«За спадам будзе ўздым»

У бабруйчанiна Леанiда Мiрановiча ёсць зборнiкi з аўтографамi Вазнясенскага i Еўтушэнкi

У бабруйчанiна-кнiгалюба Леанiда Мiрановiча ёсць зборнiкi з аўтографамi Вазнясенскага, Еўтушэнкi i iншых вядомых лiтаратараў

Леанiд Мiрановiч – асоба ў горадзе прыкметная. Мае ў асабiстым карыстаннi звыш трох з паловай тысяч кнiг. Доўгi час узначальваў гарадскую арганiзацыю кнiгалюбаў i нямала зрабiў на гэтай нiве.

— Леанiд Якаўлевiч, — звярнулiся мы да Мiрановiча, — дык як прыйшло захапленне кнiгай?

— З дзяцiнства гэта ў мяне: з кнiжкай клаўся спаць i з ёю ўставаў. Такая цяга была. Развiла яе настаўнiца рускай мовы i лiтаратуры Алена Фёдараўна Казлоўская, якая выкладала гэты прадмет у маёй роднай школе, што на Вiцебшчыне. Кнiга цябе незаўважна прыцягне i не адпусцiць. Так было i ў ваенным вучылiшчы, i ў час армейскай службы. Служыў я на Далёкiм Усходзе, у Групе савецкiх войск у Германii, а пасля — у Бабруйску. Многiя ведалi пра мае захапленнi кнiгай, запрашалi выступаць перад афiцэрскай, салдацкай аўдыторыяй. Вядома, кнiжныя, букiнiстычныя магазiны былi мае! Цiкавiла ў першую чаргу класiка, гiстарычныя раманы, кнiгi фiласофскага накiрунку, свяшчэннае пiсанне. Гэта значыць, тое, што прымушала думаць, суперажываць, настройвала на аптымiстычны лад. Да некаторых твораў звяртаўся зноў i па-iншаму iх успрымаў. Не было ў мяне такой кнiгi, якую б я не прачытаў, бо кожная заслугоўвае павышанай увагi. Тады, можа, i не ў кожнага, а ў мяне ўжо былi зборнiкi паэзii такiх папулярных аўтараў, як Хлебнiкаў, Лахвiцкая, любiмы Гумiлёў, якiя даваў чытаць сябрам, знаёмым, усiм, хто пажадае. Кнiга павiнна не залежвацца, а быць у пастаянным «руху». У мяне ёсць паэтычныя зборнiкi з аўтографамi Вазнясенскага, Еўтушэнкi, Аўрамчыка i iншых аўтараў.

Вядома, мне шмат дала грамадская праца, калi пасля дэмабiлiзацыi (у чыне маёра) я стаў на чале гарадскога клуба кнiгалюбаў. Тут i сустрэчы з паэтамi, пiсьменнiкамi, чытацкай аўдыторыяй.

— А як вам удалося пакласцi пачатак пушкiнскаму святу ў вёсцы Цялуша, як увогуле гэта адбылося?

— Ды ўсё атрымалася нечакана, а можа, да гэтага iшло, бо ў жыццi ёсць нейкая логiка. Было гэта ў 1979 годзе. Тады я служыў у палку сувязi ў Бабруйску. Неяк прыехалi на заняткi на палiгон у прыгарадную Дубаўку, як раптам адзiн салдацiк, якi ведаў пра мае захапленнi кнiгай, кажа: «У суседняй вёсцы, вунь бачны яе абсягi, пахавана ўнучка Пушкiна – Вельямiнава-Варанцова». Я ад такой навiны ледзь мову не страцiў: няўжо гэта так! Пакiнуў сваё падраздзяленне на старшыну, а сам пяшком пайшоў у Цялушу. Знайшоў тое месца: i сапраўды, на надмагiльнiку выведзена: «Тут пахавана Наталля Варанцова-Вельямiнава». Яна, як даведаўся ў мясцовых жыхароў, пераехала ў Бабруйскi павет разам з мужам, адстаўным афiцэрам, на ягоную радзiму. Аднак чаму пра гэта мала хто ведае? Ну i загарэўся iдэяй адкрыць пушкiнскае свята. Звяртаўся ў мясцовыя органы ўлады. Праз некаторы час выклiкалi ў райвыканкам: «Распачаў – працягвай! Якая дапамога патрэбна — мы акажам».

Вось з таго часу штогод, напярэдаднi дня нараджэння Пушкiна, у Цялушы праводзяцца паэтычныя святы. Яны апошнiм часам набылi размах: з’язджаюцца не толькi творцы паэтычнага слова, але i самадзейныя артысты, народныя ўмельцы... Сёлета свята пройдзе ў трыццаць першы раз.

— Леанiд Якаўлевiч, вы рэдкi энтузiяст кнiгi, чытацкага захаплення. Такiх яшчэ нядаўна ў горадзе было сотнi, тысячы. Аднак цяпер iх колькасць зменшылася, як i цiкавасць да кнiгi. Як лiчыце, з чым гэта звязана?

— Перш за ўсё з камп’ютэрызацыяй грамадства, iнтэрнетнымi захапленнямi, ды i разлом пасля 1991-га сказаўся… Многiя сферы «падселi», кнiжная справа не з’явiлася выключэннем. Хутчэй, яна падкрэслiла гэты спад. Аднак жа, думаю, за спадам будзе ўздым. Ён ужо адчуваецца. Пагутарыце з бiблiятэчнымi работнiкамi, яны вам аб гэтым скажуць. Праўда, хацелася б, каб гэты ўздым iшоў актыўней. Кнiга – гэта жывое, таямнiчае, яе нiшто не заменiць!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter