Заканадаўчая «апека»

Мінкульт зацвердзіў праект зон аховы гістарычнага цэнтру Мінска

Дзяржава ўзяла пад ахову гістарычны цэнтр Мінска

Спадчына беларускай сталіцы ўзята пад заканадаўчую «апеку». Міністэрства культуры зацвердзіла праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці — «Гістарычны цэнтр Мінска», паведамляе БЕЛТА. Цяпер дакладна вызначаны парадак утрымання гістарычна важных раёнаў горада. Парушальнікі могуць быць прыцягнуты як да адміністрацыйнага, так і да крымінальнага пакарання.

Паводле слоў начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігара Чарняўскага, агульная плошча гістарычных раёнаў Мінска — 76,9 га. Дакументам устаноўлены ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту і зона аховы культурнага слоя.

Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гістарычнага цэнтра Мінска. На гэтай тэрыторыі забараняецца будаўніцтва аб’ектаў, якія пераўзыходзяць па сваіх параметрах будынкі XVI—XX стагоддзяў, ажыццяўленне дзейнасці, якая парушае захаваную планіровачную структуру гістарычнага цэнтра горада, а таксама правядзенне земляных работ без нагляду археолагаў.

Зона рэгулявання забудовы размяшчаецца на тэрыторыі кварталаў паміж вуліцай Інтэрнацыянальнай і праспектам Незалежнасці, уздоўж вуліц Я. Купалы і Раманаўская Слабада. Тут дазволена ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць захаванне гістарычнага сілуэта Мінска. Іх максімальная вышыня не павінна перавышаць 11 метраў уздоўж вуліцы Інтэрнацыянальнай і 26 метраў — уздоўж праспекта Незалежнасці. На гэтай тэрыторыі рэкамендуецца аднаўленне страчаных дамінант, у прыватнасці касцёла дамініканскага кляштара (рог вуліц Энгельса і Інтэрнацыянальнай).

Аднак сёння ў зоне рэгулявання забудовы ўжо знаходзіцца шэраг будынкаў, якія «не ўпісваюцца» ў агульны гістарычны сілуэт. «На мой погляд, падобная архітэктура павінна з’яўляцца не ў самім гістарычным цэнтры, а на дастатковай адлегласці ад яго», — сказаў Iгар Чарняўскі.

Яшчэ адно новаўвядзенне — зона аховы ландшафту. Яна ўстаноўлена ўздоўж ракі Свіслач з мэтай захавання водна-зялёнага дыяметра на тэрыторыі, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці. Зона аховы ландшафту ахоплівае тры ўчасткі: уздоўж Свіслачы да Палаца спорту і банка «Масква-Мінск», сквер перад будынкам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, тэрыторыю сквера ў раёне вуліц Няміга — Валадарскага — Гарадскі Вал. Тут дазваляецца правядзенне работ па добраўпарадкаванні, пракладка неабходных інжынерных камунікацый, правядзенне мерапрыемстваў па захаванні і аднаўленні расліннасці. Аднак забаронена ўзвядзенне новых будынкаў.

Зона аховы культурнага слоя ахоплівае значную частку мясцовасці, якая супадае з тэрыторыяй горада Мінска XIX стагоддзя. Самымі важнымі яе элементамі з’яўляюцца Мінскае замчышча і тэрыторыя Верхняга горада. Пры выкананні земляных работ на тэрыторыі зоны неабходна забяспечыць правядзенне археалагічных даследаванняў і рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб’ектаў. «Перш за ўсё, культурны пласт— гэта каштоўнасць для навукі, гісторыі, які змяшчае важныя артэфакты для асэнсавання мінулага», — заўважыў спецыяліст.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter