З творчым падыходам

Валянціна Пундзіс у сваіх родных Міёрах — чалавек вядомы

З творчым падыходам ставіцца да любой справы таленавітая міярчанка Валянціна Пундзіс

Валянціна ПУНДЗІС у родных Міёрах — чалавек вядомы. Яна заўсёды сярод людзей, на вачах, маладая, прыгожая, таленавітая, энергічная. Асоба творчая, гавораць пра яе. І не выпадкова, перш за ўсё таму, што Валянціна выдатна спявае. Як сама прызнаецца, гэтае захапленне даўняе, з дзяцінства. Спявала і ў школьныя гады, і ў час вучобы на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, і пасля яго заканчэння, калі працавала спачатку настаўніцай, затым метадыстам у раённым Доме культуры. Дый цяпер, калі ўжо гадоў з дзесяць займае пасаду спецыяліста па сацыяльнай рабоце, без удзелу Валянціны Пундзіс бадай ні адно культурнае мерапрыемства ў горадзе і раёне не абыходзіцца: яна і эстрадная салістка, і вядучая канцэртных праграм, і артыстка народнага тэатра мініяцюр. Плюс да таго — ініцыятар розных новых ідэй і пачынанняў. Да прыкладу, менавіта Валянціне належыць распрацоўка і стварэнне вобраза сімпатычнага дзядка-Балатавіка — своеасаблівага сімвала экалагічнага фестывалю «Жураўлі і журавіны», які летась упершыню з поспехам прайшоў на Міёршчыне, і надалей абяцае стаць традыцыйным.

Валянціна Пундзіс неаднойчы прадстаўляла раён і вобласць на песенных конкурсах і фестывалях, мае і пачэсныя лаўрэатскія званні. Адна з апошніх па часе перамог — першае месца ў намінацыі «Саліст эстраднага жанру» на абласным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці ўстаноў сферы сацыяльнай абароны.

Дарэчы, у дзейнасці тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Міёрскага раёна, дзе Валянціна працуе ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі і дзённага прабывання маладых інвалідаў, яе творчыя здольнасці таксама вельмі запатрабаваны. На думку кіраўніка ўстановы Алены Шамёнак, спецыялісты з такімі задаткамі менавіта тут асабліва неабходныя. Падтрымка добрага настрою, аптымізму, дапамога ў адаптацыі да складаных жыццёвых сітуацый, нарэшце, проста цеплыня і шчырасць звычайных чалавечых зносін вельмі важныя для наведвальнікаў і падапечных цэнтра — адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў, сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і іх бацькоў... Акрамя прадастаўлення ўласна сацыяльнай дапамогі ў цэнтры для іх рыхтуецца многа іншых мерапрыемстваў — ладзяцца дабрачынныя святы, праводзяцца тэматычныя лекторыі, клубныя сяброўскія пасяджэнні, афармляюцца мастацкія выстаўкі, працуюць творчыя студыі, майстэрня, камп’ютэрны салон.

Практычна ва ўсіх гэтых справах Валянціна нязменна ў складзе арганізатараў і ўдзельнікаў. Наогул, яна ўпэўнена, што менавіта праз творчасць чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі лягчэй за ўсё раскрыцца. Таму імкнецца для кожнага з тых, хто хоча да працэсу далучыцца, падабраць занятак найбольш даступны і спрыяльны. У прыватнасці, пад яе кіраўніцтвам восем маладых інвалідаў, падапечных цэнтра, асвойваюць вышыўку, ласкутнае шыццё, тэхніку габелена, выцінанкі, робяць сувеніры... І не без поспеху, якому Валянціна заўсёды шчыра радуецца, бо, поводле яе слоў, прыкіпела сэрцам і душой да гэтых асаблівых людзей.

...Захопленая любімай справай, яна нярэдка не зважае на нарміраваны працоўны дзень, пасля завяршэння вячэрніх мерапрыемстваў, бывае, пазнавата вяртаецца дамоў, дый у час хатніх гаспадарчых клопатаў, прызнаецца, часцяком працягвае «абмазгоўваць» справы працоўныя ці чарговую цікавую ідэю. Дамашнія такую спецыфіку разумеюць і даўно да яе прывыклі. Як гаворыць Валянціна, у яе сям’і ўсе — і муж, і сын, і тата — людзі таксама з творчым падыходам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter