З мовай мы мацакi, а без яе...

Чаму мы, беларусы, недаацэньваем роднае слова?

Чаму недаацэньваем роднае слова?

Памятаю, вярталiся са службы ў армii. Праз усю Расiю сутак дзесяць трэслiся ў вагонах. I вось першы прыпынак на беларускай станцыi Орша. Як выйшлi на перон – родная гаворка, здаецца, стаяў бы i слухаў яе!

Ды як бы мы, беларусы, нi прыхоўвалiся, усё роўна нас адрознiваюць па гаворцы, асаблiвым вымаўленнi галосных i зычных. Аднак жа гэта нiколькi не бракуе нашай мове, яна прывабная, мiлагучная, а якiя адметныя словы – жыта, водар, блакiт i iншыя, захапленне выклiкаюць! Не дзiва, наша мова адна з самых старажытных, на ёй размаўлялi такiя вядомыя асветнiкi, як Скарына, Будны, Цяпiнскi. Была дзяржаўнай у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. А як удасканалiлi яе, садзейнiчалi яе развiццю песняры Якуб Колас i Янка Купала, як вытанчана карысталiся ёю Янка Брыль, Уладзiмiр Караткевiч i iншыя майстры слова.

Адным словам, ёсць чым ганарыцца. Толькi чаму апошнiм часам мы да роднай мовы не як да мацi ставiмся, а як да мачахi, знiзiлi да яе цiкавасць? Мне думаецца, пачалося гэта не сёння i не ўчора, а значна раней. Нашу мову пастаянна гнулi: “акраiнная”... Збiралiся ў камунiзм, а там – аднамоўе, зноў непатрэбная. Некаторыя так i цяпер разважаюць, а цi правiльна? Мова ж адно з асноўных вызначэнняў нацыi. Не будзе яе – мы нiхто, размытыя... Цi дазволiлi б такiя адносiны тыя ж украiнцы цi жыхары Прыбалтыйскiх краiн? Нi ў якiм разе! У iх высока развiта пачуццё свайго, нацыянальнага, чаго, на вялiкi жаль, у нас няма... Ды я не пра ўсiх так кажу, многiя за сваю мову – гарой! Памятаю, у Бабруйску адкрылася фiрма “Вiцына”, якую ўзначалiў Сяргей Лiхадзiеўскi. Дык вось усе назвы ў фiрме былi па-беларуску, яе кiраўнiк размаўляў на роднай мове i работнiкаў прывучаў. “А чаму я, беларус, — казаў, — павiнен цурацца роднай мовы? Яна заўжды са мной. Гэта не якоесьцi дзiвацтва, самарэклама – унутраная патрэба, маё глыбокае перакананне!”

Як вы засвойвалi мову, у якiх умовах? – пацiкавiўся я ў Лiхадзiеўскага.

— У самых звычайных, — адказваў ён, — ля таты, мамы, сельскiх жыхароў, што ў Глускiм раёне. Вучыўся ў мараходцы, але i там родную мову не забываў. Наадварот, дзе, як не на чужыне, адчуваеш яе па-сапраўднаму? Мы, беларусы, якiх сярод маракоў было нямала, цiкавiлiся навiнкамi беларускай лiтаратуры. Чыталi i перачытвалi. Трэба проста зразумець, што з мовай мы мацакi, а без яе — слабакi...

Вось i цяпер, бываючы на вытворчай фiрме “Барро”, люблю пагутарыць з яе кiраўнiком Васiлём Баранчуком, якi з лёгкасцю пераходзiць на беларускую мову, многiя тут настроены менавiта на такiя адносiны да роднага слова. I гэта не можа не ўзрадаваць, абнадзеiць.

Вось што расказвае мой знаёмы: “Жонка руская, а сын так любiць чытаць па-беларуску!” Мае суседзi па дачы часта заходзяць: “Дайце што-небудзь пачытаць на роднай мове”. Вунь мае калегi-“рэспублiканцы” Мiхась Шыманскi, Мiкола Ждановiч, Вiталь Фёдараў i пiшуць, i размаўляюць на роднай мове.

Ды многiя гатовы азвацца родным словам, трэба толькi сур’ёзна, зыходзячы з сiтуацыi, заняцца моўнай праблемай. Пачынаць з сябе, са сваёй сям’i, калег па працы. Школа павiнна рашуча пераарыентавацца, дашкольныя ўстановы — тым болей. Трэба павялiчваць колькасць беларускамоўных выданняў. Ды i ў тых часопiсах, газетах, якiя выходзяць цяпер, больш прадастаўляць месца для публiкацый на беларускай мове. Толькi газета “Звязда” не здрадзiла роднаму слову, як выходзiла на беларускай мове, так i выходзiць. Нямала матэрыялаў на роднай мове друкуецца ў “Рэспублiцы”, хаця, можа, хацелася б i болей. Вядома, адным махам праблему не вырашыш. Аднак крокi ў гэтым кiрунку павiнны быць больш рашучыя, наступальныя.

Тым больш назвы населеных пунктаў, дарожныя абазначэннi ў нас па-беларуску. На аўтавакзалах, чыгуначных станцыях iнфармаванне пасажыраў вя-дзецца на роднай мове. Нядаўна быў у адной з вайсковых часцей: назвы пакояў, кабiнетаў, памяшканняў i гэтак далей – па-беларуску. А колькi ў нас лiтаратуры выходзiць на роднай мове – значыць, мы яе не вынiшчылi, жывая!

Дык якая перспектыва нашай мовы? Мне здаецца, рана цi позна мы да яе звернемся, дадзiм, як кажуць, поўны ход. Дык а iншага шляху няма: мова, на якой не размаўляюць, мёртвая, а з ёю “затушуе” сябе i народ. Такое цяжка ўявiць сабе, i гэтага нiхто не дапусцiць!

...Слухаю, як вымаўляе свае першыя словы мая ўнучка: “во”, “дзе”, “не” – чыста па-беларуску. Здаецца ж, яе нiхто не вучыў – значыць, роднае слова глыбока ў нас! Яно ёсць i будзе, дайце толькi яму волю, разгон!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter