Як прыгрэць змяю ў вагоне

Змеі і пітоны, якіх знялі з цягніка Кіеў — Санкт-Пецярбург, зараз знаходзяцца ў зоамагазіне
Змеі і пітоны, якіх знялі з цягніка Кіеў — Санкт-Пецярбург, зараз знаходзяцца ў зоамагазіне. Незвычайны груз, што знайшлі гомельскія мытнікі ў пункце кантролю «Цяруха», прабудзе тут да рашэння суда.


«Перад аглядам вагона нашы работнікі, як водзіцца, рэкамендавалі пасажырам і правадніцы запоўніць дэкларацыі. Правадніца ад прапановы адмовілася, маўляў, «у мяне толькі асабістыя рэчы». Але адчувалася: яна вельмі хвалюецца», — расказвае падрабязнасці справы Вячаслаў Даймінскі, прадстаўнік прэс-службы Гомельскай мытні.

Цягнік Кіеў — Санкт-Пецярбург даўно зарабіў нядобрую славу «кантрабанднага», таму даглядаюць яго асабліва ўважліва. І вось у адным з вагонаў у праёме столі мытнікаў чакаў сюрпрыз — некалькі абматаных скотчам скрынак. А ў іх гарэлка, біжутэрыя і, нарэшце, змеі.

«Уявіце, адкрываюць мытнікі адну са скрынак, а там два палатняныя мяхі. Адзін з іх пагрызены, і з яго тырчаць галовы амерыканскіх пітонаў, якіх тут было ажно шэсць, — працягвае спецыяліст. — Ускрылі другую — а там столькі ж малочных змей. Скрынка, дарэчы, была вельмі маленькая, і тое, што паўзуны ў ёй не задыхнуліся, дзіва».

Гаспадыню тавару вызначылі хутка: ёй аказалася правадніца. Але вось навошта грамадзянцы Украіны гэткі груз, дакладна патлумачыць жанчына не змагла. Сказала толькі: «Везла ў якасці перадачы». Куды і адкуль, не прызналася.

Незвычайны тавар мытнікі адразу ж адвезлі ў гомельскі зоамагазін.

— Патэлефанавалі, запыталі, ці можна прывезці паўзуноў. Мы пагадзіліся, тым больш што ў нас зараз працуе невялікая выстава, дзе прадстаўлены змеі і павукі, — кажа Канстанцін Савосцін, супрацоўнік магазіна.

Навасёлы крыху падмерзлі, таму іх адразу ж адправілі ў тэрарыум з падагрэвам. Зараз госці адчуваюць сябя добра і знаходзяцца на каранціне ў дапаможным памяшканні. Калі з іх станам ўсё будзе добра, то дзён праз дзесяць паўзуноў таксама ўключаць у экспазіцыю.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter