калі сталі больш дарослымі, вучылі ўжо класічным псалмам пра Раство Хрыстова, пра трох Цароў.


Доўгачаканыя пачастункі

Напярэдадні Раства бабуля Пятра падыходзіла да кожнай яблыні ў садзе, сенам абкручвала, брала з сабой сякеру і стукала па дрэве абухом, прыгаворваючы: «Не будзеш радзіць — буду рубіць». Такое свое­асаблівае абуджэнне саду перад вясной.

— Увечары ў хаце накрывалі вячэру з абавязковай куццёй. Яна гатавалася з ячнай крупы, у нас яшчэ дадавалі мёд і мак. На стале, упрыгожаным саломай, былі не галубцы і селядцы, што мы бачылі на Новы год, а квашаная капуста, агуркі. Галоўным было адчуванне нечага таемнага, святочнага, што вось-вось наступіць. Куццёй, якую не даелі, раніцай кармілі курэй, прычым рабілі гэта ўнутры абруча з бочкі.

На Раство быў ужо багаты стол. Напярэдадні звычайна забівалі парася, гатавалі шмат розных мясных страў. І пяклі каляднікі — булкі з павідлам або  сушанымі яблыкамі і грушамі, якія пераціраліся з цукрам.

— Гэта абавязковы пачастунак для калядуючых. Мы чакалі яго ўвесь год, больш чым грошы і цукеркі. Ведалі нават, у каго з сусе­дзяў якая начынка.

Раніцай усе накіроўваліся ў царкву, прычым разам з дзецьмі. Пятро памятае цудоўную атмасферу, дзе кожная бабуля была быццам тваёй роднай і абавязкова давала цукерку. А пасля службы малыя беглі дадому за вялікім мехам і ішлі калядаваць. Як пачынала цямнець, на «паляванне» выходзіла моладзь, а ўжо пад самы вечар — сталыя людзі, якія перадавалі сабраныя грошы на падтрымку царквы.

— І што асабліва мне запомнілася: увесь калядны перыяд хадзілі адзін да аднаго ў госці, гучалі бясконцыя прывітанні і частаванні.


Больш чым музей

Улічваючы, што Пятро Цалка скончыў беларускамоўную школу і ў паўсядзённым жыцці перавагу аддае таксама роднай мове, нядзіўна, што паступіў ён менавіта на філфак Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Збіраўся стаць настаўнікам, бо бачыў у гэтым прызванні нешта значнае, але яшчэ падчас вучобы пачаў падрабляць у Веткаўскім музеі і зразумеў, што знайшоў сябе.

— Гэты музей самы лепшы! — з упэўненасцю кажа дырэктар, праводзячы нас па экспазіцыях. — Магчыма, хтосьці скажа, што абсталяванне не лепшае і экспанатаў бывае больш. Але ў плане развіцця асобы ён лідар. Тут вельмі шырокае поле дзейнасці.

Лекторыі, дзіцячая адукацыйная праграма, вечарыны з танцамі і спрадвечнымі абрадамі, навуковая работа, экспедыцыі — музей сёння больш чым месца для экскурсій. Але ж і паглядзець тут ёсць на што.

У другой палове XVII стагоддзя ў Ветцы знайшлі прытулак стараверы. Асновай для музея стала калекцыя даследчыка Фёдара Шклярава, які быў выхадцам са стараверскай сям’і і імкнуўся захаваць спадчыну продкаў. З пакалення ў пакаленне мясцовыя жыхары стваралі ўнікальныя кнігі са старонкамі, упрыгожанымі галінкамі, лісцем, кветкамі, рабілі залатыя, сярэбраныя аправы, вышывалі жэмчугам і бісерам рызы для ікон. Часткай экспазіцыі зараз з’яўляюцца і разныя ліштвы, знятыя з вокнаў стараверскіх хат. Гэтыя драўляныя элементы, на якіх выразаліся розныя ўпрыгожванні — ад купалоў да казачных цмокаў, зараз можно лічыць творамі мастацтва.

Аднак гісторыю ў Ветцы можна знайсці ўсюды. Пятро Цалка адводзіць нас у асабліва дарагі яго сэрцу прыватны сектар:

— Зараз гэта Першамайскі завулак, а раней тут стаялі манастырскія келлі стараверскага манастыра. За два крокі адгэтуль дом Фёдара Шклярава, а вось тут нядаўна жыллё пачаў будаваць і я.

Агароджа вакол сядзібы робіцца рукамі самога гаспадара, зверху — птушкі, якія з’яўляюцца дакладнай копіяй арыгінальнага стараверскага ўпрыгожвання. Да захавання роднай культуры Пятро Цалка ставіцца сур’ёзна.

Да самага Вадохрышча

У дзяцінстве некаторыя рэчы здзіўлялі Пятра, пераасэнсаваць іх давялося ўжо, калі быў навукоўцам:

— Перш за ўсё трэба разумець, што такое Раство. Гэта не нейкае адарванае ад паўсядзённага жыцця царкоўнае свята. На нашых землях вераванні змешваліся і ўплывалі адно на адно. Для чалавека, які жыў фактычна земляробным календаром, — гэта той момант, калі дзень станавіўся больш ночы. І ўсе мясцовыя святы гэта падкрэслівалі: «Варвара ў Савы ноч украла». Чалавек разумеў, што свет перамагае цемру, і важна было гэты перыяд адсвяткаваць. Зараз, праўда, па календары гэтыя даты змясціліся.


Але для беларусаў нараджэнне Сонца і Хрыста неяк сумяшчалася, як і язычніцтва з хрысціянствам. Вядома, што адначасова мы на Каляды і Віфлеемскую зорку носім, і казу з мядзведзем водзім.

— Каляды — гэта не адзін дзень. Нездарма казалі: «Хрышчэнне — Калядам прабачэнне». Ад Раства Хрыстова і да Вадохрышча беларусы адзначалі цэлы шэраг свят, якія з’яўляліся пэўным перапынкам паміж часткамі года, калі трэба было пачынаць задумвацца пра новы ўра­джай. І гэта добрая падстава, каб зазірнуць у будучыню. Бабуля выводзіла мяне на двор і казала: «Калі зорак шмат, будзе шмат грыбоў». Я перапытваў: «А калі няма і вакол цёмна?» Яна адказвала: «Ну, значыць, будзе шмат чарніц...»

Шмат снегу — да добрага ўраджаю збожжа, лічылі продкі. З аднаго боку, гэта сімвалічна: высокі снег — высокае калоссе. А з другога — лагічна: шмат будзе вільгаці. І больш зразумелай зараз Пятру здаецца традыцыя «будзіць» сады — некаторыя такім жа чынам «будзілі» зерне. Беларус жыў зямлёй і, нават калі яна спала, думаў пра яе. Варажыў за калядным сталом, які сімвалічна лічыў сваім полем: выцягваў доўгую ці кароткую саломіну, а таксама ставіў як мага больш страў.

— Будзе добра на стале, будзе і ў поле летам. А што будзе ў поле, будзе потым на стале.

Але працаваць на свята забаранялася строга. Калі адпаў гузік, прышываць яго нельга. Верацяно нават не павінна было трапляцца на вочы, бо ўлетку будзеш сустракаць шмат гадаў. Сячэш дровы — народзіцца дзіця без пальцаў. Так што Пятро Цалка фармулюе галоўную ўмову свята:

— Гуляць, гуляць і гуляць!

valchenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter