З выраю не ў рай

Пералётныя птушкі ў нашай краіне ад маразоў не пацярпелі

Пералётныя птушкі, якiя вярнулiся ў Беларусь, ад маразоў не пацярпелі.

— Гэта вельмі пластычныя істоты, якія хутка рэагуюць на змены надвор’я. Калі тэмпература паветра рэзка паніжаецца, яны адкачоўваюць на поўдзень, — кажа спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сямён Левы.

Паводле слоў спецыяліста, вясновы прылёт птушак звычайна расцягваецца на некалькі месяцаў. Першыя, якія зімавалі ў еўрапейскіх краінах, вяртаюцца ў канцы лютага, а апошнія прылятаюць з Афрыкі і Азіі ў маi. У нашай краіне на поўднi і паўднёвым захадзе ўжо былі заўважаны белыя буслы, шэрыя жураўлі, кнігаўкі, гусі і жаўрукі.

— Традыцыйна беларускія буслы на некалькі месяцаў адлятаюць у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, але ў апошні час тысячы гэтых птушак зімуюць у Партугаліі і на поўдні Іспаніі. Менавіта гэтыя буслы былі ўжо зарэгістраваныя на Брэстчыне, — дадае Сямён Левы.

Халоднае надвор’е стрымлівае птушак, і яны пакуль не вяртаюцца ў паўночна-ўсходнія і ўсходнія рэгіёны Беларусi. Але, як толькі пацяплее і на палях з’явяцца першыя праталіны, гусі, кнігаўкі, жаўрукі адразу ж туды прыляцяць. 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter