Загучаць па-новаму

Анатоль Тозік: Быхаву трэба дапамагчы загучаць па-новаму

Гораду Быхаву трэба дапамагчы загучаць па-новаму ў Беларусі.

Гэта можна зрабіць, толькі аб’яднаўшы намаганні рэспубліканскіх, мясцовых органаў улады і жыхароў Быхаўшчыны. Такое меркаванне выказаў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік. Пад яго кіраўніцтвам у Быхаве 28 лістапада прайшло першае пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, важна, каб не толькі чыноўнікі прымалі ўдзел у падрыхтоўцы да правядзення Дня беларускага пісьменства, але і актыўна да гэтага падключылася мясцовае насельніцтва. Трэба вельмі многае зрабіць. Быхаў павінен загучаць у нашай гісторыі і сённяшнім жыцці. Для гэтага ў горада ёсць вялікі патэнцыял — багатая культурная і архітэктурная спадчына. У Быхаве неабходна аднавіць замак, унікальную сінагогу, мадэрнізаваць і надаць новае жыццё сацыяльна значным аб’ектам, у тым ліку аднавіць плавальны басейн.

Што датычыцца самой канцэпцыі правядзення Дня беларускага пісьменства, то, на думку Анатоля Тозіка, у яго ўжо ёсць свой фармат і традыцыі, і нешта кардынальна змяняць не мае сэнсу. Кожны год гэта свята праходзіць ярка, цікава, і кожны рэгіён прыўносіць у яго асаблівыя фарбы. Вядома, плануецца правядзенне і «Горада майстроў», і кніжных кірмашоў, канцэртаў, а таксама адкрыццё дзвюх скульптурных кампазіцый, прысвечаных Дню беларускага пісьменства. «Сумеснымі намаганнямі рэспубліканскіх органаў улады, мясцовага кіраўніцтва і жыхароў горада мы нададзім Быхаву зусім новае аблічча», — запэўніў Анатоль Тозік.

Удзельнікі нацыянальнага аргкамітэта ў час выязнога пасяджэння пазнаёміліся з сацыяльна значнымі аб’ектамі Быхава, абмеркавалі пытанні фінансавання і яго крыніц і зацвердзілі план работы на будучы год.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter